Як толькі жыхары Лынтупскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАНа Пастаўскага раёна пачулі пра акцыю «Кармушкі для птушкі», што аб’явіла ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», адразу вырашылі актывізаваць сваю дзейнасць і надаць ёй арганізаванасць. І раней яны падкармлівалі птушак, якія прылятаюць у двор ля будынка, шукаюць корм пад нагамі і вакол дрэў, проста насыпалі на кардонкі хлебныя крошкі і выстаўлялі за акно.
Аб’яўленая акцыя натхніла на свой конкурс па вырабе кармушак, а для заахвочвання таго, чыю прызнаюць лепшай, папрасілі ў адміністрацыі прыз. Адначасова з практычнай справай пацікавіліся, чым арнітолагі раюць падкармліваць сініц ды снегіроў, вераб’ёў ды дзятлаў. Аказалася, што рэшткі хлеба і булак не лепшая ежа для іх. Сініцы і дзятлы любяць несалёнае свежае сала. Вераб’і, зелянушкі, чыжы – нясолены арахіс. Гэтыя факты жыхары аддзялення ўзялі на ўзбраенне.
Кармушкі ўладкавалі так, каб мець да іх добры падыход, а з акна назіраць за пярнатымі падапечнымі. І корм сталі класці рэкамендаваны.