Яго арганізатарамі сталі ўпраўленне спорту і турызму аблвыканкама, Лепельскі райвыканкам, ООО «РайдаТур», каардынатар зялёнага маршруту «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў» Вольга Маханенка, грамадскія арганізацыі.
Увогуле, гэтая добрая, як лічыцца на Лепельшчыне (згодна паданню, цмокі тут жылі ў ладзе і згодзе з людзьмі, асабліва абаранялі дзяцей і шанавалі сем’і), пачвара сабрала прыхільнікаў міфалогіі як часткі традыцыйнай культуры ўжо ў другі раз. Сёлета ж свята набыло статус міжнароднага: не толькі землякоў, але і прадстаўнікоў Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Славакіі і нават Кітая шчыра вітала запаведная зямля. Дарагіх гасцей сустракалі традыцыйна – велічальнымі песнямі і хлебам-соллю. На ўрачыстым адкрыцці фестывалю ва ўтульным куточку гарадскога парку, які з 2013 года, калі тут была ўстаноўлена першая на Беларусі выява міфічнай пачвары, так і называецца – урочышча Цмока, з прывітальным словам звярнуўся да ўдзельнікаў і гасцей старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў. Ён назваў фестываль добрай і значнай падзеяй у жыцці рэгіёна. Бо міфалогія аб’ядноўвае многія культуры свету, а падобныя істоты жывуць на працягу тысячагоддзяў у легендах і паданнях розных краін. У Беларусі гэта Цмок, у літоўцаў – Айтварас, у палякаў – Вавельскі Цмок, у латышоў – Пукіс, у рускіх – Змей Гарыныч, у кітайцаў – Дракон...
– Упэўнены, што наш фестываль будзе садзейнічаць развіццю дружбы і супрацоўніцтва, – падкрэсліў Барыс Сяргеевіч, – а дзякуючы вось такому арыгінальнаму турыстычнаму брэнду Лепельшчыны, якім стаў Цмок, сюды яшчэ не раз завітаюць госці з блізкага і далёкага замежжа.
Намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Дар’я Мацкевіч зусім невыпадковым назвала той факт, што для правядзення міжнароднага фестывалю выбрана Лепельшчына. Сёння раён займае другое месца ў вобласці пасля Віцебска па экспарце турыстычных паслуг. Далёка за межамі краіны вядомы знакамітыя мясцовыя здраўніцы, экалагічныя і турыстычныя аб’екты – ваенны санаторый, ДРОЦ «Жамчужына», Бярэзінскі запаведнік і іншыя, тут створаны кластар аграсядзіб. А маршрут «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў» адным з першых у краіне быў уключаны ў еўрапейскую зялёную сетку.
Намеснік начальніка Нацыянальнага камітэта па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Рыгор Памеранцаў выказаў надзею, што сёння і лепельчане, і іх госці стануць сведкамі нараджэння новай традыцыі і яшчэ не раз наведаюць гэты дзіўны куточак беларускай зямлі.
Парадавалі гледачоў выступленні знакамітых творчых гуртоў. Музычна-этнаграфічны калейдаскоп прадставіў фальклорны калектыў студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры з Мінска. З музыкай продкаў знаёміў гурт «Стары Ольса», з музыкай часоў Агінскага – «Trio de Vilna» з Вільнюса, з этна-рокам – гурты «Рокаш» і «Вурай». Студэнты Пекінскага аб’яднанага ўніверсітэта падрыхтавалі прэзентацыю «Дракон у традыцыях кітайскай культуры». Сяброўскія імпрэзы прывезлі добрыя суседзі лепельчан з Докшыцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. У танцавальнай лагчыне госці фестывалю ўдзельнічалі ў майстар-класах па народных танцах, песнях, гульнях, знаёміліся з экатэхналогіямі вырабу прадметаў побыту, сувенірнай прадукцыяй, нацыянальнымі стравамі. У «Даліне майстроў» разгарнуліся выставы-продажы вырабаў рамеснікаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Кітая. На «Кулінарным востраве» шэдэўры народнай кухні дэманстравалі прафесіянальныя повары, гаспадары аграсядзіб і проста ўвішныя гаспадыні. Асобная праграма была падрыхтавана для малечы на «Дзіцячым пагорку». Аматары адпачынку на вадзе змаглі праехаць па Лепельскім возеры на кацеры, трамвайчыку і нават старажытнай драўлянай ладдзі, якая спецыяльна прыбыла з Пастаў. На «Турыстычным узбярэжжы» адбыліся прэзентацыі аздараўленчых і курортных устаноў і санаторыяў. А на сустрэчы без гальштукаў прадстаўнікі Нацыянальнага агенцтва па турызме, пасольстваў краін-удзельнікаў фестывалю, тураператары абмеркавалі новы погляд на арганізацыю шматбаковага міжнароднага супрацоўніцтва ў сумесных культурных і турыстычных праектах.
Бадай, адной з самых цікавых пляцовак стаў «Магічны яр», дзе ішло знаёмства са старажытнай практыкай стасункаў з духамі прыроды, абрадавымі песнямі і танцамі. Тут жа, напрыканцы свята, адбылося абрадавае дзеянне на шчасце і дабрабыт Лепельскага краю і яго жыхароў. Кожны мог звярнуцца да Цмока і папрасіць выканаць запаветнае жаданне. Змучаныя небывалай спякотай, людзі, ды і сама прырода, прасілі дажджу. А ў ноч на панядзелак на раён абрынуўся сапраўдны лівень. Вось і не вер пасля гэтага ў цудадзейную магічную сілу лепельскага Цмока!
Фота Алены Цяляткі.