Пастаўскі лясгас сёлета плануе павялічыць экспарт бярозавага соку больш чым у тры разы.
Па словах дырэктара гэтай дзяржаўнай лесагаспадарчай установы Уладзіміра Місачэнкі, мінулай вясной адгрузілі літоўскай фірме каля 60 тон дадзенага прадукта. Партнёры з суседняй дзяржавы высока ацанілі якасць натуральнага напою. Як паведаміў карэспандэнту «ВВ» вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Алег Грыцкевіч, пагадненне аб далейшым супрацоўніцтве ўжо падпісана: заключаны новы кантракт на пастаўку ў гэтым сезоне 200 тон бярозавага соку на суму 20 тысяч долараў.
Лясгасы вобласці пачнуць маштабную нарыхтоўку карыснага натуральнага прадукта, як толькі ўсталюецца стабільна цёплае надвор’е. Бярозавы сок будзе рэалізоўвацца і нашаму насельніцтву.