У Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі з’явілася новая калекцыя – 96 запалкавых карабкоў серыі “Гербы гарадоў Рэспублікі Беларусь”.
Калекцыя пачалася карабком, якім у мясцовай краме далі рэшту мужу адной з супрацоўніц установы. Музейшчыкі загарэліся ідэяй раздабыць астатнія экземпляры серыі. Даведаўшыся, што на пошту прывезены запалкі ў патрэбнай аздобе, разам з бібліятэкарамі набылі ў складчыну па адным з “гербавых” карабкоў. Аднак выявы лёзненскай “залатой кроквы” на іх не было.
Ганна Кулакова са зборам запалкавых карабкоў
Тады навуковы супрацоўнік музея Ганна Кулакова звязалася з галоўным айчынным вытворцам запалак – ААТ “Барысаўдрэў” у Мінскай вобласці. Менеджар праз нейкі час паведаміў, што жаданых карабкоў на прадпрыемстве не знайшлося, аднак ён дамовіўся з Лёзненскім райспажывам, каб супрацоўнікам музея дазволілі першымі аглядаць дастаўленыя з Барысава запалкавыя пакункі. Для іх ўскрывання на складзе ў суседняй краме нават далі грузчыка, але жаданай выявы ізноў не аказалася. Надалей папрасілі прадаўцоў сачыць за карабкамі, якія паступаюць у гандаль. А калі высветлілася, што на “Барысаўдрэве” няма выявы лёзненскага герба, даслалі туды яе электронны варыянт – і справа нарэшце зрушылася з месца. Была падпісана дамова на выпуск тысячы штук з “залатой кроквай”, аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама абяцаў падтрымаць праект фінансава.
Аднак пакуль Ганна Кулакова была ў чарговым водпуску, доўгачаканыя карабкі трапілі ў вольны продаж. Дапамог выпадак: неяк у краме рэшту ёй прапанавалі запалкамі з малюнкам лёзненскага герба.
Даведаўшыся пра зараджэнне такога збору, у музей завітала жыхарка райцэнтра Ірына Горская з аналагічнай уласнай калекцыяй – параўнаць. Ёй таксама неставала дэфіцытнага “лёзненскага” карабка.
Гэты жанр калекцыяніравання завецца філуменіяй, што ў перакладзе азначае “любоў да агню”. Музейшчыкамі кіруе найперш любоў да мінуўшчыны свайго краю. Выявы гербаў на запалкавых карабках адлюстроўваюць багатую геральдычную спадчыну Беларусі. А яшчэ філуменістычны збор менавіта ў Лёзненскім музеі – яскравая згадка пра тое, што ААТ “Барысаўдрэў” з’яўляецца гістарычным прадаўжальнікам вытворчых традыцый першай у Беларусі запалкавай фабрыкі, якая з 1863 года па 1885-ы працавала ў маёнтку Уна, што на Лёзненшчыне. Дарэчы, яе прадукцыя разыходзілася па ўсёй Расійскай імперыі.
– Марым, што з цягам часу ў нашым раёне з’явіцца магчымасць набываць запалкі з адлюстраваннем лёзненскага герба ў якасці сувеніраў. Бо з розных куткоў былога СССР сюды прыязджаюць нашчадкі воінаў, загінуўшых пры вызваленні Лёзненшчыны ад фашыстаў, а таксама аматары палявання і рыбалоўства, у тым ліку замежныя. Разам з фотаздымкамі, уражаннямі добра было б мець на памяць і такі фірменны карабок, – сказала ў заключэнне навуковы супрацоўнік Лёзненскага музея Ганна Кулакова.
Фота Антона Сцепанішчава.