Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Точка на карте

Адзін з найвышэйшых касцелаў Беларусі і цэнтар самага вялікага па плошчы сельсавета. У чым яшчэ унікальнасць Відзы?

Відзы сустрэлі шумным базарам. На цэнтральнай плошчы аграгарадка пакупнікі хадзілі паміж гандлёвымі радамі з харчовымі і прамысловымі таварамі. Чэргі стаялі да машын з прадукцыяй глыбоцкіх мясакамбіната і камбікормавага завода, каўбаснага цэха  мясцовага СВК “Маяк Браслаўскі”, са свежай рыбай і мясам  ад пастаўскіх вытворцаў. Ажыўлены рух, гучныя размовы,  торг па змяншэнні кошту...

1

 На нейкі момант тут падалося, што вялізны  кірмаш, які традыцыйна кіпеў па аўторках на працягу многіх стагоддзяў. Праўда, не было прадуктаў з сялянскіх падвор’яў, якія тады прапаноўваліся, – збажыны, лёну, пянькі, ільнянога семя, свіней ды гусей, якімі славіўся край. Час унёс свае карэктывы.

А яшчэ ў ХVIII стагоддзі адсюль буйнымі партыямі гналі ў Рыгу і далей за мяжу гэтых жывёл і птушак. Праз Відзы, як сцвярджаюць гісторыкі, штогод праходзіла да сотні тысяч гусей,  гандлёвы абарот якімі даходзіў да 100 тысяч рублёў, а чысты прыбытак да 6 тысяч — вялікія па тым часе грошы. Нават беззямельныя сяляне імкнуліся выгадаваць некалькі птушак  і такім чынам забяспечыць сваё існаванне на зіму.
Захавалася яшчэ адна традыцыя — да  ці пасля кірмаша католікі абавязкова наведвалі храм, які ўзвышаецца на плошчы. Велічны будынак уражвае архітэктурай і памерамі. Гэта адзін з самых высокіх касцёлаў у Беларусі. Вышыня яго шпіляў, якія нібы імкнуцца ў неба, 59 метраў. Два гады назад храм адсвяткаваў  100-годдзе. Да юбілею аднавіў спрадвечную назву – Нараджэння Маці Божай.  

2

Яго будаўніцтва пачалося ў 1909 годзе на сродкі вернікаў і ахвяраванні. Пазней не раз перабудоўваўся. Восенню 1915 года  Відзы занялі нямецкія войскі – ішла Першая сусветная вайна. Побач праходзіла лінія фронту, і  будынак быў моцна пашкоджаны. У 20-я гады мінулага стагоддзя на грошы парафіян ён быў адноўлены. У памяць пра цяжкі перыяд у гісторыі храма і пасёлка ў яго сцены ўмуравалі некалькі снарадных галовак.

Гэта не адзіны напамін пра падзеі Першай сусветнай. Да сённяшніх дзён захаваліся акопы  па лініі фронту, абарончыя збудаванні, пахаванні.
Жыхары Відзаў заўсёды былі людзьмі талерантнымі. Тут  мірна ўжываліся  прадстаўнікі шматлікіх канфесій і рэлігійных плыняў: іудзеі, масульмане, стараверы, пратэстанты, лютаране,  бернардзінцы, дамініканцы. Цяпер засталіся толькі католікі, праваслаўныя, стараверы і мусульмане, якія жывуць у добрым суседстве. Тры першыя маюць  свае храмы – мясцовыя славутасці, якімі відзаўчане ганарацца і паказваюць прыезджым.

3

Шматнацыянальнасць пасёлка ды  памежнасць з Літвой наклалі свой адбітак на дыялект мовы. Мясцовая гаворка – сумесь рускай, беларускай, літоўскай і польскай моў. Таму моладзь ужо цяжка разумее людзей у паважаным узросце.

А вось шляхецкі гонар, уласцівы продкам у лепшай яго праяве, не адмірае. Маладых відзаўчан, напрыклад, зусім  не бянтэжыць, што жывуць  па сённяшніх мерках у глыбокай правінцыі.

Яны ведаюць і ганарацца гісторыяй малой радзімы і заўсёды жадаюць быць першымі – у працы, на сцэне, стадыёне. Як, скажам,  іх зямляк вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года, генерал  і сенатар Томаш Ваўжэцкі, які нарадзіўся ў Відзах і быў тут пахаваны. 

6

Відзы зведалі ў сваёй гісторыі  розныя перыяды. Былі квітнеючым мястэчкам і заштатным горадам Ковенскай губерніі, цэнтрам воласці, гарадскім пасёлкам і раённым цэнтрам. Цяпер з’яўляюцца аграгарадком, цэнтрам самага вялікага ў рэспубліцы па плошчы сельсавета, з добрай сацыяльнай інфраструктурай.  

Фота Тамары Пашкевіч.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ