2 – 3 жніўня ў Росіцы, што на Верхнядзвіншчыне, прайшлі Дні ўшанавання памяцi мучаніцкай смерці блаславёных айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры i святкаванне 20-й гадавiны iх беатыфiкацыi.
У касцёле Святой Тройцы заўсёды ёсць наведвальнікі. Адных прыводзіць простая цікаўнасць, другіх -- жаданне аддаць даніну памяці ахвярам вайны, трэціх -- патрэба ў дапамозе ксяндзоў-пакутнікаў… Але два разы на год – у лютым і ў пачатку жніўня -- Росіца становіцца месцам збору шматлікіх пілігрымаў, якія прыходзяць і прыязджаюць сюды, каб у чарговы раз ушанаваць святароў-марыянаў Антонія і Юрыя, а разам з імі і сотні жыхароў акругі, якія былі забітыя ці спаленыя карнікамі ў лютым 1943 года.
Сталыя вернікі ў іх коле – не дзіва. Але з года ў год расце колькасць маладых людзей. Што вядзе іх? Гэта пытанне задала некалькім юнакам і дзяўчатам, якіх сустрэла ў касцёле.
Ксенія: Па расказах таты і мамы ведаю, што вайна не абмінула іх сем'і. Мужчыны ваявалі, жанчыны перажылі акупацыю. І адны, і другія зведалі шмат цяжкасцяў. Але не зламаліся, не здрадзілі. Я задала сабе пытанне: на што здольная сама? Пілігрымка – адзін са спосабаў праверкі сябе. Бо гэта не вандроўка, і хоць не самае цяжкое, але выпрабаванне – дойдзеш ці сыдзеш па дарозе. Дзякуй Богу, дайшла, хоць ішлі з Друі пешшу 90 км.
Аляксандр: Пілігрымка ў Росіцу – наша памяць пра тых, хто згарэў у ваеннай віхуры, а подзвіг ксяндзоў – прыклад служэння іншаму чалавеку. Дарэчы, дарога вучыць узаемавыручцы і ўзаемадапамозе, таму, як трэба дзяліцца тым, што маеш і з удзячнасцю прымаць дапамогу.
Віктар: Я з Баранавічаў, ехаў у Друю спецыяльна, каб з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі ў малітве за мір у свеце, за лад у сем'ях, за шчасце кожнага прайсці дарогу да Росіцы. Дарэчы, у нашай калоне было больш за 100 чалавек, і толькі двое сталых, астатнія – маладыя людзі з дзясятка гарадоў і вёсах Беларусі. У год 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў такім чынам кожны з нас аддаваў даніну памяці вызваліцелям, ахвярам вайны і двум святарам, чый подзвіг, як факел, будзе паказваць дарогу, калі трапім у цемру спакус, ваганняў, выпрабаванняў.
На ўрачыстасці ў Росіцу прыбылі пілігрымы з Мінска і Віцебска, Полацка і Глыбокага, Браслава і Міёр, з дзясятка іншых населеных пунктаў. Дзякуючы настаяцелю касцёла Часлву Курэчку касцёл і тэрыторыя вакол яго, дарога да месца спалення мірных жыхароў стала мемарыялам іх памяці. У жніўні касцёл набыў яшчэ і стутус санктуарыя – месца найвялікшай сілы заступнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якіх Папа Рымскі Ян Павел ІІ у 1999 годзе кананізаваў у святыя пакутнікі.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Віцебшчыны разгарнуўся шырокі партызанскі рух. У 1943 годзе фашысты вырашылі пакінуць народных мсціўцаў без падтрымкі мясцовага насельніцтва, абвінавацілі жыхароў Росіцы ў дапамозе партызанам і 16 лютага пачалі карную аперацыю. Зранку ў вёску пачалі зганяць жыхароў з суседніх населеных пунктаў. Спачатку на ”сартавальны пункт”, дзе маладых і здаровых адбіралі для работы ў Германіі, дзяцей – донарамі для нямецкіх салдат. Астатніх трымалі ў самым вялікім будынку, якім аказаўся касцёл.
Тры дні людзей групамі выводзілі з храма, зачынялі ў пустых хатах і хлявах і падпальвалі. Смерці чакалі і астатнія. Цяжка ўявіць, які адчай перажылі, як складана было ім захаваць годнасць, чалавечае аблічча. Але змаглі, бо побач былі два святары, якія на працягу трох дзён выконвалі свае абавязкі: маліліся, хрысцілі, спавядалі. Як скажа на святой імшы біскуп Алег Буткевіч: не пакінулі людзей адных сам-насам з бядой, дапамаглі захаваць веру, учынілі подзвіг, які прызнаў свет.
У адрозненне ад зняволеных, святары мелі выбар. Немцы дазволілі ім пакінуць вёску і застацца жывымі. Але яны палічылі гэта здрадніцтвам перад пакліканнем на службу Богу і людзям. Не пакінулі вёску і загінулі разам з яе жыхарамі.
Памаліўшыся за блаславёных, удзельнікі ўрачыстасцей апоўначы прайшлі апошняй дарогай росіцкіх пакутнікаў ад будынка касцёла да мемарыяльнага крыжа на другім канцы вёскі, дзе былі спалены жыхары Росіцаў, памаліліся за іх душы і паставілі ля крыжа свечкі, святло якіх – наша памяць пра ахвяры вайны.
Даведка “ВВ” : У агні Росіцы за тры дні карнай аперацыі загінулі 1528 чалавек. У памяць пра іх ля касцёла кожную вясну распускаюць бутоны столькі ж цюльпанаў.
Фота Тамара Пашкевіч.