Сёлета Міёрам выпаў гонар сустракаць удзельнікаў і гасцей абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026». Пра тое, як горад і раён рыхтуюцца да правядзення маштабнага сельскагаспадарчага форума, мы пагутарылі з намеснікам старшыні Міёрскага райвыканкама Яўгенам Нікалаёнкам.
– Сельскагаспадарчае свята праводзіцца восенню, а работы па падрыхтоўцы да яго стартуюць значна раней. Калі ўсё пачалося?
– Пра тое, што абласныя «Дажынкі» пройдуць у Міёрах у 2026 годзе, нам стала вядома ў красавіку 2024-га. У той час мы пачалі вызначаць аб’екты, якія трэба адрамантаваць, прывесці ў належны стан у сацыяльнай і вытворчай сферах, акрэслілі планы па добраўпарадкаванні плошчаў, вуліц, паркаў райцэнтра. У пачатку мінулага года пачалі займацца падрыхтоўкай неабходнай дакументацыі для правядзення рамонтных работ на аб’ектах.
Згодна з планамі капітальна адрамантуюць дзевяць шматкватэрных жылых дамоў у цэнтры горада. Размешчаны яны кампактна, што дазволіць выканаць работы падрадным арганізацыям больш хуткімі тэмпамі. Капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі ўжо пачаўся ў СШ № 2. Праходзіць экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі памяшкання, дзе размяшчаецца зала боксу. Гэта былы адміністрацыйны будынак ПМК-55. Аб’ект павінен стаць знакавым для нашага райцэнтра, бо далёка не ў кожным горадзе такі від спорту, як бокс, развіваецца на прафесійнай аснове.
Рыхтуецца неабходная дакументацыя па мадэрнізацыі з элементамі добраўпарадкавання будынку паліклінікі. За папярэднія два гады выкананы работы па цякучым рамонце на першым і другім паверхах. Дадаткова трэба аднавіць фасад і дах.
У стадыі будаўніцтва знаходзяцца ачышчальныя збудаванні ў Міёрах. Іх узвядзенне пачалося ў мінулым годзе, асвойваюцца выдаткаваныя грашовыя сродкі. Здача аб’екта ў эксплуатацыю прадугледжана на кастрычнік.
Капітальны рамонт закране і раён газазабеспячэння.
– Што запланавана выканаць па цякучым рамонце?

– Падрадныя арганізацыі будуць задзейнічаны на цякучых рамонтных работах у гісторыка-этнаграфічным музеі, цэнтральнай бібліятэцы, СШ № 3 імя Ягора Томкі, вызначаных карпусах цэнтральнай раённай бальніцы, раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Для апошняга абласным упраўленнем культуры выдаткаваны грашовыя сродкі для набыцця светлавой і гукавой аппаратуры.
– Ці прадугледжваецца правядзенне рамонтных работ у горадзе Дзісна і сельскай мясцовасці?
– У мінулым годзе мы выканалі значны аб’ём рамонтных работ па асфальтаванні вуліц самага маленькага і аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі – Дзісны. У сельскай мясцовасці да ўсіх 13 аграгарадкоў паклалі асфальтабетоннае пакрыццё. Нашы дарожныя арганізацыі будуць задзейнічаны на рамонце шляхоў зносін мясцовага і рэспубліканскага значэнняў. Закончым укладку асфальтабетоннага пакрыцця ад аўтатрасы Р14 да заказніка «Ельня». На дадзены аб’ект выдаткаваны грашовыя сродкі для далейшага развіцця яго інфраструктуры.
– З падраднымі арганізацыямі, якія будуць праводзіць рамонтныя работы, вы ўжо вызначыліся?
– Будзем прыцягваць толькі тых, хто зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку і мае багаты вопыт у сваёй сферы дзейнасці. Для рамонту вуліц і тратуараў ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць з дарожна-будаўнічым упраўленнем № 26 з Шаркаўшчыны. Мяркую, што на выкананні падрадных работ будуць працаваць арганізацыі Віцебскай вобласці.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара і з адкрытых крыніц






