Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Туризм

Першы беларускі Цмок пасяліўся у Лепелі

У Лепелі на беразе маляўнічага возера з’явілася  першая ў Беларусі скульптурная выява Цмока – пачвары, якая згодна легендам, паданням, а таксама раману Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”  вадзілася калісьці ў гэтых водах.

Урачыстае адкрыццё скульптуры сабрала шмат гараджан і  гасцей Лепеля. Вітаючы землякоў, старшыня райвыканкама Барыс Яфрэмаў адзначыў:

- Сёння адбываецца значная падзея: дзякуючы намаганням раённага  выканаўчага камітэта і актывістам міжнароднага праекта “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце Беларусі і Расіі” мы адкрываем скульптурную кампазіцыю Цмока. Гэта была  адна з  ініцыятыў мясцовых жыхароў, накіраваная на развіццё турызму і павышэння прыцягальнасці роднага краю для гасцей. Увогуле, гэта ўжо стала добрай традыцыяй: так з’явіліся выява Русалкі, помнік Льву Сапегу, усім палюбіўся і  Пятачок – сімвал гаспадарлівасці, кемлівасці і працавітасці беларусаў. Спадзяюся, што і Цмок з цягам часу стане тым брэндам, які будзе садзейнічаць развіццю турыстычнай дзейнасці на Лепельшчыне.

Кіраўнік раёна шчыра падзякаваў усім удзельнікам праекта, асабліва  ініцыятару ідэі мясцоваму краязнаўцу Уладзіміру Шушкевічу.
Аўтар лепельскага Цмока член Саюза мастакоў Беларусі скульптар Леў Аганаў прызнаўся, что давялося шмат прачытаць і ўвогуле сур’ёзна зацікавіцца народнымі легендамі і паданнямі:

- Аказваецца, беларускія цмокі былі вельмі добрыя і заўсёды жылі з людзьмі ў згодзе і ладзе. Таму я і пастараўся зрабіць скульптуру такой, каб яна несла станоўчыя эмоцыі, выклікала пазітыўны настрой.
Уладзімір Шушкевіч прыгадаў імёны тых, без удзелу каго Цмок не з’явіўся б на беразе Лепельскага возера. Гэта намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін, менеджар міжнароднага праекта па турызме Вольга Маханенка, старшыня БГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова, аўтар праекта  Святлана Крэс, загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Урбан, таленавіты скульптар Леў Аганаў, кіраўнік раёна Барыс Яфрэмаў.

- Лепельскі Цмок павінен прыцягваць сюды турыстаў. А гэта ўжо залежыць ад нас саміх, - з імпэтам пераконваў гараджан Уладзімір Канстанцінавіч. – Спадзяюся, што вакол яго цяпер будуць праводзіцца цікавыя мерапрыемствы, што гэта месца стане папулярным сярод жыхароў і гасцей горада, а ў Доме рамёстваў і салоне-магазіне “Скарбонка” з’явяцца шматлікія сувеніры з выявай Цмока.

Рэдактар сайта “Краіна цмокаў” Глеб Лабадзенка прызнаўся:

- Наша старонка пачала працаваць прыкладна год таму, і натхніў на  гэта якраз лепельскі Цмок. Калі мы пачыталі Уладзіміра Караткевіча і даведаліся, што ў мясцовым возеры жыве такая дзівосная істота, прыйшла думка пачаць пошукі яшчэ аднаго сімвала Беларусі ў дадатак да зубра і  бусла. Падчас экспедыцыі па краіне праехалі сем тысяч кіламетраў, а як высветлілася, трэба было пераадолець усяго 150 кіламетраў ад Мінска да Лепеля. Непадалёк ад яго ёсць знакаміты Змееў камень, а ў суседняй вёсцы жыве дзядок, чый бацька памятаў Цмока. І ён расказаў, што гэта быў асілак, дужы мужык, які ў выпадку небяспекі куляўся праз сябе, у яго вырасталі крылы, і ён мог адолець усіх ворагаў. Мне здаецца, что гэты Цмок – сімвал беларуса,  спакойнага, дужага, разважлівага, добрага, але калі трэба, ён збірае ўсю сваю моц і смеласць і здольны перемагчы любога.

 Госць уручыў старшыні райвыканкама спецыяльную  шыльду “Тут жыве беларускі Цмок” і сувенір, які зрабілі са скуры народныя  майстры. Ён таксама выказаў прапанову размясціць вялікі плакат на трасе, куды менавіта кіравацца, каб трапіць у госці да Цмока.

Першыя сувеніры з выявамі дзівоснай істоты разышліся літаральна за некалькі хвілін – кожнаму хацелася пакінуць памяць аб падзеі, а пры выпадку і пахвастацца перад сябрамі, што наведаў дзіўныя мясціны, дзе жыве сам Цмок.

Фота аўтара  


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ