Социум

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч павіншаваў каталікоў з Вялікаднем

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!

«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях...» (Клс 3,1).

Хрысціянскі свет адзначае сваё найбольшае свята – Уваскрэсенне Езуса Хрыста. Паводле сведчання апосталаў, гэтая падзея стала фактам, якому нельга было запярэчыць і які ў іх жыцці стаў па-сапраўднаму зваротным момантам. Змяніўшы бег гісторыі народаў і цэлых кантынентаў, праўда пра ўваскрослага Божага Сына дайшла да нашых дзён і надалей з’яўляецца крыніцай надзеі і моцнага пераканання ў магчымасці перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом, праўды над падманам, вернасці і адданасці над абыякавасцю і маладушнасцю.

Свята Уваскрэсення Хрыста вучыць нас, што гэтая перамога можа і павінна здзейсніцца перадусім у душы, у сэрцы чалавека. Там, дзе свой пачатак бярэ грэх, там таксама шчодра разліваецца і Божая ласка (пар. Рым 5, 20). Уваскрэснуць з Хрыстом – азначае прыслухацца да Ягонага Слова і прыняць Яго ўсім сваім сэрцам.

Сёлета наша грамадства святкуе 80-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Над той карычневай чумой ХХ стагоддзя, якая знішчыла дзясяткі мільёнаў людскіх жыццяў. Бесчалавечнасць Другой сусветнай вайны, зрэшты, як і кожнай іншай, вынікае з непрыняцця або памылковага разумення праўды пра чалавека як істоты, створанай на Божы вобраз і падабенства, з чаго паходзяць яго годнасць і каштоўнасць яго жыцця. Бо, як кажа Святое Пісанне, «у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей» (Ян 1,4), а таксама, «каб мы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае» (Ян 20,31). Жыццё, якое Ён выслужыў нам праз пакутніцкую смерць на крыжы і ўваскрэсенне. Таму вяртанне духоўнасці і маралі ў жыццё чалавека, як асабістае, так і грамадскае, – неабходная ўмова выключэння такіх трагедый у будучым.

Жыць і будаваць свет годны і штораз больш прыдатны для кожнага чалавека – пра гэта нагадвае нам сёння каталіцкі касцёл, таксама святкуючы юбілей 2025-годдзя хрысціянства. У сваім пасланні на 58-ы Сусветны Дзень Міру Папа Францішак кажа так: «...Юбілей – падзея, якая напаўняе сэрца надзеяй. Гэта ўрачысты заклік, які павінен гучаць па ўсёй зямлі, каб адбудаваць Божую справядлівасць у розных сферах жыцця: у карыстанні зямлёй, у валоданні дабротамі, у адносінах з бліжнімі, асабліва з найбольш беднымі і адрынутымі..., бо ніхто не прыходзіць у гэты свет, каб яго прыгняталі. Мы браты і сёстры, дзеці аднаго Айца, наро­джаныя быць свабоднымі па волі Госпада» (58 СДМ, 2).

Уваскрэсенне Хрыста – гэта свята надзеі. Няхай яна ніколі нас не пакідае, але хай схіляе нашыя сэрцы да той крыніцы Жыцця і Праўды, крыніцы Міласэрнай Любові, якую мы маем ва ўваскрослым Хрысце! Яго блаславенне няхай спачне на кожнай вашай сям’і, на кожным доме і на ўсёй нашай роднай Беларусі!

Хрыстос уваскрос! Сапраўды уваскрос! Са святам!

+Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search