Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экология

Саламяны дом пабудаваў настаўнік у Докшыцкім раёне

Педагог дадатковай адукацыі Докшыцкага цэнтра дзяцей і моладзі Аляксандр Гапанёнак змоладу скончыў у Мінску будаўнічае вучылішча №114, індустрыяльна-педагагічны каледж і будфакультэт БНТУ.

Ён сталяр-станочнік і рэзчык па дрэве, пячнік другога разраду і выкладчык спецдысцыплін. Студэнтам даведаўшыся пра саламянае домабудаўніцтва, загарэўся ідэяй калі-небудзь займець такое ўласнае жыллё. Прывабіла, што для яго ацяплення патрэбна мінімум паліва. Падрыхтаваў курсавую працу па тэме, а пасля вучобы яшчэ 10 гадоў збіраў і аналізаваў інфармацыю пра саламяныя праекты.

І вось у ліпені 2013-га адважыўся ўзводзіць доўгачаканы дом з сонечнай саломы. Жартуе, што зрабіў крок у нікуды, першым з докшыцкіх дэбютаваўшы ў нязвыклым будаўнічым жанры. Жонка Яўгенія Пятроўна, бальнічная сястра-гаспадыня, сказала: “З чаго ні зробіш – у тым і будзем жыць, мая справа – наладзіць побыт”.

Калі ў мясцовым архітэктурным бюро чарцілі праект, Аляксандр Алегавіч папрасіў перавесці патрэбны яму аб’ём піламатэрыялаў у лес-кругляк. Нарыхтоўваў і распілоўваў сам, набыўшы партатыўную пілараму, што дапамагло сэканоміць каля 3 тыс. умоўных адзінак. Яе ў любы момант можна прадаць, а спатрэбіцца распілаваць які прыгожы кавалак дрэва для дэкору – дык ёсць на чым. Калі летась у вёсцы Вецяра бурай зламала шмат дрэў, камгасаўцы не змаглі справіцца з метровай таўшчыні таполяй. У Тумілавіцкім сельвыканкаме Аляксандру Гапанёнку сказалі: толькі забярыце.

 – Дрэва – мой любімы матэрыял. Драўляныя зрубы дамоў таксама даспадобы, толькі я ўпэўнены, што зараз пры іх вырабе не зважаюць на старадаўнія, правераныя часам тэхналогіі. Матэрыял, напрыклад, нарыхтоўваюць абы-калі. Ёсць і іншыя аргументы на карысць саламянага жылля.

На сцены аднаго, як мой, але драўлянага дома спатрэбілася б 100 кубаметраў лесу. Гэтага хопіць на ўзвядзенне некалькіх саламяных, бо на адзін плошчай у 100 кв. м ідзе толькі 10 кубаметраў піламатэрыялаў, – тлумачыць будаўнік з трыма дыпломамі.

За паўтара месяцы Аляксандр Алегавіч з бацькам Алегам Аляксандравічам, які хаця і не будаўнік, але шмат што ўмее, бо творчы чалавек па натуры, усталявалі сасновы каркас, што нясе ўсю нагрузку ў доме, стойкі, перакрыцці і сандулінавы дах. У сельгаспрадпрыемстве выпісалі салому, на той момант па 100 тыс. руб. за тону. Трактар давялося арандаваць, а прэс-падборшчык набылі ў фермера. Лічыцца, што для такой справы лепш іржаная салома, але трапілася з азімага жыта, пшаніцы, трыцікале.

 – Наконт экалагічнасці гэтай сыравіны даведаўся, што саламянае сцябло – усяго толькі ліфт, які дастаўляе спажыўныя рэчывы коласу. Зрэшты, калі сумняваешся, можна набыць салому з палёў, куды ўносілі натуральнае ўгнаенне, – раіць Аляксандр Гапанёнак.

За паўдня напрасавалі 470 блокаў, спатрэбілася 450. Вага аднаго – каля 16 кг, даўжыня – 800 мм, вышыня – 400, таўшчыня – 500. Сцены перад атынкоўкай варта падстрыгчы, выраўняць “балгаркай”. Увосень звонку іх абмазалі змешанай з пяском глінай, дарэчы, здабытай пры капанні падвала. І здагадацца зараз, што гэтыя карычневыя сцены – з саломы, можна толькі добра прыгледзеўшыся: там-сям вытыркаюцца яе кончыкі. Чарнавы, супрацьпажарны слой. Хаця процьмай тэстаў, зробленых выпрабавальнікамі ў розных краінах, даказана: саламяныя блокі – надзейны напаўняльнік і ўцяпляльнік у будаўніцтве, у непрадбачаных выпадках толькі абвугліцца, але не згарыць. Паверх будзе накладзена яшчэ пара гліняна-вапнавых ці вапнавых слаёў. А франтоны тады не паспелі атынкаваць, яны год стаялі адкрытымі непагадзі, мышам. І нічога – салома не сапсавана, толькі крышку пашарэла.

Вокны – драўляныя шклопакеты. Драўляную столь зверху закладуць саламянымі блокамі, а такую ж падлогу знізу ўцепляць глінай з апілкамі.

На сценах, дзе размесцяцца кухонныя шафкі ці яшчэ што навеснае, як і пад батарэі, закладзены драўляныя брускі. На сямейным савеце саламяныя сцены знутры вырашана аздобіць дэкаратыўнай тынкоўкай, перагародкі між пакоямі – шпалерамі. Электраправодка схаваная, ёсць водаправод, усталяваны кольцы для каналізацыі.

Згодна з абмерамі БТІ карысная плошча дома складае 106 кв. м. Ён ацяпляецца печчу, якую гаспадар склаў уласнымі рукамі. У драўляным жа такой хапіла б на абагрэў толькі трэці плошчы.

 – Яшчэ ў зале складу камін, печ застанецца запасным варыянтам. Любім з жонкай глядзець на жывое полымя, – працягвае экскурсію па сваім амаль гатовым доме гаспадар.

У кацельні будзе цвёрдапаліўны кацёл з цепланакапляльнікам на тысячу літраў вады. Змеявік з гэтай бочкі можна падключыць да сонечнага калектара, каб пры адпаведным надвор’і нават зімой атрымліваць цяпло ад промняў. У спёку ў доме было плюс 20 градусаў, Аляксандр Алегавіч начаваў не ў цаглянай аднапакаёўцы, якую часова здымае яго сям’я, а тут. Выдатна спіцца. Сябры жартуюць: дзе схаваў кандыцыянер? Сцены, кажа, і ёсць кандыцыянер.

 – Каб не крэдытная лінія, куды мы ў 2011-м паспелі ўскочыць пад 1% на 40 гадоў, будоўля была б нашмат даўжэйшай па часе. Дзякуй дзяржаве. З умелай брыгадай хапіла б трох месяцаў, а калі падсумаваць усе мае будаўнічыя дні, то будзе нешта каля года. І год яшчэ трэба, каб давесці дом да ладу, – падлічыў Аляксандр Алегавіч.

Хаця ў Докшыцах некаторыя называюць яго дзіваком, аднадумцы ёсць у розных кутках Беларусі. Яны папулярызуюць саломабудаванне ўласным прыкладам. Недасведчаным такое жыллё ўяўляецца стогам з вокнамі і дзвярыма ці як у Ніф-Ніфа з казкі пра траіх парасят.

 – А гэта, калі казаць правільна, каркасны дом з натуральным уцяпляльнікам. Мы правялі тут семінар для жадаючых. Адзін з яго ўдзельнікаў прывозіў жонку і сваячку. Кабеты пачалі піць валяр’янку пасля таго, як ён аб’явіў пра намер узвесці дом з саломы. Нарэшце пераканаліся: годны для жыцця і спрыяльны для здароўя, – смяецца Аляксандр Алегавіч.

Спецыялісты БТІ, афармляючы дакументы на будынак, таксама дзівіліся і не ведалі, да якога тыпу яго аднесці, бо ў іх класіфікацыі няма адпаведнага вызначэння.

 – Мне 36 гадоў, сын – другакласнік, дачушка ў дзіцячым садку. Думаю, і праўнукі пажывуць у гэтым доме. Я эксперыментую на сваёй будоўлі, тут мая лабараторыя. А паслядоўнікам будзе куды прасцей.

Сёлета нарыхтавалі салому, каб зрабіць такі ж для сям’і майго малодшага брата Дзмітрыя ў Глыбокім. Тона каштавала 130 тыс. руб. Будзе прыменена паскораная тэхналогія, апрабаваная ў Расіі, Украіне, еўрапеўскіх краінах: матэрыялы рыхтуюцца на працягу месяца, а мантаж дома зойме ўсяго адзін дзень!

Фота Дзмітрыя Осіпава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ