Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Прэм’еры, майстар-класы па вырабе мішак Тэдзі і пляценні дываноў з кашуль. “Лялька” адкрывае новы сезон

Адкрыццё чарговага, 31-га, сезона, якое пройдзе 18 верасня, абяцае быць не зусім традыцыйным для Беларускага тэатра “Лялька”. На пляцоўцы каля ўстановы развернецца майстэрня па хэнд-мейду. Вядучыя педагогі і навучэнцы Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і запрошаныя майстры правядуць серыю розных майстар-класаў. Так, можна будзе паспрабаваць сябе ў скрапбукінгу, вырабе цацачных мядзведзяў тэдзі, арыгінальнага тэкстылю, пляценні бісерам і з чароту і інш.

SB0003

Спектакль “Горад клоўна Піка”,
які намінаваны на Нацыянальную тэатральную прэмію.

Ідэю падтрымалі і акцёры тэатра. Напрыклад, Вольга Маханькова правядзе майстар-клас па пляценні дываноў з мужчынскіх кашуль, а Вольга Лазебная прадэманструе сваё захапленне – роспіс па шкле і стварэнне ўпрыгожванняў.   

І, канешне, галоўныя падзеі адбудуцца на сцэне. Дзецям прапануецца паглядзець “Папялушку, або Крышталёвыя чаравічкі” Шарля Пяро. Сюжэт і героі казкі вядомы, бадай, кожнаму дзіцяці, але папулярнасць спектаклю гэта не зніжае. А некалькі пазней віцебскую дзятву чакаюць новыя адкрыцці на тэатральнай пляцоўцы. На люты запланавана прэм’ера для самых маленькіх гледачоў “Вясёлы Дарафей” паводле п’есы Ніны Гернет “Гусяня”. Рэжысёр-пастаноўшчык Віктар Клімчук паведаміў, што пастаноўка плануецца ў інтэрактыўным фармаце, прысутныя змогуць стаць удзельнікамі казачнага дзейства. Магчыма нават, што прэм’ера адбудзецца не ў сценах тэатра, а на вуліцы.

У ліпені рэпертуар папоўніцца яшчэ адным спектаклем – паводле апавядання Леаніда Панцялеева “Фенька”, якое зацікавіла маладога рэжысёра Міхася Клімчука.  

Не абдзялілі ўвагай і іншых сваіх пастаянных гледачоў – дарослых. Для іх сезон распачнецца спектаклем “Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка”. Містычная і павучальная гісторыя са зборніка расказаў Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” у інтэрпрэтацыі віцебскіх лялечнікаў б’е рэйтынгі папулярнасці сярод пастановак для дарослых у праграмме тэатра.

Дарэчы, сваю адзнаку гэтаму спектаклю дадуць і ў Казані, дзе ў канцы месяца адбудзецца II Міжнародны фестываль тэатраў лялек “Шомбай-fest”. Увогуле на бліжэйшы час у віцябчан запланавана нямала паездак. Так, напярэдадні адкрыцця сезона калектыў наведае Бешанковічы, Чашнікі, Новалукомль і Сянно, пазнаёміць мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак з “Прынцэсай і Свінапасам”.

Адна з самых значных падзей – “Горад клоўна Піка” намінаваны на Нацыянальную тэатральную прэмію, пастаноўка Міхася Клімчука будзе прапанавана ўвазе рэспубліканскага журы.

Акрамя таго, у дзень, калі “Лялька” 31-ы раз адчыніць дзверы для сваіх наведальнікаў, калектыў ва ўрачыстай абстаноўке назаве сваіх лепшых артыстаў па выніках папярэдняга сезона.    

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА, архів “ВВ”.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ