Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Жыхарка Сенненскага раёна стала аўтарам арнамента на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь

Зараз мы ўжо дакладна ведаем, што аўтарам арнамента на Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сялянка з Сенненскага раёна Матрона (па-народнаму – Матруна) Маркевіч. Нядаўна дзякуючы намаганням мясцовых краязнаўцаў удалося адшукаць магілу спачылай у 1957 годзе, але так і не атрымаўшай заслужанай пашаны пры жыцці жанчыны.

Пасля гэтага арнамент стаў шырока выкарыстоўвацца пры аздабленні розных архітэктурных і дэкаратыўных формаў. Напрыклад, у 1952 годзе ў Мінску быў урачыста адкрыты помнік Сталіну з адпаведным арнаментам на пастаменце.

Да гэтага часу сярод навукоўцаў няма адзінай думкі наконт містычных знакаў на арнаменце. Але відавочна, што ён мае вельмі доўгую дахрысціянскую гісторыю старажытных вераванняў нашых продкаў. Дзе ж падзеўся сам ручнік? Мяркуючы па ўсім, ён быў незваротна страчаны ў час вайны.
Аддалі даніну памяці

Сенненскі краязнавец Васіль Бандарэвіч, супрацоўнік раённага музея, даўно марыў знайсці месца апошняга прытулку Матроны Сяргееўны, пра якое ніхто не мог яму паведаміць. На старых картах удалося адшукаць вёску Касцелішча, на могілках якой, па дадзеных Васіля Віктаравіча, яна была пахавана. Кола пошукаў відавочна звузілася.

І трэба ж такому было здарыцца, што суседам В. Бандарэвіча стаў добры знаўца патрэбных мясцін, шматгадовы галоўны інжынер сельгасгаспадаркі «Ульянавічы» Аляксандр Труханенка, які прайшоў тутэйшыя палі і ўзгоркі ўздоўж і ўпоперак. Трапляліся яму і згаданыя могілкі. Калі я атрымаў такую інфармацыю, адразу выправіўся ў Сянно, каб разам з Васілём Віктаравічам і Аляксандрам Мікалаевічам пабываць на месцы цікавай знаходкі.

З надвор’ем нам пашчасціла, бо, па прызнанні спадарожнікаў, калі б задажджыла, на машыне да могілак было б не дабрацца. Калі ззаду застаецца аграгарадок Ульянавічы, з’язджаем на грунтавую дарогу, якая праз колькі кіламетраў сапраўды становіцца выпрабаваннем для рэдакцыйнай «Шкоды».

На калдобінах нашаму правадніку даводзіцца раз-пораз выходзіць з машыны, каб дапамагчы кіроўцу намацаць правільную каляіну, пакуль нарэшце не даязджаем да рысы, дзе ўжо пакідаем машыну.
А месцы тут прыгожыя: вялікі лясны масіў. Калі заблукаць, можна трапіць і на Лепельшчыну ці Бешанковіччыну. Нездарма сюды любяць прыязджаць паляваць на ласёў немцы і французы, хоць і каштуе гэта па нашых мерках зусім не танна. Уражваюць валы, створаныя самой прыродай, якія сталі намінальнай мяжой з Расійскай імперыяй пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе.

Гэта былая партызанская зона. Сёння суседняя вёска так і завецца – Партызаны (раней – Торбінка). А колькі людзей тут пазабівалі карнікі! Вось і на могілках зніклай ужо дзесяцігоддзі таму вёскі Касцелішча (ад хат не засталося нават падмуркаў) ёсць невялічкі абеліск у памяць спаленых фашыстамі ў 1943 годзе сялян. Матроны Сяргееўны на той момант, відавочна, у роднай вёсцы не аказалася. Можна зараз толькі здагадвацца: альбо паспела ўцячы, альбо проста выпадкова выратавалася ў гэтыя змрочныя часы, каб дажыць да таго дня, калі арнамент прашчураў з’явіцца на дзяржаўным сімвале.

Сама Матрона нарадзілася ў вёсцы Клімавічы, якая таксама зараз у складзе Сенненскага раёна. Была з заможнай сям’і, як і будучы муж, які ў 1937 годзе трапіў пад раскулачванне. Дарэчы, на вясковых могілках і на абеліску часта сустракаюцца прозвішчы Маркевіч і Кацар (дзявочае імя Матроны). Сама магіла, як і большасць суседніх, у досыць добрым стане. Магчыма, знойдуцца і сваякі, якіх на Сенненшчыне ўжо не засталося. Васіль Віктаравіч ускладае кветкі на магілу простай жанчыны, якой выпала стаць гонарам беларусаў, і мы моўчкі кожны аб сваім думаем у засені дрэў, што ахоўваюць вечны сон продкаў.

Для выхавання патрыётаў

Як жа цяпер выкарыстоўваць гэта знакавае месца? Васіль Бандарэвіч заўважыў, што цікавасць да яго папулярызацыі праявіў і кіраўнік раёна Віктар Цапота. Краязнаўца мяркуе, што парэшткі майстрыхі варта было б перанесці ў райцэнтр, дзе іх маглі б наведваць турысты, праходзілі ўрокі патрыятычнага выхавання. Гэта ж брэнд не толькі раёна, але і ўсёй Віцебшчыны! Аляксандр Труханенка, наадварот, упэўнены, што не варта варушыць косткі памерлай, бо побач жа і брацкая магіла забітых фашыстамі аднавяскоўцаў. Аўтар гэтых радкоў згодны з такім меркаваннем. Вось толькі б пракласці сюды больш-менш годную дарогу – і тады месца мае ўсе правы трапіць у спісы турыстычных адметнасцяў Сенненшчыны нароўні з той жа Беліцай, дзе працаваў наш славуты пясняр Янка Купала.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ