Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экономика

“Браслаўрыба” будзе пастаўляць сваю прадукцыю на рассійскі рынак да 2017 года

У прадпрыемстваў, як і ў людзей, свае лёсы. Адны на працягу ўсёй гісторыі працуюць стабільна, развіваюцца і нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці, іншых кідае, нібы па хвалях мора ў шторм. Да ліку апошніх можна аднесці калектыў на сённяшні дзень філіяла Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната “Браслаўрыба”. Як ніхто іншы ў рэгіёне ён зведаў наступствы рынкавых адносін, перапрафілявання, падпарадкавання і перадпарадкавання, узнімаўся і падаў. І кожны раз імкнуўся выжыць, утрымацца на плыву. Цяпер пасля апошняга такога падзення, калі на прадпрыемстве засталася адна брыгада апрацоўшчыкаў рыбы, калектыў зноў узнімае галаву, распрацоўвае новыя віды прадукцыі, імкнецца зменшыць іх кошт, знаходзіць рынкі збыту кансерваў, па меры сіл вядзе мадэрнізацыю вытворчасці. Але пра ўсё па чарзе.

– Наша асноўнае багацце – людзі,– першае, што я пачула ад кіраўніцтва прадпрыемства. Людзі зацікаўлены ў захаванні прадпрыемства, бо нягледзячы на розныя калізіі, не сышлі, разам перажылі ўсе цяжкасці. У іх ліку Альдона Петрашкевіч, якая 40 гадоў таму пасля школы прыйшла працаваць у тады яшчэ рыбгас апрацоўшчыцай рыбы. І сёння, атрымаўшы права на пенсію, працягвае займацца гэтай работай, не саступае маладым работнікам. Дзясяткамі гадоў вымяраецца стаж апрацоўшчыц Жанны Панцялейка, Вольгі Лысовай, загадчыцы лабараторыі Ліліі Шульга і іншых. Па ўзросце палова калектыву – ветэраны, палова – новыя кадры, якія паспяхова асвойваюць прафесію. Сярод іх у апошні час вызначыўся слесар Дзмітрый Марозаў. За кароткі тэрмін рабочы вырас з трэцяга да пятага разраду, можа самастойна адрамантаваць любы механізм на перапрацоўчых лініях, за што да прафесіянальнага свята адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама.

Баланс вопыту і энергіі робіць прадпрыемства прафесіянальна моцным, накіраваным на адну мэту – дабіцца стабільнасці ў рабоце.

У калектыва “Браслаўрыба” ёсць яшчэ адна асаблівасць, якая прама і вельмі ярка характарызуе яго актыўнасць і з’яднанасць. Ніводнае раённае масавае мерапрыемства не праходзіць без яго ўдзелу. На турыстычным злёце, у лесе на “Дзень грыбніка”, на спартыўных спаборніцтвах, на сцэне РДК каманда прадпрыемства заўсёды ў ліку першых. Магчыма, таму і не спраўдзіліся сумненні кадравай службы, што сфарміраваць трэцюю брыгаду па перапрацоўцы рыбы будзе цяжка. На аб’яву адгукнуліся многія браслаўчане. У пачатку снежня новы калектыў з 23 чалавек прыступіў да работы. Цяпер ідзе набор у чацвёртую.

Такія імклівыя змены адбываюцца тут з восені. На расійскім рынку знойдзены спажыўцы браслаўскіх кансерваў, з якімі заключаны дагавор на пастаўку да 1 верасня 2017 года. Па дакументах кошт на іх будзе вызначацца зыходзячы з сітуацыі на рынку на дзень адгрузкі кожнай партыі.

А гэта новыя кансервы з кавалачкаў ласося, фарэлі, сёмгі, якіх расійскі бок гатовы купляць па мільёну бляшанак у месяц. А да іх яшчэ і традыцыйныя “Кількі ў тамаце”.

Дарэчы, тэхнічныя ўмовы па вырабе новых відаў прадукцыі распрацавалі ў лабараторыі прадпрыемства. Займаецца гэтай адказнай справай тэхнолаг Алена Барткун – выдатны спецыяліст і адказны чалавек. На яе рахунку дзясяткі ТУ, на частку якіх ужо атрыманы сертыфікат адпаведнасці, у тым ліку на кількі з яблыкамі, саджалкавую і азёрную рыбу ў жэле... Алена асабліва ганарыцца тым, што на этыкетках іх кансерваў не знойдзеш кампанентаў з Е, бо яны выпускаюцца па традыцыйнай тэхналогіі без прымянення ўзмацняльнікаў смаку, фарбавальнікаў, кансервантаў.

– “Той самы смак”– гэта пра нас,– гаворыць яна.

На прадпрыемстве гатовы выпускаць да 60 новых відаў кансерваў, адмаўляючыся ад незапатрабаваных і павялічваючы тыя, што маюць попыт у пакупніка. Сёння гэта вырабы з чырвонай рыбы. Іх у лістападзе адгрузілі ў Расію 460 тысяч бляшанак, у снежні плануюць 600 тысяч.

Маркетынгавая служба пастаянна адследжвае каньюктуру рынку, вывучае вопыт асваення новых тэрыторый для збыту прадукцыі прыбалтыйскімі суседзямі. Пробная партыя шпротаў адпраўлена ў адпаведную службу на атрыманне права на выпуск. Па меркаванні работнікаў лабараторыі, яны атрымаліся па не горшыя за прыбалтыйскія і расійскія.

Сярод станоўчых змен і мадэрнізацыя вытворчасці. Паспяхова эксплуатуюцца дзве закатачныя машыны, дазатар соусу, паведміла начальнік вытворчасці Вольга Баравік. Зманціраваны і чакаюць свайго часу сучасныя аўтаклавы. Тут спадзяюцца, што ў 2015 годзе будзе зроблена яшчэ больш.

Ёсць істотныя зрухі ў змяншэнні складскіх запасаў прадукцыі. Спецыялісты мяркуюць, што ў наступным годзе забяспечаць станоўчае сальда знешняга гандлю.

Тамара Пашкевіч.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ