Праграма насычана рознымі мерапрыемствамі і пачнецца па традыцыі са спаборніцтваў па збору журавін. Ужо выказалі жаданне паспрачацца ў гэтай справе каля дзесяці каманд. Тую, што прынясе з балота найбольш ягад, чакае сюрпрыз.
У дзень фестывалю на паўвостраве адбудзецца канцэрт лепшых мастацкіх калектываў Міёршчыны. Будуць падведзены вынікі ў добраўпарадкаванні, адзначаны лепшыя працоўныя калектывы, гаспадары сядзіб, старэйшыны. Падвор’і здзівяць наведвальнікаў багатым ураджаем роднай зямлі, мастацкім густам і дызайнерскімі падыходамі да афармлення тэрыторыі, смачнай ежай. А для тых, хто пажадае засвоіць гатаванне рэдкіх, а часам і паўзабытых страў, майстар-клас правядзе клуб беларускай нацыянальнай кухні «Цвецінскія прысмакі».
Абавязковая ўмова – выкарыстанне журавін. Менавіта з гэтай ягадай будуць прапаноўваць удзельнікам фестывалю сваю прадукцыю мясакамбінат і хлебазавод, прадпрыемства грамадскага харчавання спажывецкага таварыства, гаспадыні падвор’яў.
Пра свята, прыгажосць роднай зямлі раскажа відэапрэзентацыя «Подых Ельні». Да паслуг тых, хто захоча паназіраць за жураўлямі, зрабіць здымкі, – аўтобус, які адвязе на аглядальныя пляцоўкі. Там будуць праводзіць экскурсіі прафесіянальныя арнітолагі.
Адным словам, свята абяцае стаць незабыўным, напоўненым прыемнымі эмоцыямі, багатым на сустрэчы і знаёмствы.
Дарэчы
Англійская назва журавін (сranberry) у перакладзе азначае «жураўліная ягада». Спелыя журавіны падскокваюць, калі падаюць на цвёрдую паверхню. Шэры журавель – адна з самых буйных птушак. Мае рост да 140 см, размах крылаў больш чым 2 м. Ствараюць пару на ўсё жыццё. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.