Напрыканцы года філіял Глыбоцкага МКК «Браслаўрыба» зноў трапіў у складаную сітуацыю. Адладжаны механізм вытворчасці і збыту прадукцыі даў збой. З Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі прыйшло паведамленне, што Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расійскай Федэрацыі часова прыпыняе для прадпрыемства сертыфікацыю прадукцыі, прызначаную на экспарт у РФ. Прычына ў тым, што на «Браслаўрыбе» Рассельгаснагляд не правёў планавую інспекцыю. Каб аднавіць пастаўкі ў Расію, прапаноўвалася зрабіць гэта да 1 лютага 2016 года.
Нельга сказаць, што для калектыву, які больш за палову сваёй прадукцыі адгружаў на экспарт, навіна была громам з яснага неба. Кіраўніцтва і інжынерна-тэхнічныя работнікі сочаць за тэндэнцыямі на харчовым рынку, ведаюць, што патрабаванні да якасці пастаянна становяцца больш жорсткімі, і чуйна рэагуюць на ўвядзенне новых норм. Аднак, прызнаюць, не ўсё паспелі зрабіць своечасова. У выніку вымушаны былі зменшыць аб’ёмы выпуску прадукцыі са 180 тон у месяц да 150 т, шукаць новыя крыні- цы павелічэння яе збыту на ўнутраным рынку. А гэта пацягнула за сабой ланцужок іншых страт: павялічыўся сабекошт вырабаў, зменшыліся даходы.
Праўда, як сцвярджае вядучы эканаміст Жанна Навумава, прадпрыемства зможа забяспечыць прырост вырабаў да мінулага года амаль на 19%. Маркетынгавая служба заключыла дагаворы на пастаўку прадукцыі з Белкаапзнешгандлем, «Еўраторгам», з такімі буйнымі сталічнымі гандлёвымі сеткамі, як «БелВіллесдэн» і «Белінтэр-прадукт», «Рублёўскі», развозіць кансервы па 200 больш дробных магазінах краіны. Прычым заяўкі вялікія: «Еўраторг», напрыклад, заказаў тэрмінова адгрузіць амаль 150 тысяч бляшанак «Шпротаў».
Але няма ліхога без добрага. Часовая забарона на ўвоз прадукцыі ў Расію стымулявала калектыў на хуткае завяршэнне работ для акрэдытацыі заводскай лабараторыі, дробных рамонтаў – гэта будзе зроблена, як сцвяр-джае начальнік вытворчай лабараторыі Таццяна Шапялюк, ужо ў гэтым месяцы.
Акрамя таго, спецыялісты перакананы, што інспекцыю яны пройдуць лягчэй, чым давялося аналагічным прадпрыемствам, бо большасць недахопаў, па якіх ім зроблены заўвагі, на заводзе адсутнічае. Тут кожная партыя сыравіны, што паступае на перапрацоўку, правяраецца ў акрэдытаваных лабараторыях Рэспублікі Беларусь на адпаведнасць адзіным патрабаванням Мытнага саюза, на самім прадпрыемстве жорсткі ўваходны і тэхналагічны кантроль за якасцю сыравіны і гатовай прадукцыі.
Як пакупнік скажу, што расійская забарона па-свойму адгукнулася для беларускага спажыўца. На паліцы магазінаў трапілі кансервы, якія ішлі выключна на экспарт. Іх цану назвала б бюджэтнай. Кансервы з ласося, сёмгі прадаюцца па 13-14 тысяч рублёў, ікра траскі — па 16 тыс. Зазначу, што ікра – гэта не штучна сфармаваныя шарыкі з рыбы, а сапраўдная, якую прадпрыемства закупіла ў Нарвегіі. Гэтыя віды прадукцыі айчынны спажывец толькі пачынае асвойваць. А вось браслаўскія шпроты ім ужо прызнаныя. На рэспубліканскім конкурсе кансерваванай прадукцыі «Хрустальны яблык-2015» яны заваявалі Гран-пры. Таму не дзіўна, што гандлёвыя сеткі бяруць іх з ахвотай. На прадпрыемстве з гонарам заўважаюць, што хутка давядзецца адгружаць іх прама з цэха, не завозячы на склад.
Трывалым попытам карыстаюцца таксама кансервы з праснаводнай рыбы і розныя гатункі кількі. Дарэчы, цяпер на заводзе пачынаюць выраб кансерваў «Кілька з фасоллю» і «Кілька з пярлоўкай» — гатовы абед «два ў адным». Першыя пробныя партыі неўзабаве з’явяцца на паліцах магазінаў.
— Працэс мадэрнізацыі вытворчасці, асваенне новай прадукцыі будуць працягвацца і ў наступным годзе,— расказвае Таццяна Шапялюк. – Закончылі абнаўленне хала-дзільнага абсталявання, на чарзе рэканструкцыя ўчастка аўтаклаваў – замена старых вертыкальных на высокатэхналагічныя гарызантальныя з праграмным забеспячэннем працэсу стэрыялізацыі. Абсталяванне на заводзе ёсць, затрымка за «Праектным інстытутам БелДПІ г. Віцебска», які ўжо не раз адкладваў тэрміны вырабу дакументацыі. А вось рэканструкцыя пральні і сталовай пачнецца хутка.
Як і іншыя вытворцы, калектыў «Браслаўрыба» сутыкаецца з цяжкасцямі, якія, каб выжыць, павінен пера-адольваць. Вопыт мінулых гадоў усяляе надзею, што і на гэты раз спецыялісты з імі справяцца.