Даўней вяселле святкавалі тры дні. Гэта, бадай, найбольш любімы абрад беларусаў, да якога прымеркавана мноства спецыяльных дзействаў і рэчаў, а ўжо колькі песень складзена – не пералічыць. І ў кожнай вёсцы – свае гульні ды традыцыі.
У мінулую суботу ва Ушачах жыхары дзівіліся, што гэта такое адбываецца: конік, упрыгожаны бразготкамі, па вуліцы скача, на павозцы – маладыя ў старамодных строях, гармонікі граюць на ўсю ваколіцу. Рэканструкцыя вясельнага абраду праходзіла незабыўна, весела. Але пра ўсё па парадку.
У нашых продкаў час для вяселля надыходзіў звычайна пасля Пакроваў. І ў гэтым праглядаецца пэўная сялянская разважлівасць: агароды ўпарадкаваныя, агуркі, грыбы засоленыя, капустка заквашаная, а халады на двары спрыяюць, каб і парсючка “прыгаварыць” ды каўбас нарабіць, шкварак насмажыць.
Нявеста – ушацкая, а жаніх – глыбоцкі
У нас нявеста Маня – ушацкая, а жаніх Іван – глыбоцкі, - знаёміць з фабулай вяселля дырэктар Ушацкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Макрыдзіна. – У рэканструкцыі ўдзельнічае фальклорны гурт “Матырынская спадчына” на чале з Галінай Рудзёнак. Яна, дарэчы, сабрала шмат аўтэнтычных песень. Спяваюць іх і моладзь, і жанчыны старэйшага пакалення.
На вяселлі Галіна Рудзёнак выконвала ролю свахі, з поўнай адказнасцю ставілася да кожнай драбніцы ў выкананні вясельных абрадаў. Вось дружына маладога прыязджае да дома маладой, пачынаецца сцэна выкупу. З жартам жаніху прапануюць падстаўную нявесту.
Ролю маладой даручылі выканаць Ірыне Рабізе. І хаця яна яшчэ толькі вучаніца ў выпускным класе сярэдняй школы, на думку многіх, выдатна адпавядала вобразу тагачаснай маладой. Аказалася, Іра і раней ужо двойчы апранала вэлюм на падобных рэканструкцыях народных традыцый.
Даўней, калі засмучаную маладую прыбіралі да вянца, звычайна яна плакала, бо дзяўчыну аддавалі ў чужую сям’ю, і трэба было выплакаць усе слёзы, каб сямейнае жыццё атрымалася шчаслівым.
Дзяўчаты спявалі “Баяркі чэшуць Мані галоўку”, “Ляцела зязюля цераз сад”. Баяркамі называлі дзяўчат з боку маладой. Пасля брат вадзіў маладую вакол стала, яны тройчы спыняліся перед абразом, які вісіць у чырвоным куце, хросная маці бласлаўляла на шчаслівае сямейнае жыццё.
– Наогул традыцыі на Ушаччыне адрозніваюцца ад глыбоцкіх, – гаворыць старшыня Залескага сельсавета Глыбоцкага раёна Барыс Заяц, ён жа выконваў ролю каларытнага старшага шафера. – Гэта цэлая навука: што за чым і як рабіць. Ва Ушачах захавалася традыцыя дзялення каравая, а ў нас маршы ладзяць.
Пакуль маладыя пераязджалі з хаты ў хату, тутэйшыя жыхары на шляху “рагаткі” ставілі – заслон рабілі, каб патрабаваць выкуп ад жаніха. Звычайна ён адкупліваўся гарэлкай і закускай.
Пра вясельныя стравы гаворка асобная
Арганізатары рэканструяванага вяселля імкнуліся зрабіць усё, як было насамрэч. Сталы для гасцей ставілі ў адзін рад ад чырвонага кута і да парога, на вокнах белыя фіранкі. На сталах халоднае, квашаная капуста, грыбы, каўбасы, бліны, пірагі ды аладкі з мёдам. З напояў – журавінавы морс і імітацыя самагона (безалкагольная газіроўка).
– Найбольш складана для нас было апрануць усіх удзельнікаў вяселля, гасцей, а іх каля паўсотні, менавіта ў тыя строі, якія былі характэрны для таго часу, – дзеліцца Марына Макрыдзіна. – Вышыванкі, яркія спадніцы-андаракі з дэкорам у клетку ці палоскі, галаўныя ўборы ручніковага тыпу для жанчын, мужчынскія кашулі ды камізэлькі.
Выцягнуць з шафы давялося і кажух – сімвал багацця і пладавітасці. Яго кідалі пад ногі маладым, каб тыя станавіліся і слухалі бацькавы словы і пажаданні.
“Задобрыванне ваўчыхі” – эксклюзіў выключна Глыбоцкага раёна
Але ж якое вяселле без сюрпрызаў? Вось і тут вырашылі здзівіць мясцовым эксклюзівам. Пад заканчэнне ўрачыстасці кажух навыварат апранала маці маладога – свякроў, каб ператварыцца ў злую ваўчыху. Абрад “Задобрыванне ваўчыхі” характэрны выключна для Глыбоцкага раёна.
Яго сэнс такі: маладая павінна задобрыць свякроў, каб далейшае сумеснае жыццё было дружным і шчаслівым. Перад “ваўчыхай” ставілася дзяжа, у якой перад вяселлем замешвалі каравай. У дзяжу маладая павінна была пакласці падарункі.
Нявеста назвала свякроў маці і падарыла хустку з кветкамі, потым адрэз на сукенку і трэці падарунак – абрус для стала. Свякроў задаволена: – Што ж я, вораг свайму дзіцяці? А тканіны хопіць і мне, і маёй нявестачцы.
Пасля заканчэння абраду эпіцэнтр “Вялікай вясельніцы” перамясціўся ў раённы цэнтр культуры. Зала была запоўнена гледачамі поўнасцю. Тут праходзілі прэзентацыя абрадавых страў і “вясельных куткоў”, конкурс творчых калектываў з усёй вобласці. Праграма свята была вельмі насычанай.
Фальклорныя калектывы з Бачэйкава Бешанковіцкага раёна і Янкавіч Расонскага раёна паказалі абрад “Сватанне”. Абрад “Запоіны-заручыны” выканаў народны фальклорны калектыў “Вярба” з Браслаўшчыны, “Абразанне касы” – з Сенненшчыны, “Выпечка вясельнага караваю” – з Міёршчыны.
Захапленне і гарачыя апладысменты выклікалі абрадавыя песні спявачкі з Гарадоцкага раёна Таццяны Раевай. Нечаканым падаўся звычай “Выкраданне посуду і хатняй птушкі”, які ўвасобіў народны фальлорны гурт “Кругліца” Чашніцкага раёна.
Кампетэнтнае журы ўзначальвала дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука. Суддзямі былі навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук.
Пры ацэнцы выступленняў улічвалася выкарыстанне ў рэпертуары аўтэнтычнага рэгіянальнага матэрыялу, ужыванне традыцыйных касцюмаў, музычных інструментаў і адпаведнага рэквізіту, а таксама захаванасць мясцовага дыялекту.
На думку загадчыцы аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Нацыянальный акадэміі навук Таццяны Валодзінай, рэканструкцыя вясельнага абраду пачатку ХХ стагоддзя – унікальная з’ява для культурнай прасторы Беларусі.
Гэта сведчыць, што вяртанне да сваіх каранёў сілкуе любоў да Айчыны, выхоўвае патрыятычныя пачуцці ў людзей.
Святлана ДЗЯДЗІНКІНА, фота Святланы ДЗЯДЗІНКІНАЙ.