Шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 85-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, пройдзе на Віцебшчыне з 25 па 27 лістапада.
У Оршы ў музеі У. Караткевіча на адкрыцці выставы рукапісаў аўтара з фондавых збораў музейнага комплексу збяруцца даследчыкі творчасці, літаратары, сваякі Уладзіміра Сямёнавіча. Разам са складальнікамі 25-томнага выдання твораў вядомага аршанца госці прымуць удзел у «круглым стале» «Стратэгія захавання памяці Караткевіча».
У чацвер, 26 лістапада, адбудзецца паніхіда ў памяць пісьменніка, затым пройдуць літаратурныя чытанні ў дзіцячым парку «Казачная краіна». Апоўдні ў музеі запланавана цырымонія спецгашэння юбілейнага канверта і маркі спецыяльным штэмпелем сумесна з РУП «Белпошта». Урачыстае адкрыццё мастацкай выставы «Зямля пад белымі крыламі» прызначана на 15.00. А ў 16.30 на канцэрце ў ГЦК «Перамога» адной з зорак у Міжнародным зорным каталозе будзе прысвоена імя Уладзіміра Караткевіча.
А ў Віцебску ў гэты дзень у 14.00 у зале абласной бібліятэкі будуць уручаны прэміі аблвыканкама імя Уладзіміра Караткевіча. Увечары Беларускі тэатр «Лялька» пакажа спектакль «Ладдзя роспачы».