Пабываць у вёсцы з назвай, якая нагадвае ці не найбольш распаўсюджаную мянушку верных сяброў чалавека, выпала ў самы кароткі дзень 2017-га. Зрэшты, яна маленечкая – адна жылая хата, з паўдзясятка «дачных» і, як паведамляе дакументальная хроніка «Памяць. Лёзненскі раён», непадалёк ад могілак – брацкае пахаванне савецкіх воінаў, загінуўшых пры вызваленні гэтых мясцін.
Любоў Маркава з Маргошай
Зімой тут пануе касмічная ціш. Аднак на першым падворку нас з кіраўніком справамі Лёзненскага сельвыканкама Марынай Фалібога-Петуховай брэхам прывітаў навязаны каля будкі шустры вартаўнік. Аказалася, Шарык! Калі вёска Шарыкі з’явілася ў гэтым кутку Лёзненшчыны і чаму так завецца, невядома.
Адзіная сённяшняя жыхарка – 87-гадовая пенсіянерка Антаніна Маркава – родам з суседніх Кляўцоў, сюды ж у 1949-м выйшла замуж. Нічога не дадала і карэнная шарыкаўская (так клічуць тутэйшых гадаванцаў насельнікі суседніх вёсак) Зінаіда Гудым, зараз памочнік выхавальніка ў адным з дзіцячых садкоў абласнога цэнтра, да якой удалося дазваніцца па тэлефоне. Нават ва ўсёведным сеціве наконт паходжання Шарыкаў з лёзненскай глыбінкі – ні гу-гу.
Расчуленая нашым нечаканым візітам Антаніна Кузьмінічна распавяла, што раней тут налічвалася каля 20 падворкаў, да Вялікай Айчыннай вайны працавала школа. Падчас баёў з фашыстамі Шарыкі, як і ўсё наваколле, былі ўшчэнт спалены. У 1943-м немцы пры адступленні «пагналі людзей у бежанцы», і Антаніне Кузьмінічне з маці пасля вызвалення давялося вяртацца ў родныя мясціны з Гродзеншчыны.
Пасля вайны, кажа, была страшэнная нішчымніца, пасаг, калі сабралася замуж, змясціўся ў сціплай скрыначцы. Хату з мужам будавалі самі, «нялёгка яна далася». Аляксандру Фёдаравічу як інваліду вайны ваенкамат адпусціў 10 кубаметраў лесу ажно ў Рубе.
Сем гадоў назад былы камандзір аддзялення роты аўтаматчыкаў 26-га асобнага цяжкага танкавага палка 21-й арміі 1-га Украінскага фронту, а за мірным часам механізатар-перадавік Аляксандр Маркаў памёр. У яго так і засталіся асколкі ў галаве, якімі яго цяжка параніла ў Польшчы незадоўга да Перамогі. Ён быў узнагаро-джаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны, двума медалямі «За адвагу» і іншымі.
Антаніна Кузьмінічна за 40 гадоў у калгасе заслужыла медаль «Ветэран працы». Толькі за плугам не давялося хадзіць, а так усё ручное ўмельства адолела ў паляводстве і жывёлагадоўлі, нават лес рэзала. Здароўе зараз не надта, з пенсіі шмат даводзіцца траціць на лекі.
Хаця з цягам часу частка шарыкаўскіх перабралася ў больш буйныя Кляўцы, моладзь раз’ехалася па гарадах, а дачнікі з’яўляюцца на радзіме ўлетку, бабуля Антаніна не самотная. Сын Міхаіл і дочкі-пенсіянеркі Любоў, Зінаіда, Мая жывуць у Віцебску.
Выраслі сем унукаў, тры праўнучкі, ужо ёсць прапраўнук. Як аўдавела, нашчадкі прапаноўвалі перабрацца да іх у горад, але засталася вернай сваёй хаце. Яны ж часта прыязджаюць сюды, і не толькі пагасціць: прыбіраюць у хаце і на падворку, улетку на 25 сотках вырошчваюць бульбу, да зімы дроў удосталь нарыхтавалі. Водакалонкі няспраўныя, калодзеж хаця і не замярзае, але далекавата, таму вады сын заўсёды наносіць з запасам. Увосень ад мясцовага сельгас-прадпрыемства яе прывозілі ў бочцы, а зараз на «тэхнічныя» патрэбы можна і снегу натапіць. Урача бабуля выклікае па тэлефоне.
Антаніна Маркава
Да Лёзна каля 20 км. Аўтобус ходзіць да Кляўцоў, яшчэ з кіламетр – і Шарыкі. Калі дарога ачышчана ад снегу, аўталаўка двойчы на ты-дзень падрульвае да самай хаты Антаніны Кузьмінічны. Яна купляе прадукты для сябе, Шарыка і кошкі, «якую ніяк не завуць – проста кошка», крупы для вераб’ёў, сініц і снегіроў. «І пшаніцу сыпала, бо яны ж, маленькія, па холадзе есці шукаюць». Птушкі любяць сядзець на старых яблынях, за якія гаспадыня дагэтуль удзячна колішняму старшыні калгаса – «сільна харошаму валагодскаму чалавеку Пагодзіну», які закупляў са-джанцы і даваў людзям.
– Тэлевізар, як не стала майго дзеда, ні разу не ўключала – не хачу. Умею і люблю вязаць, ды рукі ўжо не слухаюцца. Газету «Друг пенсионера» чытаю, – кажа Антаніна Кузьмінічна.
Шарыкаву сяброўку Маргошу час ад часу прывозіць дачка гаспадыні Любоў Аляксандраўна. Чатырохногая віцебская модніца зазвычай сядзіць у хаце, а калі і выбіраецца падурэць за кампанію, дык абавязкова апранутая ў стылёвае сабачае адзенне. Вядома, гарадская.
Неяк леташняй зімой Любоў Аляксандраўна, пачуўшы трывожны брэх Шарыка з Маргошай, убачыла за меліярацыйным каналам трох ваўкоў. Шэрыя драпежнікі крыху пацікавалі за ўзрушанымі дваровымі супляменнікамі і сышлі. Можа, назва Шарыкі паходзіць ад слова «шэры», як, дарэчы, і аднакарэнныя назвы лёзненскіх вёсак Шэркіна і Шарава, што ўжо не існуе?
Любоў Аляксандраўна, колішні дыспетчар і касір аўтапарка, на заслужаным адпачынку нярэдка «дзяжурыць» на роднай сядзібе, нават верш склала пра шарыкаўскае жыццё-быццё. Ёсць там і такія радкі:
Зимою за окном – то дождь, то вьюга,
Которой волком хочется завыть.
Зима, зима, давнишняя подруга,
Не в силах я что-либо изменить...
Затое Антаніна Кузьмінічна, нягледзячы на перажытыя нягоды і ўзрост, – непапраўная вясковая аптымістка:
– Улетку тут весялей – вяртаюцца на пабыўку суседка, таксама старэнькая, і яшчэ адна жанчына-пенсіянерка. Наведвалі мяне старшыня сельсавета, з саўбеса жанчына, участковы і пажарны. Паштальёнка дастаўляе пенсію і газету. Хаджу па двары, па садзе, частую птушак. І на Новы год адна не сяджу!
Фота Галіны ШПАКОЎСКАЙ.