Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, двухразовы сярэбраны прызёр Гульняў у Лондане і ўладальніца бронзавай узнагароды Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра Аляксандра Герасіменя правяла для маленькіх пастаўчан майстар-клас па плаванні.
Больш за дзве гадзіны ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе ў мікрараёне 5-га гарадка яна адказвала на пытанні выхаванцаў трэнера Аляксандра Бучнева і іх бацькоў.
– Самае важнае, – гаварыла яна, – верыць у сябе, ва ўласныя сілы, і поспех абавязкова прыйдзе. Для гэтага трэба выкладвацца на трэніроўках не на 100, а на ўсе 200 працэнтаў, мець падтрымку блізкіх, захоўваць рэжым дня, харчавання, адмаўляцца ад пэўных жыццёвых спакусаў.
Тытулаваная плыўчыха з задавальненнем раздавала аўтографы, фатаграфавалася з юнымі спартсменамі, а затым для групы хлопчыкаў і дзяўчынак правяла майстар-клас. Сярод тых, хто браў урок, былі пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Фестываль плавання «Залатая рыбка» на прызы Аляксандры Герасімені. Пасля заняткаў госця адзначыла, што сярод выхаванцаў Аляксандра Бучнева ёсць перспектыўныя дзеці, якія могуць дасягнуць значных вышынь у плаванні.
Дарэчы, запрасіць Аляксандру Герасіменю да сябе могуць і іншыя раёны. Не так даўно плыўчыха ў сацыяльных сетках заявіла пра свой намер праводзіць для беларускіх школьнікаў бясплатныя майстар-класы. Пастаўчане аднымі з першых і скарысталі такую магчымасць.