Эстафета праходзіць уздоўж мяжы СНД і прысвячаецца 70-годдзю значнай для нашых краін падзеі. Ад полацкіх пагранічнікаў сімвал эстафеты прынялі супрацоўнікі пагранічнага ўпраўлення ФСБ па Пскоўскай вобласці. У мерапрыемстве бралі ўдзел намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Маісеенка, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар Марковіч. З расійскага боку прысутнічалі начальнік пагранічнага ўпраўлення ФСБ па Пскоўскай вобласці генерал-маёр Аляксандр Мурзін, губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак. Шаноўнымі гасцямі знатнай падзеі сталі ветэраны Вя-лікай Айчыннай вайны, побач з якімі была моладзь, а таксама прадстаўнікі духавенства і многія іншыя, хто дзякаваў за Перамогу. На Кургане Дружбы адбыўся мітынг і былі ўскладзены кветкі. З пскоўскай зямлі сімвал эстафеты адправіцца на Смаленшчыну, а да 28 мая прыбудзе ў Маскву, дзе яго сустрэнуць на Паклонай гары.
Нагадаем, што 16 лютага міжнародную эстафету прынялі ад смаргонскіх калег пагранічнікі Полацкага пагранатрада, а раніцай 17-га яна была ўжо ў Браславе. Тут ля брацкай магілы ў гарадскім скверы адбыўся мітынг з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў мясцовай улады, пагранвойскаў і грамадскасці, моладзі і школьнікаў.
Пачалася ўрачыстасць з пранікнёнага выступлення трох маладых людзей, апранутых у форму савецкіх байцоў, якія прачыталі ўрыўкі з розных твораў, прысвечаных подзвігу савецкага народа і пачуццям франтавікоў, якія вярнуліся дамоў і не знайшлі ні роднай хаты, ні сям’і.
Гэта тэма знайшла працяг у выступленні старшыні раённага Савета дэпутатаў Ніны Пучынскай. Колькі б ні мінула часу з мая
1945-га, падкрэсліла яна, Дзень Перамогі ў памяці народа застанецца днём справядлівасці, гонару і адначасова ўсенароднага смутку па мільёнах загінуўшых людзей.
— Мы схіляем галовы перад велічным подзвігам, ушаноўваем памяць загінуўшых і клапоцімся пра тых герояў, што жывуць сярод нас, — гаварыла Ніна Пучынская. — І на прыкладзе вашага, ветэраны, пакалення будзем выхоўваць моладзь.
Пра маштабы эстафеты нагадаў прысутным намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі палкоўнік Віктар Плісік. Прамоўца адзначыў, што ўдзел у гэтым важным грамадска-палітычным мерапрыемстве бярэ шэраг краін СНД, таксама далучылася Манголія.
– Хочацца нагадаць усім, каго сустракаем на шляху, што Вялікая Перамога – наш агульны здабытак. Сёння доўг кожнага сумленнага чалавека – прыкласці ўсе намаганні, каб агонь вайны не апаліў зноў нашу зямлю. Мы павінны захаваць памяць пра тых, хто перамог фашызм, не дазволіць фальсікаваць гістарычныя падзеі, – адзначыў афіцэр.
Пра гэта гаварыў і старшыня раённай арганізацыі савета ветэранаў Іван Цялежнікаў. Вітаючы ўдзельнікаў эстафеты і дзякуючы ім за арганізацыю такой важнай акцыі, ён прыводзіў шматлікія прыклады подзвігу пагранічнікаў на беларускай зямлі ў першыя дні вайны.
Эстафету перамогі падтрымалі ўсе кіраўнікі краін – удзельніц СНД. Іх зварот да народаў Садружнасці і ўсяго свету агучыў палкоўнік запасу сакратар рэспубліканскага савета ветэранаў органаў пагранічнай службы Міхаіл Скомскі. Няхай жа заўсёды над нашай краінай будзе мірнае неба!
Тамара Пашкевіч. Фото БЕЛТА