У чацвёрты раз Лепель гасцінна вітаў удзельнікаў Міжнароднага міфілагічнага фестывалю «У госці да Лепельскага Цмока».
Ёсць дзень, калі гарадскі парк на беразе маляўнічага возера чароўным чынам становіцца і «Музычным алімпам», і «Магічным ярам», і «Дзіцячым пагоркам», упрыгожваецца «Турыстычным узбярэжжам», «Кулінарным востравам» і «Далінай рамёстваў». Усё гэта – маршруты традыцыйнага фэсту, каторы год вітае і землякоў, і гасцей з замежжа.
Не кожны дзень сустрэнешся з Балотнікам Незвычайным, міфічным гаспадаром Ражнянскага балота Бярэзінскага запаведніка
Сёлета ўпершыню сюды прыехаў украінскі гурт «ТаRuta». А нямала прадстаўнікоў Віцебшчыны, Брэстчыны, Магілёўшчыны, Мінска і іншых рэгіёнаў увогуле лічаць справай гонару пабываць у гасцях у самага вядомага дзякуючы Уладізіміру Караткевічу з беларускіх цмокаў.
З далекай Брэстчыны прывезлі ўдзельнікі фэсту маляўнічы расказ аб развіцці аграэкатурызму ў сваім рэгіёне. Гэта здымкі аўтара
Удзельнікі шчырыя словы падзякі адрасавалі галоўнаму арганізатару свята старшыні Лепельскага райвыканкама Барысу Яфрэмаву. На сцэну з прывітальнымі словамі выходзілі прадстаўнікі турыстычнага кластэра з Брэста, гільдыі керамістаў з Мінска.
Лепельчанам таксама было аб чым праспяваць роднаму Цмоку.
Каштоўны падарунак прывёз прафесар, загадчык кафедры гістарычнага факультэта БДУ Тадэвуш Навагродскі –унікальную кнігу «Народная кухня Лепельшчыны», выдадзеную агульнымі намаганнямі, у тым ліку пры падтрымцы Лепельскага райвыканкама. Гэта вынік вялікай працы навукоўцаў і студэнтаў гістарычнага факультэта БДУ. Першы экзэмпляр быў уручаны Барысу Яфрэмаву. У хуткім часе кніга з’явіцца ў бібліятэках краіны.
Амфітэатр на беразе возера, бадай, яшчэ не бачыў такога творчага марафону – да позняга вечара выступалі гурты «Малала», «Варган», «Лепшы квас», «Рокаш», легенда беларускага фолку Алег Хаменка і гурт «Палац» і іншыя. Далучыліся да таленавітых музыкантаў і спевакоў і самі лепяльчане – нікога не пакінуў абыякавым «Спеўны сход» с Сержуком Доўгашавым.
На «Дзіцячым пагорку» вядомая казачніца Ларыса Рыжкова і ўдзельнікі гурту «Калыханка» расказвалі дзеткам казкі, ладзілі гульні і забаўлянкі. Малыя атрымалі спецыяльны падарунак ад кампаніі «Будзьма» – лялечны спектакль. У «Танцавальнай лагчыне» прайшлі майстар-класы ад гурту «Варган» з Полацка. У «Даліне майстроў» сапраўдныя творы мастацтва і народных промыслаў дэманстравалі ганчары, кавалі, майстры саломапляцення, вышыўкі і т.д.
На «Кулінарным востраве» панавала магія смаку – гэта пастараліся гаспадары садзіб і ўвішныя гаспадыні, удзельнікі клубаў нацыянальнай кухні. Лепельскі хлебазавод падрыхтаваў пачастунак, які многія захацелі паспытаць і ўзяць з сабой, каб пачаставаць блізкіх і сяброў – хлебабулачныя вырабы з выявай Цмока. На «Турыстычным узбярэжжы» прэзентавалі свае паслугі Бярэзінскі запаведнік, ГА «Адпачынак у весцы». У «Магічным яры» ўсе жадаючыя запускалі паветраных змеяў – маленькіх Цмокаў.
Лагодны Цмок спрыяў цікаваму карыснаму адпачынку, а таксама поспеху лепельскіх футбалістаў – у матчы з глыбачанамі яны перамаглі з лікам 7:1.
Фота Алены ЦЯЛЯТКА і Сяргея Лебедзева.