Прадстаўнікі творчай суполкі “Уздым” з латвійскага горада Даўгаўпілс часта бываюць у беларускіх суседзяў. Летась яны ўдзельнічалі ў фестывалях “Перабродская зорка”, “Жураўлі і журавіны” Міёрскага краю, свяце горада. А нядаўна яны зноў нанеслі візіт міярчанам.
Паэт Станіслаў Валодзька, кіраўнік таварыства Людміла Сінякова, спявачка Юлія Хмяльніцкая, краязнаўцы Вольга і Мікола Паўловічы сустрэліся з культработнікамі, пісьменнікамі, вучнямі і настаўнікамі. А перад гэтым мясцовы гісторык Вітольд Ермалёнак правёў для гасцей экскурсію па музеях. Дарэчы, Мікола Паўловіч, даўні сябра краязнаўцы, прысутнічаў на адкрыцці “Сялянскай хаты” – трэцяга музея, створанага Вітольдам Антонавічам, і падарыў для экспазіцыі цікавыя рэчы.
Сама ж сустрэча вылілася ў літаратурную вечарыну, тэму якой вызначыла творчасць Станіслава Валодзькі. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рускай літаратурнай арганізацыі ў Латвіі, таварыства дзіцячых пісьменнікаў гэтай краіны і нават Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў – аўтар кніг для дарослых і дзяцей. Аднак ён апантаны не толькі творчасцю: мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, стаяў ля вытокаў стварэння суполкі “Уздым”, многа зрабіў для захавання беларускай культуры сярод суайчыннікаў за межамі Беларусі, па прапагандзе яе ў свеце. За гэта ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Беларусі, памятным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння М. Шолахава “За гуманізм і ўклад у славянскую культуру”.
Цікавым для міярчан было і знаёмства з дзейнасцю беларусаў у Даўгаўпілсе. “Уздым” дзейнічае больш за 20 гадоў, налічвае ў сваім складзе 130 сяброў. Прычым не толькі беларусаў: ёсць рускія, палякі, латышы, якім наша культура, блізкая і дарагая. Члены арганізацыі супрацоўнічаюць з суайчыннікамі з Літвы, Эстоніі, Польшчы, суполкамі іншых нацыянальнасцяў Латвіі, прымаюць удзел у навуковых і гістарычных канферэнцыях, выдаюць кнігі, запісваюць песні, выступаюць па радыё, друкуюцца ў прэсе, з мінулага года выдаюць газету “Уздым”. Яны вядуць інфармацыйны партал, дзе навіны даступныя і для жыхароў Віцебшчыны, арганізавалі беларускую школу, якая ўжо адзначыла 20-годдзе, праводзяць штогадовыя восеньскія беларускія кірмашы. На мерапрыемствах пастаянна выступаюць і лепшыя самадзейныя калектывы з Міёр і Браслава.