Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Здоровье

Карэспандэнт «ВВ» адпрацаваў змену разам з медработнікамі хуткай дапамогі

Выпадковых людзей у службе “103” наогул не бывае. У гэтым упэўніўся карэспандэнт “ВВ”, які разам з медработнікамі хуткай адпрацаваў змену.

– Санітары нам заўсёды патрэбны, – сказаў галоўны ўрач Браслаўскай ЦРБ Аляксандр Макарэвіч, калі папрасіла ў яго дазволу папрацаваць з брыгадамі службы “103”. І гэтак жа коратка праінструктаваў пра абавязкі. У 7.15 быць на месцы, каб у 8 гадзін, калі спатрэбіцца, выехаць на выклік.

Але я на працу прыйшла значна раней, каб на свае вочы паглядзець працэс здачы-прыёмкі змен дзвюх брыгад хуткай дапамогі, якія абслугоўваюць большую частку насельніцтва раёна. (Меншая пад апекай паста Відзаўскай участковай бальніцы). Фельчары адпрацаваўшай спісвалі выкарыстаныя лекі, папаўнялі свае чамаданы новымі, ставілі на зарадку акамулятары дэфібрылятараў, батарэі апаратаў ЭКГ, каб новую змену сустрэць ва ўзбраенні.

Валерый Радзько, старшы фельчар з вышэйшай адукацыяй і катэгорыяй, з вялікім вопытам работы паказваў мне начынку чамаданаў, дзе, бадай, на ўсе выпадкі жыцця былі таблеткі, ін’екцыі, кропельніцы, аснастку ў рэанімабілі “Рэно”: розныя апараты для падтрымання жыццёвых функцый арганізма чалавека – кардыяманітор і апараты для дакладнага вымярэння ціску, ачысткі дыхальных шляхоў і штучнага вентыліравання лёгкіх, дэфібрылятар, шпрыцавы дазатар…

У спецмашыны ёсць спадарожнікавая сувязь. З яе дапамогай кардыяграму можна перадаць у райбальніцу.Там яе прачытаюць да таго, як хворага давязуць да ЦРБ, паставяць дыягназ і адразу па прыбыцці акажуць патрэбную кваліфікаваную дапамогу.

Гэта вельмі важна для сельскіх раёнаў, дзе плячо выкліку можа перабольшваць 40 км.

Фельчары абмяняліся са зменшчыкамі інфармацыяй пра абслужаныя выклікі мінулых сутак, папярэдзілі, дзе могуць быць паўторныя. Для наступных брыгад звесткі важныя, бо пры неабходнасці дапамогуць зразумець працэс развіцця хваробы.

– Што датычыцца санітараў, то ў штат нашай службы яны ўведзены ў жніўні мінулага года, – патлумачыў Валерый Радзько. – Сталі добрымі памочнікамі медработнікаў, асабліва калі гэта тычыцца цяжка хворых. Раней, каб вынесці іх з кватэры ў машыну, патрабавалася пастукаць не ў адны дзверы і прасіць дапамогі. Цяпер спраўляемся самі. Для жанчын-фельчараў яны яшчэ і гарантыя бяспекі.

Першы выклік, які прыняў дыспетчар Яўген Паўкшта, паступіў адразу пасля 9 гадзін з райцэнтра. Хуткую чакалі па Садовай, у пажылога мужчыны зрыў сардэчнага рытму. Пацыент фельчарам знаёмы. Тры разы практычна праз дзень-два яму аказвалі ў студзені медыцынскую дапамогу. Але ад шпіталізацыі пенсіянер адмаўляўся. Таму Алена Скуратовіч, якая едзе на выклік, прадумвае план дзеянняў.

Правярае пульс. Санітар Ілья Галалобаў падключае ЭКГ-апарат. Фельчар здымае з яго стужку запісу, чытае. Пасля гэтага робіць укол і прымае рашэнне – везці мужчыну ў бальніцу.

Па дарозе цікаўлюся ў свайго калегі-санітара, як даўно працуе на хуткай, якую адукацыю мае. Аказалася, Ілья Галалобаў – студэнт-завочнік Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава, дзе вучыцца на экскурсавода. Пры невялікім выбары месцаў у райцэнтры падаўся ў санітары, пра што цяпер ніколькі не шкадуе.

– Ведаеце, – сказаў ён, – дапамога людзям нават на маім узроўні прыносіць задавальненне. Таму мяняць працу пакуль не збіраюся.

– Выпадковых людзей у службе “103” наогул не бывае, – скажа пазней яшчэ адзін фельчар Барыс Мацук, з якім едзем амаль за 17 км у вёску Іказнь. На дарозе галалёд, і вадзіцель Віктар Яноўскі не можа “даць газу”. Супакойвае тое, што сітуацыя не экстранная, медыкаў выклікалі да інваліда, якому трэба замяніць катэтар.

– Усе фельчары з вялікім вопытам работы, дысцыплінаваныя, з хуткай рэакцяй на абставіны, усе з вышэйшай катэгорыяй, – характарызаваў калег Барыс Мікалаевіч.

– Я паспрабаваў памяняць занятак, пакінуў медустанову. Толькі хутка засумаваў і прыйшоў назад.

У кожнага фельчара ёсць свая гісторыя, калі прыйшлося працаваць у экстрэмальнай сітуацыі, свая капілка выратаваных жыццяў. У райцэнтры і аграгарадку Ахрэмаўцы памятаюць, як два фельчары ратавалі прыціснутага вялізнай скрыняй шклу, а гэта не адна тона, чалавека. Калі б хто зняў на камеру іх работу, яе паказвалі б як урок зладжанай і прафесіянальнай дзейнасці двух медыкаў. Тут былі і веды, і вопыт, і апраўданая рызыка. Галоўнае, пацярпеўшага выратавалі.

Свае гісторыі мае і Барыс Мікалаевіч. Але з большай ахвотай расказвае пра чужыя поспехі.

Патрэбны дом у Іказні знайшлі хутка. Гаспадыня па тэлефоне падказвала карацейшы шлях. А сустрэўшы, пачала нібы прасіць прабачэння, што сама не змагла прамыць катэтар – забіўся. Цяпер трэба мяняць.

Фельчар хутка і дакладна зрабіў маленькую аперацыю. Мужчына і вохнуць не паспеў, як наступіла палёгка. Мая функцыя памочніка звялася да падачы Барысу Мікалаевічу чыстай вады і вылівання скарыстанай.

Паездка ў Іказнь заняла каля 45 хвілін, але за час нашай адсутнасці новых выклікаў не было. Значыць, не здарылася і цэйтноту, калі дзве машыны на выездзе за дзясятак-другі кіламетраў, а дапамогі просяць яшчэ некалькі чалавек. Вось тады патрабуюцца прафесіяналізм і вытрымка ад дыспетчара, па адукацыі таксама медыка, каб найбольш поўна распытаць пра самаадчуванне хворага і правільна вызначыць экстранны, тэрміновы ці неадкладны выклік і згодна з катэгорыяй устанавіць чарговасць абслугоўвання. Звычайна пра такія сітуацыі мы не ведаем, лічам свой званок самым значным, не хочам слухаць тэлефонных парадаў, як самому ці з дапамогай блізкага аблегчыць стан хворага. Нездарма кажуць: чакаць і даганяць асабліва цяжка. Але медыцынскія брыгады не прахалоджваюцца, зрываюцца з месца і спяшаюцца на дапамогу заўсёды.

На гэты раз званок прагучаў праз некалькі хвлін пасля нашага вяртання з Іказні. На выклік у Опсу за 20 км адправілася другая машына. Па інфармацыі, адзінокая сталая жанчына не магла справіцца з ціскам.

 Вольны час сваёй брыгады скарыстала для роспыту пра асаблівасці работы хуткай у сельскім раёне, найбольш частыя звароты па дапамогу. Вядома, гаварылі мае суразмоўцы, выклікаў абслугоўваюць менш, чым у вялікіх гарадах – 10-14 на экіпаж за суткі. Затое плячо даезду значна большае, чым там. І стан дарог, асабліва гравіек, сёлетняй зімой жадае быць лепшым. У выніку губляецца такі дарагі для чалавека час, а сучасныя, аснашчаныя ўсім патрэбным для ратавання жыццяў машыны на “пральных дошках” дарог пачынаюць брызгатаць, як старыя УАЗы.

Наракалі фельчары яшчэ на адну бяду, напэўна, характэрную для ўсіх аблюбаваных дачнікамі раёнаў. Гэта тычыцца і турыстычных стаянак Нацыянальнага парку, якіх няма на карце. Пакуль шукаць месцы адпачынку на прыродзе хуткай даводзіцца амаль што ўсляпую. Добра, што вадзіцелі, скалясіўшы раён удоль і ўпоперак, часам па знешніх прыкметах ці накатанай каляіне знаходзяць схаваныя ў лесе ці па берагах азёр абсталяваныя стаянкі, каб дапамагчы хвораму.

Есць і станоўчыя моманты. колькасць выклікаў скарачаецца, і не толькі з-за змяншэння насельніцтва, але і таму, што палепшылася медыцынская дапамога амбулаторый і ФАПаў.

Часцей жа за ўсё па дапамогу ў хуткую звяртаюцца людзі з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, віруснымі інфекцыямі, траўмамі.

Здавалася, на гэтых праблемах і скончыцца мой дзень дзяжурства. Але надвячоркам мы імчалі па адрасе, дзе жонка знайшла ў хаце мужа без прытомнасці. Траўма? Інсульт? Два пытанні, якія патрабавалі тэрміновага адказу. Па прыбыцці на месца Барыс Мацук фіксуе на галаве мужчыны кровападцёк, адзначае зблытанасць свядомасці і пачынае агляд. Зноў вымярэнне ціску, кардыяграма, знешні агляд скуры, вачэй, пазногцяў… Век жыві і век вучыся – іх выгляд таксама дае падказку знаўцу сваёй справы пра стан здароўя пацярпелага.

Не губляючы часу на апрананне, мужчыну заварочваем у коўдру, кладзём на насілкі – і ў рэанімацыю. Як стане вядома крыху пазней, у яго здарыўся інсульт. На сёняшні дзень ён праходзіць рэабілітацыю ў сталіцы.

– Гэта няпраўда, што да цяжкага стану хворага, смерці можна прывыкнуць, спакойна рэагаваць, – адзначыла фельчар Алена Скуратовіч. – Так разважаюць тэарэтыкі, а практыкі не згодзяцца ніколі.

Пасля цяжкай змены медыкам ёсць перавесці дух. Адміністрацыя паклапацілася пра ўмовы для персаналу. У аддзяленні хуткай дапамогі абсталяваны камфортны пакой адпачынку з канапамі, тэлевізарам, кухняй і абедзеннай зонай. Халадзільнік, мікрахвалёўкі, электрачайнікі, посуд – усё для работнікаў адказнай службы.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ