У апошнія гады Міёршчына прырасла новымі сучаснымі сацыяльнымі аб’ектамі. Пушчаны ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчы комплекс, магазін і кафэ «Ніка», офіс «Белдзяржстраха», экалагічны візіт-цэнтр «Ельня». А 6 кастрычніка на Міёрскім мясакамбінаце афіцыйна здалі халадзільнік для замарожвання і захоўвання мясапрадуктаў.
З гэтай нагоды на прадпрыемстве сабраліся тыя, хто непасрэдна ці ўскосна ўдзельнічаў у вялікай рабоце па пераводзе камбіната на сучасны ўзровень тэхналагічнай аснашчанасці, які дазваляе павялічыць аб’ёмы выпуску прадукцыі і палепшыць яе якасць. Удзячныя словы за падтрымку ў гэтым не раз прагучалі на ўрачыстым мерапрыемстве ў адрас аблвыканкама і намесніка яго старшыні Алега Мацкевіча, які стаў сведкам падзеі, старшыні райвыканкама Ігара Кузняцова, кіраўнікоў ААТ «Мясамалпрам», «Белаграпрамбанк», УП «Віцебскмеліяводгас». Новая будоўля каштавала амаль 90 млрд рублёў, 35 з якіх былі выдзелены з абласнога інвестыцыйнага фонду. Камбінат змог рацыянальна выкарыстаць кожны ўкладзены рубель і атрымаў, як вобразна зазначыў яго дырэктар Віктар Бандарэнка, вуду, якая дазволіць многія гады карміць насельніцтва якаснай і недарагой прадукцыяй, а ў калектыва з’явілася магчымасць працаваць стабільна, мець дадатковыя рабочыя месцы і дастойную заработную плату.
Новы халадзільнік, плошча якога каля 3 тыс. кв. м, умяшчае 500 т мяса і карэнным чынам мяняе тэхналогію яго ахалоджвання. Камера шокавага замарожвання за 2-3 гадзіны ахалоджвае тушы да +40С, частка якіх ідзе на перапрацоўку, другая – на захоўванне. Такім чынам ахалоджаная ялавічына – запатрабаваны прадукт па ўсім свеце, а гэта дазваляе калектыву мясакамбіната выйсці на рынак збыту за межы сваёй рэспублікі. Частка плошчаў халадзільнага цэха адведзена пад каўбасную вытворчасць, якая таксама мадэрнізавана.
Па водгуках спецыялістаў, тэх-
налагічны ўзровень камбіната адпавядае цяпер лепшым сусветным аналагам, дазваляе пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі, якой ужо цяпер тут вырабляюць прыкладна 100 відаў, да 45 сутак павялічыць тэрмін рэалізацыі паўфабрыкатаў. І, што не менш важна, палепшыць яе якасць. Хоць яна, падкрэсліў не адзін прамоўца, тут заўсёды была высокай. Калектыў мае дыпломы пераможцы грамадскага конкурсу «Лепшая прадукцыя» ў 2006 і 2007 гадах, у 2008-м узнагароджаны дыпломам за паспяховы дэбют на IV Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Харчовая індустрыя», у 2010-м – за шырокі асартымент прадукцыі на міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «Харчэкспа» і на міжнароднай выставе «Віцебшчына – за здаровы лад жыцця». Днямі беларуская дэлегацыя адпраўляецца на кірмаш у Маскву. У сталіцы Расійскай Федэрацыі будзе прадстаўлена прадукцыя Міёрскага мясакамбіната.
– Цяпер галоўнае, – падкрэсліў у сваёй прамове кіраўнік нядаўна створанай інтэграванай структуры, дырэктар Полацкага камбіната хлебапрадуктаў Васіль Хамёнак, – загрузіць прадпрыемства пад яго новыя магутнасці сыравінай. – Мы зробім так, каб працэс вырошчвання і рэалізацыі сельгаспрадукцыі, ад поля да магазіна, ішоў праз адны рукі, мінуючы шматлікіх пасрэднікаў, што дазволіць перш за ўсё зменшыць яе сабекошт.
На свяце многія атрымалі падзячныя лісты ад райвыканкама і калектыву камбіната. Намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў і дырэктар камбіната Віктар Бандарэнка перарэзалі сімвалічную стужку. Яны і іншыя ганаровыя госці ў памяць пра гэту падзею пасадзілі ў двары прадпрыемства некалькі пладовых дрэў. А каб запрошаныя мелі ўяўленне пра сучасны працэс перапрацоўкі мяса, правялі для іх экскурсію па камбінаце.