Напярэдадні Дня Канстытуцыі дэпутаты абласнога і гарадскога Саветаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, ведамстваў, устаноў адукацыі і культуры, а таксама прадстаўнікі грамадзянскіх арганізацый, студэнты і вучні напісалі дыктоўкі на дзвюх дзяржаўных мовах.
Штогод філалагічны факультэт ВДУ імя П. Машэрава ладзіць добраахвотную акцыю “Праз дыялог моў – да душы, да сэрца” і запрашае жыхароў абласнога цэнтра напісаць дыктоўку па-руску або па-беларуску. Сёлета акцыю прысвяцілі Году малой радзімы, а да арганізацыі і ўдзелу далучыліся прадстаўнікі ўлады рэгіёна.
Кіраўнік дэпутацкага корпусу Віцебшчыны Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што мерапрыемства патрэбна не столькі дзеля таго, каб праверыць веды па правапісе і граматыцы, колькі каб падкрэсліць значнасць зацверджанага ў галоўным законе краіны права размаўляць, атрымліваць адукацыю, рэалізоўваць прафесійны і творчы патэнцыял на любой з абедзвюх афіцыйных моў Беларусі.
Ён лічыць, што гэта адно з самых важкіх дасягненняў нашай краіны, бо яшчэ ў 1995 годзе падчас рэферэндума больш за 80% грамадзян выказаліся за тое, каб надаць рускай мове статус дзяржаўнай. Уладзімір Уладзіміравіч прачытаў урывак з твора “Радзіма” Васіля Шукшына для тых, хто пісаў дыктоўку па-руску.
Для беларускамоўнай аўдыторыі быў абраны тэкст “Непазбіраныя камяні” паводле публікацыі ў газеце “Звязда”, які прачытаў кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Мікалай Арлоў.
Абедзве дыктоўкі па задумцы арганізатараў павінны паспрыяць усведамленню ролі пакалення, якое ў свой час пакінула малую радзіму, і маюць на мэце падштурхнуць да асэнсавання таго, што чалавек можа зрабіць для месца, дзе нарадзіўся. Бо ўсё роўна мы час ад часу хаця б у думках вяртаемся ў дзяцінства, туды, дзе рабілі першыя крокі, казалі першыя словы.
Традыцыйна да свята ва ўніверсітэце таксама рыхтуюць літаратурна-музычныя імпрэзы на аснове твораў айчынных паэтаў і празаікаў. У гэты раз беларускія і туркменскія студэнты, якія навучаюцца на філфаку, паказалі пастанову “Паўлінка NEW” паводле п’есы Янкі Купалы.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.