Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Танцы на калясках арганізавала для інвалідаў каталіцкае таварыства ў Віцебску

Цікавая сацыяльная ініцыятыва рэалізуецца на базе клубнага дома “Крылы надзеі” ТЦСАНа Першамайскага раёна Віцебска. Тут створана першая ў горадзе студыя інклюзіўных танцаў “Імпэт”.

Даведка “ВВ”. Інклюзія – гэта працэс сацыялізацыі грамадзян, у першую чаргу тых, хто мае цяжкасці ў фізічным развіцці. Інклюзіўныя танцы – эфектыўны спосаб рэабілітацыі: сумесная творчасць людзей з рознымі відамі парушэнняў і без інваліднасці.

Дапамога блізкаму – найлепшы прыклад хрысціянскай любові. Так лічыць каардынатар праекта – валанцёр “Карытаса” Марына Булатоўская Ёй дапамагае праводзіць заняткі на калясках Васіль Рудэнка, кіраўнік тэатральна-музычнай студыі.

Марына Булатоўская і Васіль Рудэнка ў танцы

Малады чалавек сам інвалід-калясачнік і лічыць, што інклюзіўныя танцы – самы аптымальны з рэабілітацыйных метадаў для людзей з такой інваліднасцю. Акрамя таго, гэта прыгожы від спорту высокіх дасягненняў, які сёння ў свеце імкліва развіваецца. Дарэчы, Марына з Васілём самі з’яўляюцца танцавальнай парай былі прызёрамі прэстыжных спаборніцтваў.

Гэтае карыснае хобі, па словах трэнера, падыходзіць усім без выключэння, хто натхнёны танцамі і не ўяўляе свайго жыцця без іх. На першыя заняткі прыйшло крыху больш за тузін чалавек, і гэта ўжо някепска. З цікавасцю праглядзелі некалькі відэа выступленняў сусветных зорак, каб зразумець, як гэта адбываецца.

Дарэчы. Існуюць розныя варыянты танцаў. Яны могуць быць парныя, сольныя і калектыўныя, на інвалідных калясках і не толькі.

Хоць заняткі адбываюцца ў Першамайскім ТЦСАНе, але, як адзначае Марына Булатоўская, дзверы адчынены і для жыхароў іншых раёнаў. “Танчыць могуць усе”, – упэўнена абаяльная дзяўчына, да якой проста цягнуцца людзі, яны, вядома ж, потым раскажуць пра ўбачанае сябрам і знаёмым.

На першым этапе заняткаў маладыя людзі проста спрабуюць адчуць сябе ў танцы, вітаецца імправізацыя, праз якую танцор “распавядае сваю асабістую гісторыю”. “Гэта павінна рабіцца толькі дзеля сваёй радасці”, – кажа Марына.

На другім этапе, калі проста так трэніравацца ўжо нецікава і хочацца паказаць сваю творчасць людзям, будуць распрацоўвацца і пастановачныя танцы. Хто выкажа такое жаданне, можа паўдзельнічаць у конкурсах. Не выключана, паведаміў Васіль Рудэнка, што сёлета выпадзе магчымасць з дапамогай рэспубліканскіх таварыстваў інвалідаў і калясачнікаў выступіць на пляцоўцы “Славянскага базара” ў рамках міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў. Імпэт і жаданне праявіць сябе дапамагаюць перамагаць ва ўсіх сітуацыях. А чаму б не замахнуцца і на чэмпіянат свету па гэтым цікавым паралімпійскім спорце, які, магчыма, сёлета пройдзе ў Мінску?

Інклюзіўныя танцы – гэта цудоўны спосаб для рэлаксацыі і рэабілітацыя. Яны развіваюць рухальную актыўнасць, ўздымаюць мышачны тонус, людзі адкрываюць у сабе новыя здольнасці. Музычны фон стварае эмацыйны ўздым і адпаведны настрой. А яшчэ танцы – дзейсны сродак ад дэпрэсіі, праз якую праходзяць, відаць, усе людзі з інваліднасцю.

Марына Булаўская сама колькі разоў танчыла, седзячы ў калясцы і прызнаецца, што адчуванні абсалютна аднолькавыя, як і стоячы на нагах. Ты кіруеш каляскай, нібы працягам свайго цела. З дапамогай “Карытаса”, пэўна, удасца набыць новыя, актыўныя сродкі для перасоўвання, што больш падыходзяць для творчасці.

Арганізатары спадзяюцца, што неўзабаве ў Віцебск завітае на майстар-клас чэмпіёнка свету і Еўропы па танцах на калясках Ганна Гарчакова. Яна з Васілём Рудэнкам у свой час вучылася ў Івянецкім доме-інтэрнаце Мінскай вобласці, і кантакты не перарваліся. Сёння Ганна працуе псіхолагам у сталічным цэнтры інвалідаў. Дапамагае людзям, трэніруе дзетак, адаптуючы іх у соцыуме, і танчыць сама.

Дарэчы, проста велізарную дапамогу людзям з абмежаваннямі на ўзроўні краіны аказвае наш зямляк, ураджэнец Оршы Валерый Каламіец, дырэктар цэнтра актыўнай рэабілітацыі інвалідаў. Ён быў адным з наймацнейшых лёгкаатлетаў у СССР, у скачку ў даўжыню перамагаў славутых амерыканцаў. Сярод яго выхаванцаў – першы савецкі паралімпійскі чэмпіён Алег Шэпель, які зараз узначальвае Паралімпійскі камітэт Беларусі. Ва ўстанове Валерыя Каласійца калясачнікі не толькі танчаць, але і скачуць з парашутам.

У Віцебску яны пакуль вышынь не пакараюць, але могуць таксама карысна правесці вольны час. Студыя інклюзіўных танцаў запрашае ўсіх жадаючых на заняткі па адрасе: вул. Залатагорская, 6а (раён цэнтральнай гарадской клінічнай бальніцы на ДБК). У аўторак і чацвер інклюзіўныя танцы для ўсіх ахвотных з 13.00, у панядзелак і пятніцу для калясачнікаў з 15.00. Акрамя таго, у пятніцу ў 12.00 заняткі адбываюцца ў офісе “Карытаса” (вул. Чкалава 52-1). У студыі ёсць свая суполка “ВКонтакте”, якая так і называецца – “Імпэт”. Сюды шчыра запрашаюць тых, хто пакуль баіцца выйсці з дому, паверыць у сябе. Калі вы дагэтуль танчыце толькі ўнутры сябе, самы час далучыцца да цікавай ініцыятывы!


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ