Віцебшчына далучылася да сацыяльна-адукацыйнага праекта, накіраванага на распаўсюджванне чытання кніг па-беларуску.
Былі задзейнічаны вучні малодшых класаў 25 школ і гімназій. Інтэрактыўныя ўрокі прайшлі ў Полацку, Наваполацку, Оршы, Паставах, Глыбокім і абласным цэнтры. Настаўнікамі для больш чым тысячы нашых юных землякоў сталі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі, пісьменніца-казачніца Алена Масла і тэлевядучы Юрый Жыгамонт.
Заключны ўрок абласной серыі праекта адбыўся ў тэатры «Лялька», спектаклі якога ідуць на беларускай мове. Сталічныя госці наладзілі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі жывы дыялог, распавядаючы пра сваю творчасць, адрасаваную маленькім грамадзянам Беларусі. Затым усе разам паглядзелі прэм’еру спектакля «Вясёлы Дарафей». Адметнасць пастаноўкі ў тым, што гледачы робяцца актыўнымі ўдзельнікамі прыгод, якія адбываюцца на сцэне і ў зале.
Арганізатары праекта і вучні з настаўнікамі засталіся задаволенымі такой спробай абудзіць цікавасць да чытання на тытульнай мове нашага народа.