Выкананне будаўнічай праграмы гэтага года абмеркавалі на пасяджэнні Пастаўскага райвыканкама.
На Пастаўшчыне традыцыйна будуюць шмат. За апошнія гады ўведзена ў эксплуатацыю не адна тысяча квадратных метраў жылля, значныя вытворчыя аб’екты, буйнейшы з якіх – трэцяя чарга робатызаванай фермы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай». Але сёлетні год па маштабнасці работ пераўзышоў папярэднія. Упершыню за доўгі час калектыў мясцовага будаўнічага прадпрыемства «Рассвет Поставский» сфарміраваў вытворчую праграму ў сваім раёне. Больш за тое, справа знайшлася і для субпадрадчыкаў, якіх запрасілі з іншых рэгіёнаў.
За сем месяцаў у раёне выканана падрадных работ на 7198 тыс. руб., ці 116,7% да ўзроўню мінулага года. «Рассвет Поставский» сваімі сіламі асвоіў 3783 тысяч. Тэмп росту да паказчыкаў 2018-га склаў амаль 143%. Калектыў працаваў рэнтабельна, атрымаў 188 тыс. руб. чыстага прыбытку і па-ранейшаму займае адно з лідзіруючых месцаў у аб’яднанні «Полацксельбуд».
На яго рахунку здадзены сёлета 12-кватэрны дом і вялікія аб’ёмы выкананых работ па рэканструкцыі малочнатаварнай фермы – пад малочнатаварны комплекс, першую чаргу якога запланавана здаць у гэтым го-дзе, у ААТ «Хацілы-Агра». На завяршальнай стадыі ўзвядзенне 60-кватэрнага дома ў Паставах.
Дэталёва прааналізаваны ход будаўніцтва жылля. У раёне ўжо ўведзены ў эксплуатацыю 3633 кв. м, з якіх 1875 кв. м у Паставах і 981 – у сельскай мясцовасці. Сярод вяскоўцаў найбольш актыўна будаваліся жыхары Лынтупшчыны. Прычым забудоўшчыкі павысілі патрабаванні да якасці работ. Новы дом у Хацілах, напрыклад, па наяўнасці зручнасцей не саступае тым, што ўзводзяцца ў горадзе. Ацяпляецца газам, мае гарачае і халоднае водазабеспячэнне. Тэрыторыя ля будынка добраўпарадкаваная, мае стаянку для транспарту, пракладзены дарожкі, разбіты кветнікі.
Але патрэба ў жыллі не змяншаецца. Таму пачата фарміраванне праграмы будаўніцтва жылля на наступны год. Днямі пачнецца ўзвядзенне чарговага 40-кватэрнага дома, адпраўлены на экспертызу праект яшчэ аднаго 60-кватэрнага для 26 шматдзетных сем’яў.
Але яшчэ каля 90 шматдзетных сем’яў маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і плануюць гэта зрабіць у бліжэйшыя гады. Для іх і іншых пастаўчан у раёне вуліцы Зялёнай, дзе фарміруецца новы мікрараён райцэнтра, выдзелена 30 участкаў, да якіх будзе падведзена інжынерна-транспартная інфраструктура. А пакуль тут неўзабаве пачнуць будаваць дзіцячы сад на 94 месцы.
У недалёкай перспектыве ў Паставах з’явіцца яшчэ адзін мікрараён індывідуальнай забудовы амаль на 400 катэджаў.
Горад прырастае новымі гандлёвымі кропкамі. Шматфункцыянальны комплекс узводзіць «ДзісаНанс», магазін на 1000 квадратаў агульнай плошчы – «Санта Рытэйл».
У планах Пастаўскага лясгаса будаўніцтва завода па вырабе паліўных гранул, малаказавода – малочнатаварнага комплексу, таму работы будаўнікам яшчэ хопіць не на адзін год.
Фота з адкрытых крыніц.