На будаўнічай пляцоўцы будучага завода па вырабе пракатнага ліста і белай бляхі ў Міёрах заліты першыя пяць паляў пад асноўны лістапракатны цэх.
Галоўны інжынер Святлана Пятрова і прараб Уладзімір Ластун
удакладняюць задачы бетоншчыкаў-стропальшчыкаў
Уладзіміра Вайцянкова і Алега Бацюні
– Такім чынам пакладзены пачатак рабоце па ўзвядзенні цэха, – сказаў намеснік старшыні райвыканкама Леанід Лясовіч. – Новая вытворчасць, рабочыя месцы, новыя магчымасці для развіцця сацыяльнай сферы – усё гэта важна для раёна.
За заліваннем першых паляў, якіх будзе больш за паўтары тысячы, сачылі генеральны дырэктар «ММПЗ-груп» Пётр Шымуковіч, кіраўнік праекта Міндоўгас Гірчыс са сталічнай фірмы «Праектана ГеаБел» і галоўны інжынер праекта з боку генпадрадчыка – кампаніі «МетПрамБуд» – Святлана Пятрова, прадстаўнікі іншых служб. Выканаць гэту складаную работу было даручана машыністу вібраапускальнай машыны Анатолю Давідовічу, які з дапамогай іншых спецыялістаў змясціў стальныя асадныя трубы ў арматурныя каркасы ў грунце, пасля чаго яны залілі іх бетонам.
– Далей работы пойдуць хутчэй, – паведаміў прараб Уладзімір Ластун. – Для запаўнення асадных труб пачнём выкарыстоўваць спецыяльныя помпы.
– Усё будзем выконваць згодна з тэхналагічным графікам, – удакладніў намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве «ММПЗ-груп» Канстанцін Ермакоў.
Работы вядуцца і на іншых пляцоўках завода, у прыватнасці, на месцы будучай цэнтральнай майстэрні са складамі і стаянцы для аўтамабіляў.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.