Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!
«...Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, Якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». (Лк 2,11-12).
Словы надзеі, якія абвясціў нябесны пасланнік пастушкам, Касцёл абвяшчае сёння нам: нарадзіўся вам сёння Збаўца, Якім ёсць Хрыстус Пан! Нарадзіўся сёння, тут, сярод нас. Так, насамрэч Ён заўсёды прысутны ў гэтым свеце, бо паабяцаў калісьці апосталам, што не пакіне нас сіротамі і застанецца з намі. Але дазваляе нам зноў і зноў перажываць падзею свайго нараджэння, каб мы маглі адчуць тую радасць, якую адчуваюць бацькі, калі ў іх з’яўляецца нованароджанае дзіця.
Нараджаецца Крыніца і Даўца жыцця ў людскім целе. Прыходзіць у свет, які амаль страціў пачуццё адказнасці за чалавечае жыццё. У свет, дзе гэтае жыццё не каштуе ўжо амаль нічога, становіцца разменнай манетай, сродкам для рэалізацыі чужых амбіцый, дзе так легкадумна і мы нярэдка ставімся да гэтага найвышэйшага Божага дару.
Таму Бог сам пажадаў стаць чалавекам, каб дапамагчы нам заставацца людзьмі. Найпрасцей гэта зрабіць, гледзячы на прыклад жыцця Езуса і Яго сям’і. Не каб капіяваць яго «адзін у адзін», але навучыцца прынцыпу, паводле якога жыў Езус, – прынцыпу міласэрнай любові. Ён нарадзіўся ў стайні, сярод жывёлаў, адчуўшы ўжо з самага свайго нараджэння абыякавасць і холад людскіх сэрцаў, прыйшоў, каб нарэшце памерці на крыжы, але не для таго, каб пакараць гэты свет. Ён прыйшоў яго ўратаваць, даць надзею і навучыць «не адплачваць злом за зло, але рабіць заўсёды дабро адно аднаму і ўсім. Заўсёды радавацца, няспынна маліцца. За ўсё дзякаваць, бо такая адносна нас воля Божая...» (пар. Тэс 5, 15-18).
Змяняецца час, і змяняюцца людскія пакаленні, змяняецца свет і яго выклікі, але нязменнай застаецца чалавечая натура з яе слабасцямі, як і нязменным застаецца Бог з Яго міласэрнай любоўю да чалавека. Паспрабуйма чарговы раз адчуць яе, схіляючыся над Бэтлеемскімі яслямі, дзе ляжыць маленькае Дзіця, прыносячы для нас па-сапраўднаму трывалыя і вечныя каштоўнасці. Паспрабуйма чарговы раз на гэтых каштоўнасцях будаваць нашае цяперашняе жыццё і нашую будучыню!
Згоды і паяднання, супакою і здароўя, мірнага неба на галавою і Божага бласлаўлення ва ўсіх добрых справах кожнаму з вас, вашым сем’ям і ўсёй нашай краіне Беларусі!
Радасных Святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага, 2024 года!
Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі.