Мемарыяльна-інфармацыйную шыльду ў памяць пра існаванне нямецкага канцэнтрацыйнага лагера адкрылі ў Лужасне Віцебскага раёна. На мерапрыемстве прысутнічала апошняя з жывых вязняў лагера Валянціна Дробышава.
З лета 1941 па зіму 1942 гг. ён дзейнічаў як лагер для савецкіх ваеннапалонных, потым там утрымлівалі мірных жыхароў, якіх вывозілі з партызанскай зоны падчас правядзення карных экспедыцый. Сотні грамадзян накіроўвалі адтуль у канцлагер «Пяты полк» у Віцебску, адпраўлялі на прымусовыя работы ў Германію, частку пакінулі ў Лужасне для працы на немцаў. Сваякоў партызан і тых, каго падазравалі ў дапамозе патрыётам-антыфашыстам, нацысты расстралялі непадалёк, на беразе Лужаснянкі. З сакавіка 1943 па красавік
1944 гг. тут дзейнічаў канцэнтрацыйны лагер, фашысты закатавалі ў ім больш за 500 чалавек. У памяць пра ахвяр паблізу дарогі станцыя Лужасна – Руба пастаўлены абеліск.
У 1995 г. Рэспубліканская навукова-квалі-фікацыйная камісія па вызначэнні месцаў прымусовага ўтрымання грамадзян у гады Вялікай Айчыннай вайны надала лагеру ў Лужасне статус «Лагер на пярэднім краі нямецкай абароны». Тыя вязні, што засталіся жывымі, атрымалі права на кампенсацыю. Значную ролю ў зборы матэрыялаў адыграў віцебскі краязнаўца Дзмітрый Газін.
Кадэты мясцовага вучылішча ўсталявалі мемарыяльна-інфармацыйную шыльду, побач размясцілі таблічку з QR-кодам, які дазваляе перайсці на інтэрнэт-старонку з вялікім артыкулам, дзе змешчаны больш поўныя дадзеныя і ілюстрацыі.
У планах кадэтаў таксама адкрыць мемарыяльна-інфармацыйныя шыльды на месцы існавання нямецкага канцлагера ў вёсцы Бараўляны Віцебскага раёна, на месцы гібелі і пахавання мірных жыхароў Лужасна.
Мікалай Півавар, Віцебск.