Пяць дзяржаўных вышэйшых навучальных устаноў Віцебскай вобласці паставілі кропку ў чатырохтыднёвым абітурыенцкім марафоне.
Хваля ўступнай кампаніі ахапіла 5570 ахвотных атрымаць студэнцкі білет, а менавіта такая колькасць чалавек падала заявы на абраныя спецыяльнасці, аднак толькі 5148 удалося вытрымаць сур’ёзныя конкурсныя іспыты на бюджэтную і платную формы дзённага і завочнага навучання.
Чым хутчэй набліжалася развязка ўступнай кампаніі, тым больш інтрыгуючым і гарачым станавіўся ход падачы дакументаў, за якім можна было сачыць у рэжыме анлайн на сайтах вну Віцебшчыны. Інтэрнэт-маніторынг дазваляў абітурыентам канчаткова вызначыцца з абраным напрамкам будучай дзейнасці і ацаніць свае магчымасці ў адукацыйнай барацьбе па выніках здадзеных іспытаў. Апошнія хвіліны літаральна станавіліся вырашальнымі — верхняя планка конкурсу на бюджэтныя месцы магла вырасці ў любы момант. Мацнейшыя абітурыенты ўпэўнена абыходзілі на пляцоўцы ведаў сваіх сапернікаў, якія напачатку «гонкі» займалі лідзіруючыя пазіцыі, таму апошнія ўжо станавіліся прэтэндэнтамі толькі на платнае месца.
У такім пастаянным напружанні на працягу ўступнай кампаніі трымала спецыяльнасць «Правазнаўства» ВДУ імя П. Машэрава, якая ўзначаліла рэйтынг найбольш запатрабаваных — 73 абітурыенты спрабавалі раздзяліць усяго 2 шанцы навучацца на бюджэтнай аснове, таму конкурс склаў 36,5 чалавекі на месца. Дастаткова цесна было і на юрыдычным факультэце ПДУ — 18. Высокія паказчыкі прадэманстравалі «Сацыяльныя камунікацыі», якія з’явіліся на рынку спецыяльнацей у мінулым годзе, і «Лагістыка» гэтай жа ўстановы — 8 і 5 адпаведна.
— У пяці дзяржаўных вну дастаткова распаўсюджанымі аказаліся «ветэрынарная санітарыя і экспертыза» ў ВДАВМ, «дызайн» у ВДТУ, «рамана-германская філагогія» ў ВДУ імя П. Машэрава, дзе конкурс склаў больш за 2 чалавекі на месца, а таксама фінансава-эканамічны, сацыяльна-педагагічны профіль, — канстатаваў галоўны спецыяліст аддзела прафесійнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Беднякоў. — Сярэдні конкурс па вну склаў 1,5 челавекі на месца, а ў мінулым годзе — 1,4.
Самы высокі прахадны бал (322) у будучага першакурсніка ВДМУ, які абраў спецыяльнасць «фармацыя». На атрыманне студэнцкага білета па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання» ў ПДУ можа разлічваць абітурыент, які па выніках 3 ЦТ і сярэдняга бала атэстата набраў 97 балаў. Дарэчы, на гэтую спецыяльнасць дзённага аддзялення ў ВДТУ быў аб’яўлены дадатковы набор, як і на спецыяльнасці лёгкай прамысловасці.
З улікам дадатковага набору ў 5 вну пры плане 2309 чалавек прынялі ўдзел ва ўступных іспытах на бюджэтную форму 3427 абітурыентаў. Па словах загадчыка сектара Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці Андрэя Салтановіча, з 2233 залічаных на бюджэтную форму дзённага аддзялення 185 будучых студэнтаў з’яўляюцца медалістамі, 18 маюць дыплом з адзнакай. Па-за конкурсам на падставе льгот, вызначаных Правіламі прыёму ў вну, першакурснікамі сталі 31 чалавек, без уступных іспытаў — 17. Разам з тым залічаны 49 замежных грамадзян.
– За выкананнем патрабаванняў заканадаўства падчас правядзення ўступных іспытаў сачылі абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў складзе 8 чалавек і адпаведныя камісіі па кантролі ў 5 вышэйшых дзяржаўных навучальных установах вобласці. Імі былі разгледжаны і дадзены адказы на 5 вусных зваротаў, якія паступілі ад абітурыентаў і іх бацькоў. Усе звароты мелі кансультацыйны характар і ў асноўным закраналі пытанні аб прыёме і навучанні, парадку падачы дакументаў, — адзначыў Андрэй Анатольевіч. Спецыяліст таксама падкрэсліў, што з дапамогай комплексу мерапрыемстваў па кантролі дасягнута галоўная мэта дзейнасці абласной камісіі і камісій навучальных устаноў — забяспечыць грамадзянам роўныя магчымасці пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэгіёна, абарону іх законных правоў і інтарэсаў.