Удзельнікам і гасцям Дня беларускага пісьменства
Паважаныя сябры!
Сардэчна віншую вас з Днём беларускага пісьменства, які сёлета сабраў сяброў на славутай гомельскай зямлі — у гасцінным Добрушы.
Гэтае свята стала сапраўды народным, сімвалам адзінства славян, умацавання духоўных каштоўнасцей, якія вучаць памятаць пра свае вытокі, шчыра любіць родны край і паважаць продкаў. Менавіта пісьменства з’ядноўвае мінулае, цяперашняе і будучыню, зберагаючы, як найвялікшы скарб, сувязь пакаленняў.
Беларусы заўсёды шанавалі пісьмовае слова, пачатак якому на нашай зямлі далі Еўфрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі і якое 505 гадоў таму Францыск Скарына аздобіў у друкаваную кнігу. Слаўныя традыцыі продкаў-асветнікаў годна працягвалі Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч, Іван Мележ і Іван Шамякін, на малой радзіме якога праходзіць мерапрыемства.
Непахісная вера, багатая культурная спадчына і шчырае, таленавітае, праўдзівае слова здольныя захаваць згоду між народамі і дараваць усім надзею на лепшае. У гэтым перш за ўсё найвялікшае прызначэнне Дня беларускага пісьменства.
Жадаю ўдзельнікам і гасцям свята моцнага здароўя, жыццёвай мудрасці, дабрабыту, натхнення і плёну ў працы, мірнага неба і асабістага шчасця.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА.
По материалам sb.by