Курсы валют НБРБ
Доллар США
2.4997
Евро
2.9741
100 российских рублей
3.4193
Погода в Витебске
17 oC пасмурно
Давление:
756мм рт. ст.
Влажность:
66%
Скорость ветра:
2.15м/с юго-восточный

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Точка на карте

Карэспандэнт «ВВ» пабываў у вёсцы Цербяшова Шумілінскага раёна, дзе амаль 30 гадоў таму былі знойдзены рэшткі маманта

Амаль трыццаць гадоў таму ў вёсцы Цербяшова Шумілінскага раёна на беразе Заходняй Дзвіны былі знойдзены рэшткі маманта. Сярод іх ніжняя сківіца гіганта з зубамі, падобнымі на след абутку дарослага чалавека (імі траваядны гігант пераціраў зялёную масу). Такога цэльнага фрагмента няма ў ніводным музеі краіны, апроч Шумілінскага. Карэспандэнт «ВВ» пабываў у вёсцы, дзе калісьці блукала дагістарычная жывёла.

Па словах выконваючага абавязкі старшыні Светласельскага сельсавета Людмілы Васільевай, зараз у Цербяшове пастаянна жывуць пяць чалавек, і на лета прыязджаюць больш за дваццаць дачнікаў. У вёсцы тры вуліцы – Рачная, Цэнтральная і Палявая.

Як расказваюць старажылы, пры калектывізацыі сюды звазілі насельнікаў навакольных хутароў. Напэўна, так сфарміраваліся дзве апошнія вуліцы. А першая была аўтэнтычнай і цягнецца ўздоўж правага берага ракі на некалькі сотняў метраў. Вёска даволі раскідзістая па плошчы. У савецкія часы тут стаяла больш за сотню дамоў.

Сапраўдны палкоўнік 

Калі ехаць з Шуміліна, то першым стаіць дом палкоўніка запасу Расійскай арміі Уладзіміра Баранава, які нарадзіўся ў Віцебску. Яго маці паходзіла з Цербяшова. Уладзімір Пятровіч служыў у авіяцыі і супрацьпаветранай абароне. У запас выйшаў у 1997-м, потым дзесяць гадоў працаваў у Падліковай палаце РФ і жыў у Рэутаве Маскоўскай вобласці. Ледзь не кожны дзень бывае на рыбалцы на Дзвіне, а зімой – на возеры ў Башнях. У Цербяшове Уладзімір Баранаў бязвыезна пражывае чатырнаццаць гадоў, у Расію на пабыўку часам выбіраецца жонка Надзея Іванаўна. Зараз у дзядулі з бабуляй пакуль гасцююць тры ўнучкі з Масквы.

А самога Уладзіміра Пятровіча ў Расію не цягне, бо «тут мая радзіма і прырода».

Дамой — на цеплаходзе 

Экскурсію па Цербяшове пагадзіўся правесці Мікалай Шылін, які тут вырас. Да пенсіі ён чвэрць стагоддзя адпрацаваў у Віцебску вадзіцелем інкасатарскай службы. Цяпер разам з жонкай Таісіяй Дзмітрыеўнай пастаянна пражывае на дзедавай сядзібе, якую сцеражэ лабрадор Лінда. Раней разводзілі свіней, зараз у гаспадарцы толькі куры і агарод. Жонку Мікалай у свой час сустрэў і перавёз у Віцебск з суседняга Полцева, дзе яна працавала дырэктарам школы.

Мікалай Шылін памятае, як да Сінякова па рацэ хадзілі цеплаходы «40 гадоў Кастрычніка» і «Мінай Шмыроў», пасажырская баржа. Потым да Бешанковіч хвалі бараздзіла судна на паветранай падушцы «Зарніца», якое развівала вялікую хуткасць. Мікалай згадвае, што на старым цеплаходзе дабіраўся да бацькоўскага дому гадзіну, назад супраць плыні – дзве. Калі судна не магло прышвартавацца да мелкаводнага правага берага, пасажыраў высаджвалі на левым, а потым радня перавозіла гасцей на лодках. Дарэчы, фарватар у Цербяшове называюць «параходная яма». Відаць, гэты выраз паходзіць з канца ХІХ ст., калі па рацэ пайшлі самаходныя судны.

Рыбалка на Дзвіне ў Цербяшове ўжо не тая, як раней. Мікалаю Шыліну запомнілася, як у дзяцінстве дзед прынёс вугра. А яшчэ наш экскурсавод расказаў, як з бацькам ездзіў да радні ў Камлі Бешанковіцкага раёна, што знаходзяцца на супрацьлеглым беразе. На лодку ставілі падводу, а распрэжанага каня трымалі за аброць, і ён плыў самастойна.

Паветра, сонца і вада 

Святаслаў і Наталля Вератынскія купілі дачу на першай берагавой лініі ў 1990-м. Меркавалі, што будуць яе наведваць на рачным транспарце. Але ў навігацыю 1991-га пасажырскі рух па Дзвіне з-за вялікіх страт быў адменены.

Гаспадары значна абнавілі дом і на пенсіі праводзяць тут час з пачатку вясны да канца восені. Праход на ўчастак з боку ракі вымушана агарадзілі ад ласых да ўраджаю зайцаў. Больш складана вядзецца барацьба з драздамі, якім даспадобы любыя ягады. Нахабныя птушкі нічога не баяцца, і некалькі разоў падчас чарговага налёту іх нават лавілі проста за лапы.

З 1 чэрвеня і да канца лета ў Святаслава Здзіслававіча і Наталлі Аляксееўны гасціць унучка Варвара, якая пераходзіць у шосты клас. Ёй падабаецца Цербяшова тым, што тут свежае паветра і мала машын, таксама ёсць свая кампанія з равеснікаў.

У мінулым годзе Варвара разам з мамай здзейсніла вандроўку на ве-ласіпедах на старую панскую сядзібу ў Полцеве. Але сёлета туды ехаць страшнавата, бо ў ваколіцах блукае небяспечны звер.

Жанчыны і мядзведзь 

Таісія Шыліна і Ніна Сапронава – аматаркі скандынаўскай хадзьбы. Каля месяца назад яны рушылі па любімым маршруце. Метрах у сямідзесяці па дарозе Таісія Дзмітрыеўна заўважыла нібыта мужчыну ў чорным касцюме, які сагнуўся і корпаўся ў траве. Нарэшце фігура ўзнялася, і аказалася, што гэта мядзведзь. Ён ускінуў пярэднія лапы і павольна пайшоў на жанчын. Таісія Шыліна здранцвела, а Ніна Сапронава не разгубілася, заклала ў рот два пальцы і гучна свіснула. Звер спыніўся, а потым зноў пайшоў наперад. І толькі пасля паўторнага папярэджання жанчыны касалапы раптам знік.

Звера бачылі не толькі ў Цербяшове. У лясніцтве месцічам расказалі, што гэта трохгадовы мядзведзь, якога ўжо кінула маці. Ён шукае сабе ўчастак для самастойнага жыцця.

Кароткая дарога 

Адну з дзвюх сваіх праблем насельніцтва Цербяшова вырашыла з дапамогай сельгаспрадпрыемства «АграБаравінка». Справа ў тым, што паміж вуліцамі быў закінуты надзел у некалькі гектараў, дзе расла высокая трава і атабарылася інвазіўная расліна – залатарнік, які па агрэсіўнасці роўны баршчавіку Сасноўскага. Сухастой вясной пагражаў пажарамі. Цяпер тут растуць зерневыя.

На парадку дня застаецца стан кароткай дарогі да абласнога цэнтра, да якога па ёй 30 км (праз Шуміліна ўдвая больш). Бальшак праходзіць праз Старое Сяло Віцебскага раёна. Ім карыстаюцца не толькі жыхары і госці Цербяшова, але і Лажка, Дубраўскага, Полцева. І калі па стане дарогі суседняга рэгіёна прэтэнзій няма, то некалькі сот метраў шумілінскага падпарадкавання вясной і восенню выклікаюць галаўны боль у вадзіцеляў. Праўда, аднойчы мясцовыя ўлады пускалі туды грэйдар, але праблему ён не вырашыў.

Дзе біўні? 

У 1992 годзе экскаватаршчык шумілінскай ПМК-25 Уладзімір Дзягілеў, знаходзячыся ў бацькоў у Цербяшове, знайшоў на беразе Дзвіны незвычайныя косткі. Пра знаходку расказаў сыну Сяргею, які разам са стрыечным братам Мішам пабег да ракі. Удваіх узнялі на высокі бераг цяжкую ніжнюю сківіцу, сабралі косткі. Раніцай прыехалі прадстаўнікі раённага музея і адправілі знаходкі на экспертызу ў Акадэмію навук Беларусі. Як высветлілася, на момант гібелі маманту было 30 – 40 гадоў. Гігант важыў 7 т, меў рост 3,5 м і даўжыню 4 м. Вілка меркаванага перыяду яго жыцця ўнушальная – 320 – 19 тыс. гадоў назад. Застаецца загадкай, ад чаго загінула жывёла: правалілася пад лёд, пераходзячы раку, была паранена біўнем саперніка ці проста «вымерла, як мамант».

44-гадовы вадзіцель Шумілінскага РЭС «Віцебскіх электрасетак» Сяргей Дзягілеў згадвае, што праз год на тым месцы яшчэ накапаў касцей маманта і здаў іх у музей. Хлопцу хацелася знайсці біўні жывёлы, ён нават прайшоў 4 км уніз па рацэ. Але безвынікова. Затое ўражанняў засталося на ўсё жыццё.

Фота аўтара і з архіва «ВВ».


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ