У Міёрах усё гатовыва да пабудовы сучаснага завод па вырабе белай бляхі. Працаваць на ім будуць некалькі соцень чалавек, а гэта азначае, што для многіх мясцовых жыхароў знойдуцца рабочыя месцы. Як сказаў дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю "ММПЗ-груп" Сяргей Чабуранаў, на падрыхтоўцы пляцоўкі асвоена больш за 4 млрд 200 млн рублёў. Асноўны аб’ём работ выканалі меліяратары. Яны знялі ўрадлівую глебу, якая пазней будзе выкарыстоўвацца для добраўпарадкавання заводскай тэрыторыі і райцэнтра.
Чакаецца, што праз тыдзень-другі кампанія з Каўнаса завершыць распрацоўку праекта металургічнага завода. Яшчэ месяц, тлумачыць Сяргей Ягоравіч, спатрэбіцца на экспертызу ў эколагаў. А вось праекты па электра-, вода-, газазабеспячэнні, пад'язной аўтадарозе і некаторыя іншыя ўжо прайшлі ці праходзяць праверку. У маі будуць аб’яўлены і праведзены тэндары па вызначэнні будаўнічай арганізацыі, якая будзе ўзводзіць завод. Цікавасць праяўляюць буйныя чэшскія, славацкія і славенскія кампаніі.
Аўстрыйская кампанія “ММПЗ GmbH”, якая заключыла дагавор з аблвыканкамам на ўзвядзенне Міёрскага металургічнага завода, інвесціруе на рэалізацыю праекта 200 млн еўра: 50 млн непасрэдна на будоўлю і 150 млн – на тэхналагічнае абсталяванне. На ўзвядзенне вытворчых аб’ектаў адводзіцца 2 гады і столькі ж на пусканаладачныя работы, увод завода ў эксплуатацыю прызначаны на канец 2019 года.
Як расказвае Сяргей Чабуранаў, па інвестдагаворы на прадпрыемстве будзе працаваць не менш за 460 чалавек. Яго магутнасць – 150 тыс.тон белай бляхі ў год, якая запатрабавана і на ўнатраным, і на знешнім рынках.