Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Сырароб-майстар Пастаўскага малочнага завода Ніна Барсук атрымала медаль «За працоўныя заслугі»

Сваю ўзнагароду сырароб-майстар Пастаўскага малочнага завода Ніна Барсук атрымала адначасова  з дырэктарам ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыем Шымчыкам. І, як падкрэсліла, медалём «За працоўныя заслугі»  адзначылі не толькі яе працу, але і ўсяго калектыву яе брыгады і нават прадпрыемства ў цэлым.

–Адзін у полі не воін. Каб беларусы і жыхары іншых краін мелі на стале карысную і смачную малочную прадукцыю, шчыруюць многія людзі – тыя, што даглядаюць кароў і пастаўляюць на прадпрыемства якаснае малако, яго перапрацоўшчыкі, – адзначыла Ніна Барсук. – На нашым заводзе ў вытворчым працэсе занята больш за 500 работнікаў, і толіка працы кожнага ёсць у малаку і кефіры, смятане і масле, сырах. Дарэчы, сыры – наш асноўны прадукт, якога выпускаем за год каля 8 тысяч тон. За 23 гады, што адпрацавала на розных участках прадпрыемства, заўсёды побач былі і ёсць людзі адказныя, якія стараюцца, каб прадукцыя палюбілася спажыўцам, і ганарацца тым, што гандлёвая марка «Паставы-гарадок» сёння вядомая ў свеце.

Ганарыцца і яна, што працуе на такім прадпрыемстве, што побач людзі, на якіх можа паспадзявацца як на працы, так і за сценамі завода. Яна, жонка ваеннага, пакалясіла за мужам па прасторах былога Савецкага Саюза. Далёка не ва ўсіх гарнізонах мела магчымасць уладкавацца на працу, тым больш па спецыяльнасці. Калі аселі на Пастаўшчыне, выбрала малаказавод, пра які чула добрыя водгукі.

– Прыйшла простай рабочай, – расказала Ніна Барсук. – Але не трэба думаць, што ад такога работніка патрабаваліся толькі фізічная сіла і выкананне простых абавязкаў. Ужо тады завод быў аснашчаны сучасным па тым часе абсталяваннем. Рабочы абавязаны быў ведаць тое, на якім працаваў, умець рэгуляваць яго, ухіляць простыя няспраўнасці. Далей больш. Прадпрыемства ў пастаянным працэсе мадэрнізацыі. Бадай, на кожнай аперацыі вытворчасці задзейнічаны аўтаматы, камп’ютары, праграмамі якіх трэба валодаць. Вось і думайце, хто цяпер рабочы. Па прафесіянальнай падрыхтоўцы ён хутчэй спецыяліст сярэдняга звяна.

Ніна Барсук дасканала асвоіла шэраг аперацый вытворчага працэсу. Ведае, як гатаваць смачныя кефір, тварог. Дарэчы, першае прызнанне калектыву атрымала менавіта на вырабе апошняга. Здаецца, тэхналогія яго гатавання аднолькавая для ўсіх змен. А ў сырароба-майстра ён атрымліваўся заўсёды смачнейшы. Пастаўскія пакупніцы толькі па ім вядомых крыніцах ведалі, калі ў магазіны трапіць прадукцыя з яе змены, і ў той дзень адпраўляліся за дэсертам «Лакомка» .

Не шкадуе станоўчых эпітэтаў, характарызуючы жанчыну, дырэктар прадпрыемства Георгій Касцень. Кажа, што яна «гарыць» інтарэсамі калектыву, умее раскрыць магчымасці чалавека і выкарыстаць там, дзе ён прынясе максімальна карысці. Умее тактоўна падказаць, што маладому работніку трэба змяніць у характары, чаму павучыцца ў таварышаў. Яна з тых, хто складае касцяк калектыву, вызначае яго магчымасці. Цяпер адказвае за дробную фасоўку сыру. Не палічыце, што гэта простая і не такая адказная, як само гатаванне прадукту, аперацыя. Яна – апошні штрых вытворчага працэсу.

Дробную нарэзку сыру, найбольш запатрабаваную пакупніком, на заводзе нарошчваюць з года ў год. Для гэтага тут набылі сучасную лінію, дзе гэта робяць аўтаматы. Толькі працэс па-ранейшаму адбываецца з удзелам чалавека. Работнікі сочаць, каб машыны не нарабілі браку: каб вага дакладна адпавядала заяўленай, каб не была парушана вакуумная ўпакоўка. А яшчэ ім трэба паспець на кожны кавалачак у 150, 180 і 200 грамаў наклеіць этыкетку, па якой пакупнік можа даведацца пра вытворцу, пра тое, калі выпушчаны прадукт, пра яго іншыя характарыстыкі.

– У маёй змене 10 чалавек. Большасць – маладыя работнікі. Як на сябе, магу паспадзявацца на Людмілу Крываклякіну, Валянціна Дубовіка, Ганну Шлапо, Валерыя Пякарскага, Уладзіміра Смільгіна, Аляксандра Шырневіча, Рэгіну Дзеравягіну. Усе на заводзе людзі – паважаныя. Мы ганарымся, што працуем на такім вядомым у краіне прадпрыемстве, дзе клапоцяцца не толькі пра мадэрнізацыю вытворчасці, павелічэнне аб’ёмаў выпуску прадукцыі, але і пра ўмовы для работнікаў. Ручная праца зведзена да мінімуму, кожны мае прыгожую рабочую форму, сярэдняя заработная плата дасягнула амаль 2 тысяч рублёў, а да яе – розныя сацыяльныя гарантыі па калектыўным дагаворы. Рабочы чалавек паважаны, запатрабаваны, і яго праца цэніцца людзьмі і дзяржавай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ