Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Любоў да спадчыны аб’ядноўвае ўдзельнікаў фальклорнага гурта «Гульбічы» з Шуміліна

У народным фальклорным гурце «Гульбічы» Шумілінскага раённага цэнтра культуры займаюцца людзі розных узростаў і прафесій. Іх аб’ядноўвае любоў да спадчыны.

Калектыў быў заснаваны ў пачатку 1993-га, а ўжо праз год яму прысвоена званне народнага. «Гульбічы» стварыла і да сёння кіруе Ларыса Цыркунова, якая сабрала вакол сябе аднадумцаў – аматараў песень, прыпевак, танцаў і гумару. Састаў калектыву з гадамі змяняўся, але непахісным застаецца імкненне да папулярызацыі народнай творчасці.

За гады існавання «Гульбічы» аднавілі абрады і святы: «Каляды», «Юр’я», «Вялікдзень», «Талака», «Зажынкі», «Масленіца». Чатыры гады таму ў Шуміліна прыязджалі мінскія тэлевізіёншчыкі з перадачы «Наперад у мінулае», якая прысвечана фальклорнай спадчыне Беларусі. Прама ў полі адбыліся здымкі абраду «Дажынкі». Самадзейныя артысты сжыналі сярпамі каласы і ставілі снапы, завівалі бараду.

На мясцовым матэрыяле створаны і аўтарскія сцэнічныя прадстаўленні – «Шумілінская кадрыля», «Справы сардэчныя», «Кірмашовыя замалёўкі», «У купальскі вечарок», «Вянок беларускіх полек».

Аднойчы падчас чарговай фальклорнай экспедыцыі завіталі да жыхаркі Шуміліна. Яна заспявала «Кадрылю», чым здзівіла гасцей. Аказалася, што ў роднай вёсцы жанчыны пасля вайны не было гарманістаў – яны загінулі на франтах. Дзяўчаты прыдумалі словы пад мелодыю, і адна група спявала, а другая танцавала. Кадрыля-песня складалася з шасці кален, першае пачыналася так:

Выйшлі мальцы на кадрылю, стаяць надумаюцца.

Няўжо гэтым яшчэ мальцам дзеўкі не наравяцца.

Сталі мальцы на кадрылю, зачасалі лобікі.

Запрасілі яны дзевак і стаяць, як бобікі.

«Гульбічы» не маглі абысці ўнікальную знаходку і аднавілі пасляваенны танец, назваўшы яго «Шумілінская кадрыля». У далейшым Ларыса Цыркунова па прыкладзе сваіх пасляваенных зямлячак склала словы на некалькі полек, і атрымаўся «Вянок беларускіх полек».

На ніве фальклору Ларыса Цыркунова шчыруе больш за 50 гадоў. За сваю творчую дзейнасць, апроч «Гульбічаў», стварыла два дзіцячыя калектывы – «Скарбонка» (у Шуміліне) і «Весніца» (у Віцебску), якія мелі статус узорных. Назапашаны матэрыял беражліва захоўваецца на розных відах носьбітаў, у тым ліку і ў душы.

Фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ