Гісторыя «Славянскага базару» немагчымая без І Усесаюзнага фестывалю польскай песні, да якога было прымеркавана будаўніцтва Летняга амфітэатра, што спачатку атрымаў назву «Форум» (падчас будаўніцтва ў афіцыйных дакументах аб’ект называўся «Пеўчае поле»). Такім чынам, 1988 год стаў знакавым для Віцебска.
Кажуць, што ідэя будаўніцтва ўнікальнай для СССР канцэртнай пляцоўкі ўзнікла ў маі 1987 года. Беларускі кампазітар Ігар Лучанок часта бываў на фестывалі савецкай песні, які праходзіў ў горадзе Зялёна Гура. І вось, знаходзячыся аднойчы ў Маскве ў ЦК КПСС, ён прапанаваў у якасці «алаверды» праводзіць фестывалі польскай песні ў беларускім Віцебску – пабраціме Зялёнай Гуры. Першы сакратар абкама КПБ Уладзімір Грыгор’еў падтрымаў ідэю.
У пачатку 1988-га ў рэчышча Ручая, які ў старажытнасці акаляў паўднёва-ўсходнія сцены Ніжняга замка, зайшла будаўнічая тэхніка. Старэйшыя жыхары горада памятаюць, якімі паскоранымі тэмпамі ўзводзіўся амфітэатр. Але чым бліжэй надыходзіла дата фестывалю, тым часцей узнікала пытанне: ці паспеюць будаўнікі. Аўтар праекта архітэктар Вячаслаў Бабашкін не сыходзіў з пляцоўкі, літаральна на месцы рабіў чарцяжы і перадаваў прарабам. Журналістам «Віцебскага рабочага» ён расказваў, што па нарматывах на праектаванне падобнага аб’екта неабходна было каля двух гадоў, на будаўніцтва – 22 месяцы. Група архітэктараў не мела ўзораў для пераймання. Каб выбраць канчатковы выгляд амфітэатра, распрацавалі каля 25 варыянтаў. З задачай справіліся за паўгода, а як толькі устанавілі арку, над ёй залунаў дзяржаўны сцяг СССР.
Пакуль вялося будаўніцтва, у Савецкім Саюзе ў некалькі этапаў праводзіліся адборачныя туры сярод будучых канкурсантаў. У сярэдзіне лютага 1988-га ў Палацы культуры ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва (цяпер абласная філармонія) адбыўся VII абласны конкурс выканаўцаў польскай песні (падобныя фэсты праводзіліся на Віцебшчыне з 1975 года), па выніках якога вызначыліся кандыдаты на рэспубліканскі этап. Пуцёўку атрымалі ВІА «Дзвіна» Палаца культуры ВА «Даламіт», фальклорны ансамбль «Вясна» Полацкага педвучылішча, салісты Алена Бабарыка, Міхаіл Насоўскі, Уладзімір Герасімчык і Святлана Пацянкова. Падчас конкурсу сярод гледачоў разыгрывалася пяць квіткоў на адзін з фестывальных канцэртаў. За 20 хвілін трэба было разгадаць чайнворд з пытаннямі па гісторыі, геаграфіі і культуры Польшчы. Пераможцы справіліся з заданнем за 10 хвілін.
Попыт на білеты (іх кошт складаў 3-5 рублёў) на фестывальныя канцэрты быў ажыятажны. Забяспечыць усіх жадаючых квіткамі было проста немагчыма. У інтэрв’ю «Віцебскаму рабочаму» дырэктар фестывалю Радыён Бас называў гэта самым балючым пытаннем. Папярэднія заяўкі падалі 800 арганізацый і ўстаноў вобласці. Яны ў восем разоў перавышалі магчымасці размяшчэння гледачоў. Аргкамітэт павялічыў колькасць канцэртаў з 8 да 22. Быў задзейнічаны і стадыён «Дынама». Але і гэта не вырашала праблемы. Радыён Бас гаварыў, што радаваць магло толькі адно: чэргі ў гарадскія касы былі даўжэйшыя, чым у вінныя аддзелы (як вядома, тады праводзілася антыалкагольная кампанія і існаваў востры дэфіцыт напояў).
У конкурснай праграме ўдзельнічалі 12 салістаў, 20 ансамбляў і груп. ВІА «Дзвіна» атрымала прыз глядацкіх сімпатый. Канкурсанты прыехалі на фэст за некалькі дзён да пачатку, каб падрыхтавацца і правесці рэпетыцыі. А 16 ліпеня ў аэрапорце «Віцебск» многія гараджане і афіцыйныя асобы сустракалі два самалёты з польскімі гасцямі, сярод якіх была і вядомая спявачка Марыля Радовіч. Яна з’яўлялася членам журы, што складалася з 20 чалавек. У судзейскую калегію, якую ўзначальваў Ігар Лучанок, таксама ўваходзілі Алена Камбурава, Леў Лешчанка, Андрэй Макарэвіч, Уладзімір Мігуля. Ганаровым старшынёй журы быў наш зямляк, вядомы савецкі кампазітар Марк Фрадкін.
Варта ўзгадаць, што пры падрыхтоўцы да фестывалю ўлады развівалі і сетку грамадскага харчавання. Стаўку рабілі на кавярні, па прыкладзе прыбалтыйскіх рэспублік выкарыстоўваючы невялікія памяшканні. У тыя часы з’явіліся «Віцебскі чай», «Беларускія клёцкі», «Стары Томас», «Даўгава», «Паланэз», «Лявоніха», «Кумыс», «Малдова» і іншыя. Першы сакратар абкама КПБ Уладзімір Грыгор’еў меў ідэю стварыць 15 тэматычных кафэ па колькасці саюзных рэспублік. Адной з першых ластавак стаў эстонскі «Стары Томас». Зараз у гэтым памяшканні па вуліцы Крылова знаходзіцца рэстаран кітайскай кухні «Залаты дракон». Але каб задаволіць у фестывальныя дні патрэбы насельніцтва, аб’ектаў грамадскага харчавання не хапала, тады не было і летніх кафэ. Кемлівыя жыхары Віцебска самі знайшлі выйсце. Яны кампаніямі выходзілі на фестывальныя вуліцы, прыносілі з сабой выпіўку і закуску, якую расстаўлялі на парапетах і газонах. Тады цэнтр горада нагадваў суцэльнае аграмаднае кафэ. Гэтая традыцыя існавала да другой паловы 1990-х. Дарэчы, госці ў якасці сувеніра маглі набыць «Віцебскі чай», выпуск якога наладзіў завод харчовых прадуктаў. Набор складаўся з некалькіх каробак з лекавымі раслінамі. Карысталася попытам і яшчэ адна навінка – чыпсы, што выпускаліся ў саўгасе «Полымя» Сенненскага раёна.
Першы канцэрт фестывалю адбыўся 19 ліпеня. Каб аддзячыць за сумленную работу, перад будаўнікамі выступілі майстры савецкай і польскай эстрады. Уладзімір Грыгор’еў узнагародзіў лепшых і адзначыў, што ва ўзвядзенні амфітэатра ўдзельнічалі больш за 50 будаўнічых, праектных і мантажных арганізацый. Ён таксама падзякаваў за дапамогу прадпрыемствам Віцебска, Наваполацка, Оршы, камсамольцам і моладзі. Кіраўнік трэста №28 Эдуард Заліўскі ўручыў сімвалічны ключ ад амфітэатра Марку Фрадкіну. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 20 ліпеня, трансляцыя вялася па першай праграме Цэнтральнага тэлебачання, «Інтэрбачанні», «Еўрабачанні». Да гасцей звярнуўся першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў, ён таксама зачытаў прывітальны адрас генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.
Падчас фестывалю ў выкананні Ларысы Долінай прагучала песня Леаніда Захлеўнага і Алега Жукава «Усе кветкі ліпеня». Твор, што пазней стаў гімнам «Славянскага базару», прысвяцілі Дню адраджэння Польшчы, які адзначаецца 22 ліпеня.
Фестываль праклаў дарогу на вялікую эстраду такім выканаўцам, як Іна Афанасьева, што прадстаўляла ансамбль «Спектр» Палаца культуры магілёўскага прадпрыемства «Хімвалакно», і салісту «Песняроў» Валерыю Скаражонку, які дагэтуль спяваў у гродзенскім рэстаране.
Другі і апошні фестываль польскай песні адбыўся ў 1990 годзе. Потым сацыялістычны лагер, як і Савецкі Саюз, разваліўся, і пачалася гісторыя «Славянскага базару».
Фота Міхаіла Шмерлінга.