Оршанский район перезагрузка
ВЫБОРЫ 2019
год малой родины

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Лица будущего

Малады ўрач Таццяна Марынская рассказала, як заахвочвае жыхароў Асвеі весці здаровы лад жыцця



Пытанне, кім быць, перад Таццянай Марынскай ніколі не стаяла. Прыкладна ў 5-м класе яна вырашыла стаць урачом. У сям’і цяжка хварэла бабуля. Дзяўчынка часта дапамагала маці даглядаць яе. Бачыла, як пакутуе тая ад немачы, а як пазбавіць болю, не ведала. Патрэбны былі спецыяльныя веды. З 7-га класа мэтанакіравана пачала рыхтавацца да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт.

Яе памкненне падтрымала кіраўніцтва Верхнядзвінскай раённай бальніцы і мясцовай гаспадаркі. Першае дало мэтавае накіраванне ў ВНУ, другое ўсе гады вучобы дапамагала матэрыяльна. У Верхнядзвінску Таццяна прайшла інтэрнатуру, пасля якой пачала працаваць участковым тэрапеўтам у Асвеі.

Гэта быў час, калі ахова здароўя ў раёне пераходзіла на больш сучасныя формы аказання медыцынскай дапамогі – інтэнсіўна ўкараняла інстытут ўрача агульнай практыкі. Малады доктар прайшла перападрыхтоўку, стала, так сказаць, урачом-універсалам, якога хутка ацанілі і палюбілі жыхары Асвейшчыны.

– Доктар з глыбокімі ведамі, чалавек спакойны, добразычлівы, вытрыманы, – такую характарыстыку пачула ад пацыентаў, якія чакалі прыёму. – Калі думаеце яе кудысьці забраць, не аддадзім.

– А я і не збіраюся нікуды з’язджаць, – запэўніла іх Таццяна Анатольеўна.

А мне патлумачыла, што любіць свой край, паважае людзей – працавітых, шчырых, якія, праўда, мала клапоцяцца пра сваё здароўе і да ўрача ідуць толькі тады, калі хвароба прыцісне. Таму да дыспансерызацыі Таццяна Марынская адносіцца адказна. Не прапускае аб’ездаў і абходаў па дамах, уважлівая на прыёмах.

Таццяна памятае свой першы ўрок на пачатку ўрачэбнай практыкі. Жанчына скардзілася на прастуду. І сапраўды мела бранхіт. Можна было назначыць лячэнне і адпусціць, але Таццяна Марынская вырашыла распытаць яе больш падрабязна пра самаадчуванне, агледзець дасканала. Так у першы раз самастойна дыягнаставала анкалогію.

Каб заахвоціць асвейцаў сачыць за сваім здароўем, весці здаровы лад жыцця, пачала сама рабіць на дамашнім камп’ютары памяткі і буклеты. Інфармацыйны лісток уручае пацыенту на прыёме з папярэджаннем, што той падрыхтаваны асабіста для яго. Гэта прымушае чалавека задумацца, магчыма, больш рэгулярна мерыць ціск, прымаць лекі.

Таццяна Марынская працуе ў паліклініцы і ў бальніцы. За дзень у сярэднім праз яе кабінет праходзіць 18 – 20 чалавек. Урач агульнай практыкі аказвае дапамогу як тэрапеўт, неўрапатолаг, лор, калі спатрэбіцца, як педыятр і акуліст.

– Спраўляецца, – адзначала галоўны ўрач ЦРБ Алена Эрдман. – У раённых лячэбных установах колькасць пацыентаў з Асвейшчыны зменшылася істотна. Таццяна Анатольеўна справай даказала, што яна добры спецыяліст.

– Вопыт набываецца гадамі практыкі, – сказала з гэтай нагоды доктар. – Мне пашанцавала праходзіць інтэрнатуру ў такога дасведчанага ўрача, як Віктар Іванавіч Кураш. Ён многаму навучыў мяне, кансультуе і цяпер.

Таццяна не задавальняецца атрыманымі ва ўніверсітэце ведамі. Чытае шмат медыцынскай літаратуры.

– І мастацкай таксама, – удакладніла яна. – У вольную хвіліну люблю пачытаць закручаны дэтэктыў.

А знаёмыя асвейцы дабавілі, што іх доктар яшчэ і артыстка. У фальклорным ансамблі “Сенькавіца” спявае разам з маці. У яго складзе выступала на “Славянскім базары”, на іншых вялікіх мерапрыемствах.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ