Мінуць сядзібу, ля варот якой заманліва калыхаліся на дрэве жбанкі, было немагчыма. Гліняныя вырабы без слоў гаварылі: тут жыве ганчар. Але што гэта вядомы на ўсю рэспубліку майстар, было прыемнай нечаканасцю, не раз сустракала яго на розных святах і фестывалях. Сяргей Шчэрба з вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна ўжо напрыканцы мінулага стагоддзя быў прызнаны спачатку лепшым майстрам глінянай цацкі ў вобласці, а потым і ўсёй краіны.
У апошні жнівеньскі дзень Сяргей і Людміла Шчэрба рыхтавалі экскурсію для школьнікаў. У іх дамашнім музеі планаваўся ўрок «Мая радзіма – Беларусь». І гаспадары абнаўлялі экспазіцыі, прадумвалі, што раскажуць дзецям пра краіну, яе культуру, традыцыі. А яшчэ паставілі скарбоначку, куды кожны з наведвальнікаў мог кінуць манетку. Грошы прызначаны на лячэнне маленькай пастаўчанкі Соні Шалей, пра што інфармуе невялікая абвестка.
Сяргей і Людміла — педагогі. Закончылі адзін універсітэт, ён – мастацка-графічны факультэт, яна – фізіка-матэматычны. Працавалі ў школе. Аднойчы іх сыну падарылі свістульку. І гэта гліняная цацка больш зацікавіла бацьку, чым малога. Пакруціўшы ў руках, вырашыў сам зрабіць не проста падобную, а лепшую. Каб гучала чыста, нагадвала спеў птушак ці тонкі посвіст ветру, была прыгожай знешне. З таго часу і пачалося захапленне глінай, якое доўжыцца ўжо 25 гадоў.
Як узгадвае Людміла Эдуардаўна, на першую свістульку мужу спатрэбіліся аж дзве гадзіны. Цяпер вылеплівае за 2-3 хвіліны. Але гэта яшчэ не канечны выраб. Яго трэба сушыць тыдзень-два. Потым абпаліць у печы пры пэўнай тэмпературы. Размаляваць. І толькі тады цацка гатова.
Здаецца, нічога мудрагелістага. Але каб свістулька прыгожа гучала, каб хацелася ўзяць яе ў рукі і пацешыцца прыгажосцю аздаблення, яе аўтар павінен быць майстрам. Усімі сакрэтамі рамяства Сяргей Шчэрба авалодаў дасканала, стаў лепшым майстром у краіне па вырабе акарын. Добра вядомыя нам беларускія свістулькі таксама адносяцца да акарын, але ў параўнанні з імі спяваюць падобна на залівістых жаўранкаў. Вырабы Сяргея Уладзіміравіча ў выглядзе птушак, жывёл, рыб разышліся па свеце, дэманструюцца ў Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Германіі, Польшчы, Англіі, Францыі... Славіцца майстар і сваімі галасістымі званочкамі, глінянымі цацкамі.
Але, як і належыць сапраўднаму гаспадару, свой поспех дзеліць з жонкай, якая не толькі забяспечвае камфортныя ўмовы для работы мужа, але і заканчвае працэс стварэння вырабу, надае яму апошнія рысы.
Звычайна двум таленавітым людзям побач цесна. А Шчэрбы ў творчым працэсе дапаўняюць адно аднаго, разам рэалізуюць задумы. Ужо не адзін год акрамя рамесніцтва займаюцца аграэкатурызмам. І ў гэтай справе былі ў ліку лепшых у краіне па захаванні нацыянальных традыцый. З 1 мая па 1 кастрычніка прымаюць гасцей, большасць з якіх стала пастаяннымі кліентамі іх сядзібы, нават сябрамі. Разам з гаспадарамі яны працуюць у агародзе, асвойваюць азы ганчарства, кулінарныя тонкасці.
— У нас гэта не бізнес, а ўклад жыцця, — кажа Людміла Эдуардаўна.
Усё лета іх сядзіба «Акарына» і дамашні музей адчынены для наведвальнікаў. Выхаванцы летнікаў у школах, пры царкве і касцёле з захапленнем разглядваюць цацкі, свістулькі, жбаны, спрабуюць круціць ганчарнае кола ці нешта ляпіць сваімі рукамі. А яшчэ ім прапануюць змалоць муку, прасеяць яе і напячы бліноў у печы, якую гаспадар змайстраваў у двары. 3-3,5 гадзіны, якія дзятва бавіць у Шчэрбаў, не мінаюць дарэмна.
Тураператары прывозяць да Шчэрбаў экскурсійныя групы, не абмінаюць сядзібу і праезджыя. Гаспадары завялі кнігу водгукаў, дзе многа ўзнёслых слоў. Японец-ганчар, напрыклад, які спецыяльна прыязджаў да Сяргея Шчэрбы, акрамя захаплення яго майстэрствам, быў уражаны беларускімі прасторамі, уладкаванасцю сядзібы, прадуманасцю пляцовак для навучання рамяству і забаў. Наведвальнікі-музыканты свае эмоцыі выказалі з дапамогай нот. Маладзенькія амерыканкі, якіх бабуля знаёміла з каранямі роду, склалі верш. Водгукі напісаны на дзесяці мовах. Але гаспадару і гасцям не патрэбны перакладчык, бо за майстра гавораць яго работы, без слоў расказваюць пра тое, чым жыве чалавек, пра яго настрой, душу. Усё гэта ацанілі і калегі па цэху – на адным з міжнародных фестываляў у польскім Воліне прынялі Сяргея Уладзіміравіча ў ганаровую гільдыю.
— Такім не зусім звычайным спосабам была ацэнена наша адданасць славянскім традыцыям, — кажа Сяргей Шчэрба. – Мы прытрымліваемся тых правілаў, па якіх жылі продкі. Для маладых сужэнцаў праводзім абрад «Жбаночак шчасця», для бацькоў робім адбітак далоні і ступні немаўлят… Усё падпарадкавана таму, каб з’яднаць сем’і, зрабіць іх трывалымі.
Моц сямейных сувязей Шчэрбаў — таксама прыклад для маладых і сталых пар. Сівы чараўнік і прывабная фея з добрымі вачамі ідуць па жыцці побач і напаўняюць свет прыгажосцю.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.