Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Ретроспектива

У пасляваенным Віцебску дзейнічаў развадны мост

Падчас веснавой паводкі вада з Дзвіны часам падтаплівала амаль усю вуліцу Талстога. Так здарылася і ў 1956 годзе, пра што сведчыць стары фотаздымак.

aprel2016

Pavodok-1930-TIFF 111

У вусці Віцьбы ад напорыстай веснавой Дзвіны знайшла сховішча плывучая прыстань (1), якая прытармазіла на праезджай частцы вуліцы. Магчыма, гэта і не прыстань (тады ўздоўж Дзвіны было некалькі падобных плаўсродкаў), а барак – з-за дэфіцыту жылля ў такіх плывучых дамах размяшчалі сем’і рачнікоў. А можа, бліжэй да кліентаў пасунулася папулярнае ў той час кафэ, якое ў народзе называлі “Паплавок”. У вусці Віцьбы таксама прытуліліся некалькі вялікіх лодак (2), якія выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах. Мяркуючы па абсталяваных на карме каютах для экіпажу, яны перавозілі грузы далёка за межы абласнога цэнтра.

Неабходна адзначыць, што ў тыя часы Дзвіна была паўнавартаснай транспартнай артэрыяй. Рака звязвала Віцебск з Суражам, Веліжам, Бешанковічамі, Улай, Полацкам, Верхнядзвінскам, Даўгаўпілсам, Рыгай. У прыватнасці, лес сплаўляўся з вярхоўяў Дзвіны і яе прытокаў да Рыжскага порта. У 1998 годзе аўтар гэтых радкоў разам з калегамі ўдзельнічаў у экспедыцыі, арганізаванай рэдакцыямі газет “Народнае слова” і “Тверская жизнь”, ад вытока Дзвіны да Віцебска. Падчас адной са стаянак на тэрыторыі Цвярской вобласці ў вусці ракі Мяжа мясцовая жыхарка расказала, што яе свёкар пасля вайны быў плытагонам. Шлях да Рыгі адтуль па рацэ даўжынёй каля 800 км, і вяртанне дамоў на цягніку займала 18 дзён.

…У адзін з красавіцкіх дзён 1956-га паназіраць за надзвычайным здарэннем выйшлі гараджане (3), што сабраліся прыкладна ў месцы, дзе зараз пачынаецца паўднёвая лесвіца, якая вядзе да Успенскага сабора.

У гэты час каля аркі жылога дома (4) па пояс у вадзе стаяць людзі (зараз у будынку размешчаны Свята-Вольгінскі жаночы манастыр). Відавочна, яны ратуюць свае рэчы ад хутка надыходзячай вады. Паводка 1956 года засталася ў памяці старэйшых жыхароў Віцебска як самая вялікая за пасляваенны час. Цяпер цяжка паверыць, але тады Дзвіна вылілася нават на вуліцу Калініна. Не заставалася ў баку і перапоўненая Віцьба.

Старажыл горада Сямён Дынкін тады быў вучнем сярэдняй школы №15 (зараз гімназія №1). Ён згадвае, як жыхароў падтопленых дамоў прыватнага сектара, што размяшчаўся па абодвух берагах Віцьбы паміж сучасным КЗ “Віцебск” і фантанам “Тры грацыі”, на час паводкі перасялялі ў школу, дзе для іх у калідорах паставілі ложкі.

Дарэчы, Сямён Дынкін таксама расказаў, што да ўзвядзення Кіраўскага моста (1955 год) замест падарванага ў пачатку вайны Дзвінскага суродзіча з 1944-га дзейнічала пантонная пераправа. Каб перайсці з аднаго берага на другі трэба было заплаціць пэўную суму грошай. Ноччу мост не працаваў, а днём разводзіўся на некалькі гадзін, каб маглі прайсці параходы, плыты, лодкі.

На досвітку аднаго з вераснёўскіх дзён 1936 года быў падарваны Успенскі сабор. Падрыхтоўка да знішчэння храма вялася паўтара месяца, сапёрамі камандаваў будучы генерал, дысыдэнт і праваабаронца Петр Грыгарэнка. Пазней ён раскайваўся і згадваў, што сабор з працяглым стогнам ператварыўся ў кучу цэглы. Мясцовыя ўлады хваляваліся, што пры выбуху пашкодзіцца будынак былога манастыра, дзе размяшчаўся станкаінструментальны тэхнікум (5). Але там нават шыбы не трэснулі. Навучальная ўстанова тут знаходзіцца і сёння. Сярод выпускнікоў цяперашняга каледжа вядомы савецкі кампазітар Марк Фрадкін, былы міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Сянько.

У першай палове 1950-х на месцы храма пачалося будаўніцтва завода заточных станкоў (сучасны “ВІЗАС”). На фотаздымку 1956 года мы бачым пад’ёмны кран і абгароджаную тэрыторыю пляцоўкі. Прадпрыемства функцыянавала больш за два дзесяцігоддзі. З узвядзеннем новых памяшканняў на праспекце Фрунзэ стары цэх закінулі і знеслі толькі ў 1998-м, калі распачалося адраджэнне храма.

Адноўлены Успенскі сабор асвечаны 30 верасня 2011 года мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усёй Беларусі Філарэтам. Годам раней у вусці Віцьбы з’явілася плаціна і перахадны мост.

Фота Антона Сцепанішчава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ