Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

28 выпускнікоў школ Віцебшчыны летась набралі 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па беларускай мове

Запаветныя 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па беларускай мове набралі 28 выпускнікоў школ Віцебшчыны летась.

Асноўная роля ў вывучэнні і захаванні беларускай мовы сёння належыць установам адукацыі, найперш – школам. Дзякуючы адукацыйным праграмам, згодна з якімі вывучаюць мову і літаратуру, а тасама намаганням педагогаў, беларуская моладзь ўсведамляе культурную каштоўнасць роднай мовы і добра валодае ёю.

Набытыя ў дзяцінстве веды не страчваюцца з цягам часу. Таму і дарослыя, сталыя людзі, якія вучыліся ў школах Беларусі, нават калі не ўжываюць мову штодня, ці мала чытаюць па-беларуску, ці нячаста наведваюць культурныя і іншыя беларускамоўныя мерапрыемствы, з лёгкасцю разумеюць сваю мову.

– Калі мы хочам, каб штодзённыя зносіны нашых дзяцей адбываліся на беларускай мове, на ёй павінны пачаць размаўляць дарослыя, – упэўнена настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 г. Віцебска імя Ж. Алфёрава, уладальнік малога “Крыштальнага жураўля” Алена Прымшыц. – Напрыклад, мы з вучнямі-старшакласнікамі маем зносіны на мове не толькі на ўроках або на пазакласных мерапрыемствах, але і на бытавым узроўні. Па-беларуску яны размаўляюць паміж сабою – і добра атрымліваецца! Яны не адчуваюць ніякай збянтэжанасці. А вось калі ў асяроддзі няма з кім пагутарыць, рабяты пераходзяць на рускую, больш распаўсюджаную мову.

Дзеці, якія шчыра цікавяцца сваёй мовай, адчуваюць яе трапнасць, мілагучнасць і іншыя добрыя якасці душою, – крыніца натхнення Алены Прымшыц. Напэўна, які і любога іншага педагога. Яна з гонарам узгадвае сваіх дзяўчат Вольгу Дзямешка і Дар’ю Юрчанка, якія пішуць нядрэнныя вершы, іншых вучняў – памочнікаў у арганізацыі мерапрыемстваў і даследаванняў. Але – адкуль узяліся б такія разумныя, схільныя да мовы дзеці, калі б ім не прапанавалі вучыць яе?

– На Віцебшчыне 114 беларускамоўных дашкольных дзіцячых устаноў, – дзеліцца фактамі начальнік цэнтра дашкольнай, агульный, спецыяльнай адукацыі і экспертнай дзейнасці Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Пікулік. – Абсалютная большасць з іх знаходзяцца ў раёнах. У Віцебску гэта толькі санаторны дзіцячы сад № 72 “Вясёлка”. Аднак ва ўсіх без выключэння садках працуюць беларускамоўныя групы. Такім чынам, амаль 1,8 тысячы з больш як 40 тысяч маленькіх наведвальнікаў дашкольных устаноў гавораць у іх па-беларуску. Да таго ж, у кожным садку штотыдня праводзіцца так званы беларускі дзень з адпаведнымі заняткамі і мерапрыемствамі.

Першакласнікі знаёмяцца з мовай спакваля, пачынаючы з уводнага  вуснага курса раз на тыдзень. Вучні 2-4 класаў маюць у праграме па 2 гадзіны мовы і столькі ж – чытання. У 5-6 класах дзеці двойчы на тыдзень займаюцца літаратурай і тройчы мовай (беларускімі). У такім жа аб’еме вывучаюцца руская мова і літаратура. Такім чынам, выкарыстоўваецца білінгвістычны падыход да вывучэння абедзвюх дзяржаўных моў, які захоўваецца і ў старэйшых класах.

Міністэрствам адукацыі рэкамендаваны 12 факультатываў па беларускай мове і восем – па літаратуры для розных класаў. Таму для кожнага ўзросту можна зрабіць выбар. Да таго ж, нямала груп, у якіх вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Існуе спіс літаратуры, рэкамендаваны для пазакласнага чытання. Большасць беларускамоўных школ працуе ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Докшыцкім, Міёрскім, Пастаўскім раёнах.

– За апошія пяць гадоў істотных змяненняў у школьных праграмах не адбывалася, – паведамляе Валянціна Пікулік. – Выпускнікі 9-х класаў здаюць абавязковы экзамен па беларускай мове, раней – у форме дыктанта, цяпер – у форме пераказа. Летась выпускнікі 11-х класаў сталі здаваць замест цэнтралізаванага тэста цэнтралізаваны экзамен па беларускай або рускай мове на выбар. Прыемна, што многія аддаюць перавагу беларускай мове. Сярод лідараў – Полацкі (90 чалавек), Глыбоцкі (71), Лепельскі (69) раёны, Наваполацк (67).

Варта адзначыць, што выпускнікі паказваюць годныя вынікі. Так, летась 100 балаў на ЦЭ па беларускай мове набралі 28 дзяўчат і юнакоў. Прычым, пяць з іх – у Докшыцкім раёне, па чатыры – у Лепельскім і Наваполацку.

Спецыялісты лічаць, што цікаўнасць да вывучэння прадмета выклікае ў ліку іншага матэрыял, які прапануюць школьнікам. У праграме па літаратуры прадстаўлены беларускія класікі Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Іван Мележ… Са знакамітых аўтараў, якія нарадзіліся на Віцебшчыне, – Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Кансітанцін Вераніцын, Уладзімір Караткевіч.

– Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры маюць шчаслівую магчымасць падмацоўваць матэрыял, які выкладаюць дзецям, скарыстоўваючы магчымасці культурных і іншых устаноў, – адзначае Алена Прымшыц. – Сёння лёгка можна завітаць на спектаклі, канцэрты, дзе гучыць беларускае слова, пабываць у музеях, падарожнічаць па мясцінах, звязаных з нашымі паэтамі і пісьменнікамі. Наталяючыся іх атмасферай, пашыраючы свой кругагляд, школьнікі мацуюцца ў думцы аб тым, што яны з’яўляюцца часткай самабытнага народа з глыбокімі каранямі, багатай гісторыяй і культурай.

Школа дае добрую базу для таго, каб мы, беларусы, размаўлялі па-свойму, не цураліся роднай мовы. Мы яе ведаем, ды чамусьці пазбягаем. Магчыма, справа сённяшняй разумнай, дапытлівай, энергічнай моладзі зрабіць так, каб родная беларуская мова была з намі ў паўсядзённым ужытку.  

Даведка “ВВ”: Віцебшчына можа пахваліцца моцнай суполкай высокаадукаваных спецыялістаў – настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, адданых сваёй справе і Радзіме. Сем з іх маюць найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у тым ліку – уладальніца вялікага “Крыштальнага жураўля” Святлана Румянцава з Баравухскай СШ № 15 імя В. Маргелава г. Наваполацка. Яны з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі і распрацоўваюць метадычныя дапаможнікі і распаўсюджваюць перадавы вопыт работы для ўсёй рэспублікі.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ