Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Год гостеприимства

Індустрыя забаў Віцебска: ці адпавядае патрабаванням?

Адкрытая дыскусія на такую тэму сталася надзвычай актуальнай, асабліва ў Год гасціннасці. Наколькі ўяўленне пра Віцебск як мастацка-творчую сталіцу краіны супадае з рэальнасцю? Ці ўсіх задавальняе створаная тут індустрыя забаў?

 

Папярэдне праведзенае відэаапытанне на вуліцах паказала, што шмат хто задаволены паркамі, скверамі, набярэжнай Віцьбы. Большасць адпачывае на вольным паветры. Людзі не жадаюць плаціць за адпачынак, таму спажываюць тое, што бясплатна. Але калі прыязджаюць госці, то паўстае пытанне, што паказаць, як цікава правесці з імі час.

Героі апытання і ўдзельнікі дыскусіі сышліся ў меркаванні, што не хапае інфармацыі пра мерапрыемствы ў горадзе. Натуральна, у Інтэрнэце яна ёсць, але што рабіць тым, для каго гэты рэсурс недасяжны? На думку арганізатара культурніцкіх па­дзей Віталя Броўкі, на жаль, актуальныя мерапрыемствы часта застаюцца па-за ўвагай тэлебачання і мясцовых газет.

Вядомы дзеяч мастацтваў Валянціна Кірылава выказала крыху іншы погляд на гэтую праблему: «Можа, справа ў тым, як мы выкарыстоўваем інфармацыю? Ці рэагуем на тыя абвесткі, што з’яўляюцца? Ці праяўляем актыўнасць, цікавасць?» На пытанне «Чаго не дастае вам?» Валянціна Міхайлаўна адказала: «Мне не хапае часу».

У рэчышчы абмеркавання варыянтаў адпачынку гараджан эксперты закранулі важнае пытанне культурніцкага менеджменту. Спецыялісты ў гэтай сферы неабходны, каб сачыць за тым, што адбываецца ў грамадстве, попыт на што можа з’явіцца ў бліжэйшы час, вытрымліваць баланс паміж высокімі функцыямі культурніцкага прадукту (асвета, выхаванне густу) і запатрабаваннямі аўдыторыі.

— У нас кожны сам па сабе, — заўважыла дырэктар забаўляльнага дзіцячага цэнтра «Джунгли зовут» Іна Якаўлева. — Няма нейкіх клубаў для арганізатараў, дзе яны маглі б дамаўляцца, хто, што і калі ладзіць.

Арганізатары дыскусіі ставілі сабе за мэту прааналізаваць сферу адпачынку для розных узроставых груп.

— Мы хацелі атрымаць іх бачанне ўласных патрэб і канкрэтных прапаноў па спосабах адпачынку, — патлумачыў мадэратар дыскусіі Уладзімір Булаўскі. — Найбольш актыўнай прадказальна аказалася моладзь, студэнцкая і сямейная. Менш за ўсё прапаноўвалі школьнікі і пенсіянеры. Бо збольшага яны ведаюць, як і дзе ім адпачыць адпаведна сваім жаданням. Для першых гэта спорт (веласіпед, ролікі), сустрэчы з сябрамі, прагулкі па гора­дзе, адпачынак на прыродзе, а таксама сацыяльныя сеткі і відэа­гульні. Абсалютны лідар сярод пажаданняў школьнікаў — аквапарк. За ім — лунапарк і іншыя віды атракцыёнаў. Для прадстаўнікоў сталага ўзросту хіба што толькі грошаў не хапае на ўсе іх віды актыўнасці і хобі.

У выніку дыскусіі вызначы­ліся блокі таго, што ў індустрыі забаў увогуле задавальняе, а чаго не хапае.

Станоўчую адзнаку атрымалі: забаўляльныя ўстановы (дзіцячыя цэнтры, дыскатэкі, клубы, кавярні); культурна-асветніцкія (музеі, тэатры, галерэі, залы пры мастацкіх школах, бібліятэкі, філармонія); гарад­ская прастора (скверы, паркі, набярэжная Віцьбы); актыўны адпачынак (пракат веласіпедаў, катамаранаў).

Разам з тым не хапае: альтэрнатыўных пляцовак для лю­дзей з рознымі запатрабаваннямі (дзіцячых адукацыйных праграм, месцаў для актыўнага адпачынку, у тым ліку рампаў для скейтбардыстаў, парковак для ровараў), прасторы для маладых музыкаў, гуртоў, ды­джэяў, танцораў; даступнай інфармацыі пра культурніцкія падзеі; супольнасцяў прафесійных менеджараў.

Для больш поўнай ацэнкі і аналізу сферы адпачынку, у ліку пажаданняў гараджан і рэалізацыі ініцыятыў з народа неабходна зваротная сувязь з адмі­ністрацыяй горада і кожнай установай культуры. Самі ж ідэі і прапановы — цікавыя, перспектыўныя — ёсць. Іх прэзентацыя стала працягам дыскусіі ў фармаце «Кірмашу праектаў».

Ганна Краўчанка прапанавала ўжо вядомы віцяблянам праект «Забаўлянкі для Янкі» практыкаваць як шэраг музычна-забаўляльных мерапрыемстваў на дваровых канцэртных пляцоўках Віцебска. Для бацькоў з малымі дзецьмі складана наведваць мерапрыемствы, што адбываюцца далёка ад дома. Таму цяпер свята само прыйдзе да іх! Да таго ж гэты  праект можа стаць каталізатарам паляпшэння інфраструктуры двароў.

Падчас прэзентацыі два праекты па развіцці сферы актыўнага спартыўнага адпачынку фактычна ператварыліся ў адзін.

Сяргей Ігнатовіч прапанаваў вялікі сацыяльны праект «Скейт-парк», праз які хацеў бы разбурыць стэрэатыпы пра суполкі скейтараў і веласіпедыстаў як парушальнікаў парадку. Наадварот — гэтыя людзі за здаровы лад жыцця. Больш таго, Сяргей прадумвае магчымасць арганізацыі гурткоў для дзяцей, у якіх скейтары маглі б займацца з усімі ахвочымі.

Алесь Мінін расказаў пра віцебскі «Адкрыты турнір Хмяля», які паспяхова ладзіцца ўжо тры гады, і пра далейшыя планы па развіцці і аб’яднанні нефармальнага аматарскага футбольнага асяроддзя вакол гэтага турніру.

Праект «Бульбарыум» Іны Кулік аб’ядноўвае музей і кавярню, у якіх усіх гасцей частавалі б стравамі з бульбы і расказвалі пра іх. Так, аўтар марыць ператварыць мянушку «бульбашы» ў якасны і цікавы брэнд. Для рэалізацыі сваёй ідэі ёй патрэбна кансультацыйная і юрыдычная дапамога па бізнес-планаванні.

Уладзімір Булаўскі марыць аднавіць «Фестываль актыўнага адпачынку «Свята ветру».З 2003 па 2007 год ён збіраў сотні людзей. Пры гэтым арганізатары не рабілі ніякіх грашовых укладанняў.
Вырашэннем праблемы інфармавання пра ўсе культурніцкія падзеі можа стаць рэалізацыя праекта «Арт-афішы» на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай. Першапачаткова яго аўтары Кірыл Сачанкоў і Таццяна Аліпчыкава планавалі інтэрнэт-фармат, але задумаліся над ма­більным варыянтам па парадзе спадарыні з залы, якая аказалася спецыялістам па распрацоўцы такіх дастасаванняў і адразу ж прапанавала дапамогу.


Фота Алены Сыс 


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ