Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Ретроспектива

Філіял знакамітай расійскай кавалерыйскай школы некалі быў у Паставах (+ВІДЭА)

Адной з адметнасцяў Паставаў з’яўляецца велічны палац Тызенгаўзаў, у якім зараз месціцца раённая бальніца. Колькі гадоў таму пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ў яе сутарэннях была створана цікавая экспазіцыя, з якой мяне пазнаёміла старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. Адзін з гістарычных фактаў, асветленых тут, прыцягнуў маю ўвагу.

Таццяна Гарошка з макетамі замка

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Паставы, як вядома, увайшлі ў склад Расійскай імперыі. Таццяна Гвідонаўна нагадвае, што ў выніку шлюбных саюзаў нашчадкамі славутых Тызенгаўзаў сталі прадстаўнікі роду Пшэздзецкіх.

Граф Пшэздзецкі вельмі любіў коней, таму не дзіва, што ён нейкім чынам сышоўся са слынным вайскоўцам, кіраўніком Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы (сучаснікі жартаўліва называлі яе «конскай акадэміяй») Аляксеем Брусілавым, будучым героем Першай сусветнай вайны. Ёсць адзінкі палкаводцаў, у гонар якіх назвалі баявыя аперацыі, а генерал меў свой «Брусілаўскі прарыў».

У выніку ў Паставах быў створаны своеасаблівы філіял школы. Асаблівай матэрыяльнай выгады граф з гэтага супрацоўніцтва, відавочна, не меў. Затое дзякуючы яму Паставы сталі вядомымі і папулярнымі сярод кавалерыстаў.

На пачатку ХХ стагоддзя тут быў пабудаваны паляўнічы замак, дзе бываў нават расійскі імператар Мікалай ІІ, таму яго часам называюць «Мікалаеўскім». Верхняя частка будынка была драўлянай, ніжняя – каменная. На першым паверсе мясціліся афіцэры, у мансардзе – дзеншчыкі. Была казарма для ніжніх чыноў, сабакарня, звярынец. У музеі нават можна паглядзець рэдкія кінакадры, знятыя ў Паставах адным з першых расійскіх аператараў у 1908 годзе.

Палац Тызенгаўзаў у Паставах

Сюды прыязджала кавалерыя (цудоўныя былі вершнікі!) і прывозіла найлепшых коней. Іх колькасць даходзіла да 200 жывёл. Нават быў выпісаны з Італіі вядомы выкладчык выездкі. Сярод знакамітых асоб, што бывалі тут, унук імператара Мікалая І генерал ад кавалерыі Мікалай Раманаў, вярхоўны галоўнакамандуючы расійскім войскам у пачатку Першай сусветнай вайны, будучы маршал, а потым прэзідэнт Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм, адзін з лідараў белагвардзейскага руху барон Врангель, украінскі гетман Скарападскі… Таццяна Гарошка кажа, што нават захаваўся альбом са спісамі ўдзельнікаў аднаго з першых заездаў. Яны ёсць на сайтах антыкварнай тэматыкі Санкт-Пецярбурга. Але іх кошт (каля 10 тыс. долараў) занадта вялікі.

Аляксей Брусілаў для выхавання добрых кавалерыстаў увёў такі від заняткаў, як «парфорснае паляванне», калі вершнікі на конях без зброі павінны былі загнаць звера, часцей за ўсё аленя. Згадка пра гэта ёсць у адным з лепшых раманаў Валянціна Пікуля «Гонар маю». Персанаж кнігі між іншым кажа суразмоўцу такія словы: «Вспомни, как мы вместе ломали кости на парфорсной охоте в Поставах под Вильной… Граф Пржездецкий заранее готовил врачей, бинты и лекарства для будущих инвалидов парфорсной бойни».

І гэта мастацкая дэталь, відаць, недалёкая ад ісціны. Бо захаваліся і рэальныя ўспаміны сведкі тых падзей, драгунскага афіцэра. А відовішча сапраўды было незвычайнае. З вальера выпускалі еўрапейскага аленя, за ім ззаду колькі дзясяткаў сабак, якія фактычна дабывалі дзічыну, і толькі потым – пераследнікі. Звер нёсся стрымгалоў. А там мясцовасць складаная: і яры, і ручаі, і азёры. Гэта было вельмі сур’ёзнае выпрабаванне для кавалерыстаў. Вядома, што многія не маглі сваёй хадой вярнуцца ў маёнтак, бо ламалі рукі і ногі, і за імі прысылалі калёсы. На папулярнае відовішча збіраліся шматлікія гледачы.

Генерал ад кавалерыі Мікалай Раманаў пад Паставамі

Бывала, што на шляху «дзікага палявання» аказвалася вёска. Тады ўжо яе жыхарам было не да жартаў. Загнаны алень пераскокваў адзін плот за другім. Сабакі таксама лёгка пераадольвалі перашкоды, а вось паляўнічым было вельмі цяжка. Агароджы трашчалі пад ударамі капытоў і валіліся. А бывала і наадварот: на зямлі аказваліся конь і яго гаспадар. Вясковыя жанчыны і дзеці крычалі ад жаху пры такім нязвыклым відовішчы і знішчанай маёмасці. Аднак варта адзначыць, што кожны раз пасля палявання стваралася адмысловая камісія, якая вывучала прычыненыя разбурэнні і шкоду ўгоддзям. Вызначаўся іх кошт, які потым сплочвала вайсковае міністэрства.

Нарэшце, сабакі даганялі сваю здабычу, якая не магла супраціўляцца такой драпежнай зграі. А даезджыя трубілі гімн сканчэння палявання. Вечарам у гонар пераможцаў граф Пшэздзецкі рабіў багатае баляванне. Зразумела, што на яго збіраліся толькі тыя, хто мог па стане здароўя дабрацца да стала.

Але гэта было важным спосабам удасканальвання верхавой язды. Бо галоўным быў не вынік палявання, а здольнасць вершніка кіраваць сваім канём у экстрэмальных умовах. Многія, не вытрымаўшы выпрабаванняў, сыходзілі ў адстаўку. Даследчыкі мяркуюць, што праз пастаўскія зборы прайшла ўся гвардзейская кавалерыя расійскага войска. Нездарма падчас вайны брусілаўцы праявілі сябе выключна добра.

На жаль, унікальны паляўнічы замак быў разбураны ў Першую сусветную вайну. Дакладнае яго месцазнаходжанне сёння невядомае: прыблізна ён мясціўся на тэрыторыі сучаснага гарадскога парку.

На памяць пра «конскія гісторыі» графа Пшэздзецкага ў сховішчах музея захаваўся толькі старадаўні габелен са сваёй легендай. У графа быў конюх па прозвішчы Атвалка, які вельмі ашчадна ставіўся да скакуноў гаспадара, што перамагалі на розных спаборніцтвах. Каб аддзячыць, той накіраваў яго сына вучыцца ў вайсковую школу. Яе юнак скончыў на выдатна. Расчуліўшыся, граф загадаў зняць са сцяны габелен і падараваў яго хлопцу. Малады Атвалка загінуў на Першай сусветнай, не пакінуўшы нашчадкаў, а твор мастацтва захаваўся да нашых дзён у яго сваякоў. Калі апошнія старыя памерлі (а было гэта ўжо ў 2000-х), іх дачка, якая жыве за мяжой, вырашала зрабіць падарунак гораду, дзе жылі продкі, пакінуўшы габелен у Паставах.

Даведка «ВВ»

Сярод знакамітых асоб, што бывалі ў Паставах,  – унук імператара Мікалая І генерал ад кавалерыі Мікалай Раманаў, вярхоўны галоўнакамандуючы расійскім войскам у пачатку Першай
сусветнай вайны, будучы маршал, а потым прэзідэнт Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм, адзін з лідараў белагвардзейскага руху барон Врангель, украінскі гетман Скарападскі…

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА і з адкрытых крыніц.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ