На Міёршчыне ўрачыста здалі ў эксплуатацыю бетонны мост праз раку Волта ў вёсцы Пуцінава, пра рамонт якога хадайнічалі па розных інстанцыях мясцовыя жыхары. Для іх, а тым больш для вадзіцеляў вялікагрузных машын і аўтобусаў, пераезд на другі бок ракі заўсёды быў рызыкоўным.
Паўгода спатрэбілася мостабудаўнікам Лепельскага ДРБУ-202, каб не проста адрамантаваць, а ўзвесці наноў надводную канструкцыю, кошт якой звыш за 8 млн рублёў. У рэжыме падоўжанага рабочага дня, без святаў і выхадных стараліся яны хутчэй наблізіць тэрмін здачы аб’екта. У гэтым ім дапамагалі дарожнікі міёрскага філіяла.
Уладзімір Мацвееў, Ігар Кузняцоў і Сяргей Грамадка у час адкрыцця маста
Генеральны дырэктар “Віцебскаблдарбуда” Уладзімір Мацвееў за падтрымку і арганізацыю неабходных мерапрыемстваў падзякаваў кіраўніцтву раёна, за якасна і аператыўна выкананую работу — каманду лепельскіх прафесіяналаў. Новы мост паспрыяе дынамічнаму развіццю міёрскага рэгіёна.
Мост у Пуцінава — адзін з рэканструяваных у рамках праграмы развіцця дарожнай сеткі Віцебскай вобласці на 2017 год. Акрамя яго, лепельскія мостабудаўнікі здалі аналагічны ў Браславе, а нядаўна прыступілі да работы ў Расонах.
Павышанай увагі, падкрэсліў Уладзімір Мацвееў, патрабуюць дарогі мясцовага значэння. У бягучым годзе на Міёршчыне адрамантавана амаль 3 км, у наступным плануецца 15 км. Згодна з Дзяржаўнай праграмай гэта пад’езд да райцэнтра, паўднёвы абход Міёр, дарогі Апанасёнкі – Лужкі – Гваздова, Друя – Міёры, Тычкі – Пераброддзе. Аднак за тры гады ахопяць і іншыя накірункі, нават маленькія сельскія дарогі.
Фота Казіміра Блажэвіча