Сярод іншых сацыяльна значных аб’ектаў Гарадка да заканчэння капітальнага рамонту рыхтуецца і гарадскі Дом культуры.
Падрадчык — акцыянернае таварыства «Віцебскгандальбуд». Працы пачаліся сёлета ў студзені, але апошнім часам іх інтэнсіўнасць значна вырасла. Справа відавочна ідзе да завяршэння. Зроблены рамонт даху, старыя вокны ў кабінетах заменены на сучасныя шклопакеты.
Значна палепшыўся інтэр’ер, у глядзельнай зале з’явяцца новыя крэслы (старыя часткова спісалі, рэшта пойдзе ў сельскія дамы культуры), сучаснае гука- і светлавое абсталяванне сцэны. Радуе вока плітка ў фае, сцены, пафарбаваныя ў прыемныя адценні.
Наваселле стане добрым падарункам для дырэктара Дома культуры Андрэя Кандратовіча (на фота), які ў верасні адзначыць 35-годдзе (!) знаходжання на пасадзе. Жартуе, што будаўнікі павінны паспець да юбілею, бо на гэта іх раз за разам нацэльваў у час апошніх наведванняў установы кіраўнік вобласці Аляксандр Косінец, які трымае аб’ект пад пільным кантролем. Падрадчыкі працуюць у дзве змены, як могуць, дапамагаюць ім і супрацоўнікі, у тым ліку дырэктар.
Але нават у такіх не вельмі спрыяльных умовах не спыняецца дзейнасць калектываў мастацкай самадзейнасці (а іх тут 17, у тым ліку тры народныя), многія з якіх будуць выступаць і на пляцоўках «Дажынак». Тут і дзіцячыя гурткі, і цудоўны клуб ветэранаў «Кацюша» і адроджаны вакальна-інструментальны ансамбль, многія з удзельнікаў якога таксама пенсійнага ўзросту. Карацей кажучы, гарадоцкім творцам будзе чым прыемна здзівіць шматлікіх гасцей свята працаўнікоў вёскі.