Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

«Смачна гатуем, усіх частуем». У Лепельскім раёне дзейнічае клуб нацыянальнай кухні

Адным з першых на Лепельшчыне,  яшчэ ў 1997 годзе, быў створаны клуб  нацыянальнай кухні  «Матырынскія гаспадыні». 

Тэматычныя капусныя, бураковыя ці гарбузовыя вечарыны, банкеты ў гонар бульбы, выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі на кухню, каб пазнаёміцца не толькі з тым, як гатуе майстрыца, але і побытавым этыкетам, упрыгожваннем стала, гасціннасцю і хлебасольствам – усё гэта ў арсенале гаспадынь вёскі, аддаленай ад райцэнтра амаль на 30 км.

 Выдатныя матырынскія гаспадыні і актывісты клуба народнай кухні Ларыса Міхневіч і Надзея Галай

Яны сабралі шмат цікавых народных мясцовых рэцэптаў, праводзяць значную даследчую работу. Напрыклад, цэлая «дысертацыя» прысвечана тэме «Хлеб у павер’ях і абрадах беларусаў», «Запрашае абрус-самабранка – з вопыту мясцовага музея «Беларуская хатка» і г. д. Складзены ўнікальны спіс вясельных і рытуальных страў, розных матырынскіх пацех, звязаных з мясцовай кухняй, побытавай культурай вёскі. А кожнае мерапрыемства пачынаецца з народных прымавак, таксама сабраных членамі клуба: «Смачна гатуем, усіх частуем», «Што маем – тым і прымаем»... 

Гаспадыні гатовы падзяліцца рэцэптамі клёцак з грыбамі, крывяных і «пальцам піханых» каўбас, каш, звараных у гарбузе, запяканак і рулетаў, дамашніх сыроў. Адметнасць мясцовай кухні – сытны сняданак, каб у выпадку, калі гаспадары не паспеюць з-за працы на абед, ранішняга падсілкавання хапіла на ўвесь дзень. Ён звычайна пачынаецца з поліўкі. 

– Гэта сытная і смачная ежа, якая прысутнічае раніцай, бадай, у кожнай нашай сям’і, – распавядае актывіст клуба, былы дырэктар школы Надзея Галай. – Рыхтуецца проста, але абавязкова з душой, добрым настроем, падаецца з пажаданнямі ўсім смачна есці і быць здаровымі. 

– А на вячэру нярэдка гатуем шлыкаўку, – дадае арганізатар клуба, загадчыца мясцовай бібліятэкі Ларыса Міхневіч. – З крухмалу, яек і вады пякуцца тонкія блінцы, рэжуцца на доўгія палоскі, падсушваюцца на печы, а потым варацца ў малацэ. Дзяцей проста не адцягнуць ад шлыкаўкі.

Славяцца матырынскія гаспадыні і стравамі з рыбы – вёска размешчана на беразе вялікага возера. Яшчэ нядаўна пры сельскім клубе існаваў адзіны ў раёне клуб рыбаловаў-аматараў «Мармышка», а на возеры нават праводзіліся рэспубліканскія спаборніцтвы з абавязковай юшкай і іншымі рыбнымі прысмакамі, гатаваць якія запрашалі мясцовых гаспадынь, каб потым развезці па гарадах і вёсках унікальныя рэцэпты. Галоўны з іх – фаршыраваны шчупак, прычым рыбу гатуюць або цалкам, здымаючы скуру, як панчоху, або рэжуць на круглыя кавалкі, якія таксама начыняюць рыбным фаршам. 

Фота Алены ЦЯЛЯТКі. 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ