Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Ретроспектива

Вiцебск 60-х: гiсторыя горада праз здымкi адной сям’і

На здымках фатографа Эдуарда Паляка 1966 года зафіксаваны імгненні жыцця адной віцебскай сям’і.

Яны ідуць на аўтобусны прыпынак, зрабіўшы необходныя пакупкі. А вось ужо стаяць у чаканні транспарту, каб вярнуцца дамоў з выхаду, як тады казалі, «у горад». А можа, яны едуць на вакзал, каб адправіцца ў госці да вясковай радні, накупіўшы вялікіх гасцінцаў. Мужчына беражліва паставіў сваю цяжкаватую ношу на траву, жанчына трымае торбу і, верагодна, трубку шпалер, а ў дзяўчынкі ў руках маміна дамская сумачка.

Да вакзала адсюль тады можна было адправіцца на аўтобусах васьмі маршрутаў, якія хадзілі пад нумарамі ад 1 да 8. Пра гэта сведчыць спецыяльная шыльда на прыпынку (1). У яго інфраструктуру таксама ўваходзілі павець з лаўкай і газетны кіёск (2).

Банеры 1960-х

Без рэкламы ў той час, каб паспяхова рэалізоўваць тавары і паслугі, таксама нельга было абысціся.

На тарцы двухпавярховага дома вісяць два плакаты. На адным (3) імпазантны мужчына ў гарнітуры, капелюшы і з плашчом на руцэ задаволены тым, што карыстаецца самалётамі «Аэрафлота». На другім (4) рэкламуецца мінеральная вада «Смірноўская». Яна і зараз дабываецца і выпускаецца ў Жалезнаводску (Стаўрапольскі край), які ўваходзіць у склад эколага-курортнага рэгіёна Каўказскія Мінеральныя Воды. Напой названы ў 1898 годзе ў гонар доктара Сямёна Смірнова, які ў другой палове ХІХ ст. кіраваў курортам.

Яшчэ адзін плакат (5) на плоце звяртае ўвагу прахожых на паслугі па рамонце і пашыве адзення.

У даволі сціплым месцы ўстаноўлена Дошка гонару Кастрычніцкага раёна (6) з фатаграфіямі 32 перадавікоў. Абапал яе дзве стэлы (7 і 7а). Напэўна, на іх размешчаны звесткі па працоўнай гісторыі і назвы знакавых прадпрыемстваў раёна.

Галоўны індзеец

У той час паход у кіно быў адной з галоўных забаў, бо нават тэлевізары не ўсе мелі. Тым не менш рэклама новых фільмаў была дастаткова агрэсіўнай, таму што пракатчыкам выстаўляліся высокія планы па выручцы. У нашым выпадку рассеяны пешаход мог літаральна сутыкнуцца з афішай (8).

Фільм «За мной, канальі!» вытворчасці студыі «ДЭФА» з Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі створаны ў 1964 годзе. Дзеянне адбываецца на мяжы XVIII — XIX стст. У Прусіі не хапае салдат. Барон фон Юбенау намагаецца забраць у рэкруты моцнага і вясёлага хлопца Аляксандра, хоць ён жыхар іншага каралеўства. З дапамогай сяброў ён абдурвае барона, уцягвае яго і караля ў інтрыгі, а сам уцякае разам з дачкой багатага вяльможы Ульрыкай. Па стылістыцы «За мной, канальі!» нагадвае больш вядомы французскі фільм «Фанфан-цюльпан».

Дарэчы, студыя «ДЭФА» была адной з любімых у савецкага юнага гледача. Тут здымалі шмат цікавых прыгодніцкіх фільмаў, у першую чаргу пра індзейцаў.

Якраз у 1966 годзе ва Усходні Берлін пераязджае югаслаўскі акцёр Гойка Міціч і пачынае здымацца на студыі «ДЭФА» ў кінастужках пра герояў карэннага насельніцтва цяперашніх ЗША. Спачатку былі «Сыны Вялікай Мядзведзіцы», потым – фільм «Чынгачгук – Вялікі Змей», які ў 1968-м закупіў СССР.

Затым у пракат выйшлі «Тэкумсе», «Ульзана», «Правадыр Белае Пяро». Такім чынам Гойка Міціч стаў «галоўным індзейцам» краін сацыялістычнага лагера.

Другая афіша (9) інфармуе пра паказ італьянскай меладрамы «Гісторыя аднаго кахання», знятай у 1942 годзе.

Цэнтральны магазін

Манументальны будынак Віцебскага ўнівермага (10) з’явіўся на вуліцы Замкавай у 1960 годзе, яго гандлёвая плошча складала амаль 2 тыс. кв. м. Самы вялікі магазін здзіўляў гараджан сваёй прасторай, вялікімі лесвічнымі маршамі і высокай столлю. Для параўнання скажам, што дагэтуль універмаг (яго гісторыя пачыналася ў 1947 годзе) размяшчаўся на 193 кв. м па вул. Леніна, 7. Праўда, дзейнічалі і шматлікія філіялы ў розных частках горада.

Сучасны выгляд уні­вермаг займеў у лютым 1976-га, калі была ўзведзена прыбудова, якая дазволіла расшырыць гандлёвую плошчу да 4080 кв. м.

Рэканструкцыя
вуліцы

Насупраць універмага тарцом стаяў трохпавярховы будынак педінстытута. На здымку мы бачым частку яго даху і абсерваторыю (11). Раней гэта памяшканне, узве­дзенае ў 1880-м, належала Аляксандраўскай мужчынскай гімназіі. Дарэчы, пры яго будаўніцтве была зрыта частка Замкавай гары.

Пасля рэвалюцыі навучальную ўстанову закрылі. Непрацяглы перыяд тут размяшчаўся ваенны шпіталь, падчас Савецка-польскай вайны ў маі 1920-га – часовы пункт кіравання Заходнім фронтам на чале з камандуючым Міхаілам Ту­ха­чэўскім. У чэрвені 1921-га будынак перадалі педінстытуту.

У пачатку 1970-х да 1000-годдзя Віцебска была задумана рэканструкцыя вул. Замкавай. Помнік архітэктуры ра­зам з іншымі будынкамі па правым баку знеслі. Хутка пачалося ўзвядзенне ПКБ АСК, якое за знешнее падабенства ў народзе называюць ДнепраГЭСам.

7 чэрвеня 1975 года пад рубрыкай «XXV з’езду КПСС – дастойную сустрэчу!» абласная газета «Віцебскі рабочы» паведамляла: «На вуліцы Замкавай узводзіцца вялікі будынак для Віцебскага праектна-канструктарскага бюро аўта­матычных сістэм кіравання.

Па плане яго намечана здаць у эксплуатацыю ў будучым годзе. Работы тут цяпер вядзе комплексная брыгада кавалера ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга камуніста Мікалая Вашука з БУ-37 трэста №9. У гэтыя дні яна пастаянна перакрывае зменныя заданні на 30 — 35 працэнтаў пры высокай якасці».

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ