Пастаўчанка Таццяна Палякова гэтым летам паехала на міжнародны конкурс прыгажосці «Гранд-міс», які праходзіў у італьянскім горадзе Пезара, і стала пераможцай у намінацыі «Неардынарная мадэль». Гэта конкурс для тых, хто не займаецца мадэльным бізнесам прафесіянальна.
– Збылася мая дзіцячая мара прайсціся па подыуме, – кажа Таццяна. – Калі мне споўнілася 18 гадоў, я паехала ў Мінск у спецыяльную школу з жаданнем вучыцца на манекеншчыцу, але мне сказалі, што ўжо позна. Праз многа гадоў, калі падрасла мая дачушка, гэту сваю мару вырашыла рэалізаваць разам з ёй. Дзякуючы Ульяне я і трапіла на конкурс у Італію, які сабраў больш за 160 удзельніц.
Паўтара года Таццяна Палякова вазіла дзяўчынку ў мадэльную школу Сяргея Нагорнага ў Маладзечне. Але не ўбачыўшы жаданых вынікаў, разаслала яе партфоліа ў іншыя агенцтвы. Запрашэнні прыйшлі з мінскай студыі эстэтычнага развіцця «Разарыум» і дзіцячага мадэльнага агенцтва «Карона». Маці з дачкой замахнуліся на максімум: вырашылі, што Ульяна будзе займацца ў абодвух.
Цяпер кожную суботу ў яе па некалькі гадзін дэфіле, харэаграфіі, фотапластыкі, фотапазіравання, этыкету… У «Разарыуме» Таццяна знайшла справу і для сябе. Студыя праводзіць заняткі не толькі з дзецьмі, але і з дзяўчатамі і жанчынамі неабавязкова мадэльнай знешнасці ці фігуры. На іх пастаўчанка і запісалася.
Вучоба ў Ульяны ішла паспяхова, і гаспадыня «Разарыума» Ірына Садоўская вылучыла дзяўчынку для ўдзелу ў міжнародным конкурсе. А пасля прапанавала і Таццяне не проста суправаджаць дачку ў Італію, а самой паспрабаваць сілы.
– І я рашылася, бо ўва мне ўсё яшчэ жыла тая дзіцячая мара, – расказвае Таццяна. – Хацелася прайсціся па подыуме, адчуць, як на цябе накіраваны сафіты, тэлекамеры, фотааб’ектывы, як ацэньвае журы. А тут такая заманлівая прапанова!
Да конкурсу заставалася менш за тры месяцы, таму займацца абедзвюм Паляковым давялося настойліва. У Таццяны было тры выхады на подыум: у майцы і джынсах, нацыянальным беларускім уборы і вячэрняй сукенцы.
– Як праходзіў конкурс, памятаю дрэнна, – успамінае Таццяна. – На журы старалася не глядзець. Будзе як будзе. Але калі пры падвядзенні вынікаў мяне аб’явілі пераможцай, ледзь не страціла прытомнасць. Нібы ў сне выйшла на подыум, атрымала сваю ўзнагароду – Кубак і два сертыфікаты на ўдзел у падобных конкурсах у Грэцыі і Парыжы.
– Гонар і радасць адчула пазней. Калі цябе пазнаюць на вуліцы італьянскага горада, просяць аўтограф, вітаюць, гэта прыемна,– кажа Таццяна.
Удалым было на тым конкурсе і выступленне Ульяны. Яна атрымала тытул «Міс Вытанчанасць».
Затым Таццяна Палякова паехала ў Глыбокае, дзе ў рамках «Вішнёвага фестывалю» прайшоў міжнародны конкурс «Міс Экстрым».
– Давялося паездзіць вярхом на кані, кіраваць вупражжу сабак, спускацца пад ваду, удзельнічаць у бізнес-форуме, – расказвае Таццяна. — Галоўны прыз не выйграла, але была прызнана лепшай у некалькіх намінацыях.
– Заняткі ў мадэльнай школе змянілі не толькі мой фізічны стан, але і ўнутраны свет, – адзначае пастаўчанка. – Буду вучыць англійскую мову і ставіць голас, бо трэба прадстаўляць сябе на подыуме, а таксама спяваць або танцаваць. Я пазбавілася шэрагу комплексаў.
Як паказвае жыццё, калі моцна чагосьці жадаць, мары збываюцца. Трэба толькі настойліва ісці да мэты.
Фота з асабістага архіва Таццяны Паляковай.