У Пастаўскім раёне ўвялі ў экплуатацыю сістэмаўтваральную падстанцыю на 330 кВ «Паставы», будаўніцтва якой вяла Паўночнакітайская электраэнергетычная праектная кампанія (NCPE) з прыцягненнем у якасці субпадрадчыкаў вялікай колькасці беларускіх арганізацый.
Намеснік генеральнага дырэктара Сюэ Даньфэн, які прымаў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, адзначыў, што гэта быў паспяховы сумесны вопыт, які замацаваў супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю ў галіне энергетыкі. Падстанцыя «Паставы» аб’яднала энергасістэмы трох абласцей: Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай. Да таго ж яна адзіная ў краіне, куды праведзена 7 ліній электраперадачы на 330 кВ, у тым ліку 2 з іх будуць звязаны з Беларускай АЭС.
Сваю ацэнку аб’екту і выкананым работам даў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык. Пабудаваная падстанцыя, адзначыў ён, з’яўляецца ключавой для айчыннай энергасістэмы, павышае надзейнасць і эфектыўнасць яе работы. На гэтым аб’екце асвоена больш за 40 млн долараў. Закуплена і ўстаноўлена самае сучаснае тэхналагічнае абсталяванне вядучых сусветных кампаній. Менавіта гэта падстанцыя запланавана як базавая для міждзяржаўнага транзіту паміж энергасістэмамі Беларусі і Літвы.
На будаўніцтве аб’екта ўпершыню ў краіне былі выкарыстаны апоры вышынёй 64 метры (у «рост» 20-павярховага дома), што дазволіла паветраным лініям электраперадачы прайсці над ляснымі масівамі і выключыла пагрозу аварый, звязаных з падзеннем дрэў. Да таго ж з 60 да 18 метраў скарацілася шырыня лясных прасек, у выніку чаго захаваны 135 гектараў лесу.
Абслугоўваць падстанцыю «Паставы» будуць каля двух дзясяткаў чалавек.
Фото из открытых источников